Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна, у якой хочацца жыць — як у Ручаёўцы амаль 100% жыхароў гавораць і вучацца па-беларуску


Радыё Свабода зьезьдзіла ў Ручаёўку — самую беларускамоўную мясьціну ў Беларусі.

Ручаёўскі сельсавет Лоеўскага раёну на днях выйшаў у топ-навіны. У сельсавеце 669 жыхароў, зь іх 99,4 адсотка размаўляюць дома па-беларуску. Двое карыстаюцца расейскай мовай, і яшчэ двое гавораць на трасянцы.

Тры чыньнікі беларускай мовы

Вёска Ручаёўка, цяпер аграгарадок, — на правабярэжжы Дняпра, паабапал ціхай шашы з Лоева на Брагін. Мясцовыя жыхары назву сваёй вёскі зьвязваюць зь невялікай рэчкай Песачанкай, якую даўней называлі Ручаём. Ад яго нібыта й пайшла назва вёскі. І ня дзіва: побач з Дняпром, да якога рукой падаць, любая рэчка сапраўды выглядае ручайком.

Рэчка Песачанка
Рэчка Песачанка

Паўз ручай і сяліліся продкі цяперашніх ручаёўцаў. Ёсьць сярод іх ня толькі нашчадкі хлебаробаў, але нават і мэталюргаў — тых, хто пры рэчцы ў зьніклым цяпер паселішчы Рудня выплаўляў у домніцах з балотнай руды жалеза, а пасьля вырабляў патрэбныя ў гаспадарцы рэчы — сякеры, замкі, клямкі, сьвярдзёлкі. Іх мясцовая дзятва знаходзіла ў Песачанцы яшчэ нават 40–45 гадоў таму.

«У 2009 годзе, калі праходзіў перапіс насельніцтва, я працавала дырэктарам нашага сельскага дома культуры і таксама ўдзельнічала ў перапісе. Людзі самі называлі беларускую мову сваёй роднай — мы так і запісвалі. І размаўляюць людзі ў нас па-беларуску, — апавядае старшыня Ручаёўскага сельсавету Валянціна Краўчанка. — Канечне, гэта ня чыстая беларуская мова, як у пісьменьнікаў там ці навукоўцаў-філёлягаў, але ж гэта наша родная мова. У мяне й самой, можа, не заўсёды добра атрымліваецца размаўляць па-беларуску, але ж імкнёмся сьвяты вёсак, іншыя масавыя культурныя мерапрыемствы праводзіць менавіта па-беларуску».

Валянціна Краўчанка
Валянціна Краўчанка

Валянціна Віктараўна называе найперш тры чыньнікі, якія спрыяюць таму, каб родная мова не выходзіла з ужытку. Найперш, у школе й дзіцячым садку дзеці навучаюцца па-беларуску. Далей, моўную традыцыю імкнуцца падтрымліваць дом культуры і бібліятэка; сельскі савет, да таго ж, сьвяты вёсак ладзіць таксама па-беларуску. Трэці досыць важны чыньнік — зносіны ў сямʼі.

«У мяне сёлета сын заканчвае адзінаццатую клясу, — кажа Валянціна Краўчанка. — Зьбіраецца паступаць у Гомель ва ўнівэрсытэт. Дык кажа мне: „Мама, буду здаваць тэст па беларускай мове“. Яму зручней і лягчэй па-беларуску і сачыненьне пісаць. Я некалі й сама, калі паступала ў Магілёўскае культасьветвучылішча, таксама здавала экзамэны на роднай мове».

Падворак старшыні сельсавету
Падворак старшыні сельсавету

Валянціна Краўчанка — тутэйшая. Жыве зь сямʼёй у бацькоўскай хаце, дзе й нарадзілася. Трымае, як і большасьць вяскоўцаў, сваю гаспадарку. Падворак у яе чысты, дагледжаны, з мноствам невялікіх клюмбаў, паабкладаных звычайнымі камянямі. «Шпацыруе» па двары і самаробны бусел, расфарбаваны як жывы.

«У нас насупраць сельсавету, — кажа Краўчанка, — жывая бусьлянка на электрычным слупе. Захацелася, каб сымбаль Беларусі быў і на падворку. Ёсьць задума зрабіць у вёсцы музэй побыту ручаёўцаў — пакуль толькі адпаведнай хаты не падабралі».

Адна галавешка ў печы не гарыць

Цэнтрам навучаньня й выхаваньня ў Ручаёўцы была й застаецца мясцовая сярэдняя школа, якая апошнім часам займела дадатак — дзіцячы сад.

Ручаёўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа
Ручаёўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа

Усё пакаленьні ручаёўцаў вучыліся тут па-беларуску. Па ўсіх прадметах — гісторыя ці хімія, біялёгія ці матэматыка.

У мясцовых школьнікаў — перадканікулярны настрой. Першаклясьнікі ўжо зладзілі свой ранішнік «Да пабачэньня, першая кляса!». Дзявяты й адзінаццаты клясы рыхтуюцца да экзамэнаў.

Тацяна Белаш
Тацяна Белаш

Завуч школы, настаўніца беларускай мовы й літаратуры Тацяна Белаш перакананая, што ў дзяцей няма праблемаў з засваеньнем ведаў. Кожны год, запісваючыся на цэнтралізаванае тэставаньне, амаль усе выпускнікі выбіраюць беларускую мову. За невялікім выняткам, па-беларуску аформленая ў навучальнай установе ўся дадатковая інфармацыя.

«Тры гады ў нашай школе, — дадае Тацяна Міхайлаўна,— дзейнічала рэспубліканская інавацыйная пляцоўка „Школа беларускай культуры“.

У гадавыя выхаваўчыя пляны ўключалася багата клясных і пазаклясных выхаваўчых мерапрыемстваў, зьвязаных з адраджэньнем традыцыяў і культуры нашага народу. Ставілася на мэце, каб са школы выходзілі асобы з пачуцьцём гонару за сваю нацыянальную культуру, мову, за свой народ».

Назапашаны досьвед не марнуецца. Намесьніца дырэктара па пытаньнях пазакляснай працы Сьвятлана Анісавец распавядае, што сёлета на заканчэньне навучальнага году вучні сярэдніх і старэйшых клясаў пакажуць у «шосты школьны дзень» забаўляльную праграму «Беларускія вячоркі». Пэдагогі і школьнікі аднавілі старадаўнія абрады «Калядкі», «Гуканьне вясны», «Купальле», «Сваты».

«У малодшых клясах, — кажа Сьвятлана Аляксандраўна, — практыкуем лягчэйшыя рэчы. Напрыклад, такія заняткі: „Жарты ад бабулі й дзядулі“.

Узяць хоць бы такое выслоўе: „Адна галавешка ў печы не гарыць“. Тут і гумар, і кемлівасьць, і павучальныя высновы. Я наагул лічу, што калі школа бярэ і распрацоўвае нейкі напрамак у сваёй пазакляснай дзейнасьці — экалягічны, гістарычны, культуралягічны, турыстычны, — то ўсё гэта па-беларуску павінна рабіцца».

У якой краіне жыць

Пакуль гутарым у настаўніцкай, гучыць званок. У васьміклясьнікаў — клясная гадзіна на даволі цікавую тэму: «Краіна, у якой мне хацелася б жыць».

Клясная гадзіна ў восьмым
Клясная гадзіна ў восьмым

Кляс невялікі — тры дзяўчынкі й тры хлопчыкі. Клясны кіраўнік — настаўнік хіміі й біялёгіі Ўладзімер Абібок. Падзяліўшы прысутных на дзьве групы, Уладзімер Канстанцінавіч дае невялічкія заданьні па сымболіцы дзяржавы, ладзіць інтэрактыўнае апытаньне па гісторыі краіны, пытаецца ў навучэнцаў, што б кожны зь іх зрабіў, калі б стаў прэзыдэнтам.

Прапановаў васьміклясьнікі маюць нямала: зрабіць Беларусь прывабнай для турыстаў, аднаўляць гістарычныя сядзібы пад музэі, ажыўляць гандаль. І амаль у кожным выказваньні: «Павялічыў бы заробкі, пэнсіі, сацыяльныя дапамогі». Цяжэй было з адказамі: а дзе ўзяць на гэта сродкі?

Нарэшце дайшлі да галоўнага: у якой краіне хацелася б жыць? Адзін васьміклясьнік выбраў Нямеччыну, у якой быў, другі — Італію, бо таксама наведваў яе. Дзяўчынка хацела б жыць у Расеі, бо адтуль прыехала яе маці. Астатнія трое васьміклясьнікаў — палова клясу — жадаюць застацца ў Беларусі: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся.

У настаўніка пацікавіўся, ці складана яму выхоўваць і навучаць дзяцей па-беларуску. Усё ж такі хімія й біялёгія — гэта ня клясная гадзіна, не размова на адвольныя тэмы.

«Я хоць і вучыўся ў Лоеўскім каледжы і ў Гомельскім унівэрсытэце на рускай мове, — кажа Ўладзімер Канстанцінавіч, — але мне не складана выкладаць па-беларуску і хімію, і біялёгію. Я ж тутэйшы, вучыўся ў Бывальках у беларускай школе. Праўда, дзеці іншым разам скардзяцца, што на алімпіядах заданьні даюць выключна на рускай мове. Гэта іх, бывае, моцна напружвае».

Фізыка па-беларуску

Каля вытокаў беларускамоўнага навучаньня ў Ручаёўцы стаялі пэдагогі, якія цяпер на заслужаным адпачынку. Сярод іх настаўніцы фізыкі — Лідзія Малахоўская, і гісторыі — Лідзія Прымак.

Лідзія Малахоўская і Лідзія Прымак (справа)
Лідзія Малахоўская і Лідзія Прымак (справа)

Малахоўская родам з Браншчыны. Беларускай мовы, вядома, не вывучала. Настаўнічаць прыехала ў Ручаёўку пасьля сканчэньня фізычнага факультэту Гомельскага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Тут і замуж выйшла. Доўгі час працавала ў школе завучам. Мову засвойвала, пачаўшы сталую пэдагагічную працу.

«Падручнік фізыкі ў дзяцей быў на беларускай мове. Цягам году я па гэтым падручніку й вывучыла беларускую мову. Трэба ж было прыстасоўвацца да дзяцей і да падручніка. Можа, калі й праскоквае ў мяне слова „надо“ замест „трэба“, але я й цяпер беларускай мовы не цураюся, карыстаюся ёю. Калі жывеш у краіне, то мову яе трэба шанаваць, як бацьку ці матку».

Лідзія Прымак, суседка Малахоўскіх па чатырохкватэрным блёчным дамку для вясковых спэцыялістаў, родам з Ручаёўкі. Скончыла ў свой час гістарычны факультэт галоўнай вышэйшай навучальнай установы краіны — Белдзяржунівэрсытэту. Вярнулася ў родную вёску сеяць, як кажуць, добрае, разумнае, вечнае.

«Зь дзяцінства мы сваёй мовай карысталіся — вось яна й перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне. Да таго ж школа заўсёды была зь беларускамоўным навучаньнем. Таму ў тутэйшых жыхароў родная мова — беларуская. Але я не магу сказаць, што беларуская мова — галоўная ў дзяржаве. У нашых суседзяў украінцаў свая мова галоўная, у нас — не. Такая палітыка вядзецца „зьверху“. Сам прэзыдэнт наш карыстаецца расейскай мовай. Гэта ж нікуды ня варта! Калі забудзем сваю мову, то хутка станем нецікавымі і Арганізацыі Абʼяднаных Нацый. Патрэбна пашыраць навучаньне па-беларуску ў школах, садках. Але найперш трэба ўводзіць беларускую мову ў дзяржаўных структурах — яе ж там няма. Усе чыноўнікі размаўляюць на расейскай мове — ад райвыканкаму да самага верху».

На адной вуліцы са школай у Ручаёўцы — і вясковыя дом культуры зь бібліятэкай. Праз свае масавыя мерапрыемствы гэтыя ўстановы таксама далучаюць мясцовае насельніцтва да беларушчыны.

Адсюль звычайна пачынаюцца «Калядкі», «Гуканьне вясны», «Зажынкі», усе іншыя сьвяты ў вёсцы.

Па кніжкі ў бібліятэку
Па кніжкі ў бібліятэку

Мясцовая бібліятэка, апрача выдачы кніг, дбае пра краязнаўства.

«На тэматычных паліцах, — кажа бібліятэкарка Ірына Пінчук, — сабраны летапісы ўсіх дзевяці вёсак сельсавету — ад Абрамаўкі й Ручаёўкі да Карчомкі й Грохава. Падабрана літаратура па гісторыі нашага рэгіёну, ткацтве, сьпеўных традыцыях у Беларусі. Ладзім таксама агляды беларускай паэзіі й прозы. У прыватнасьці, „Слова беларускае — наша нітка жывая“, „Глыбокая плынь“, „Я расінка твая, Беларусь“».

У беларускую мову могуць запрэгчыся толькі беларусы

Ручаёўская дзятва
Ручаёўская дзятва

З кім бы ні завёў гаворку ў Ручаёўцы пра моўную адметнасьць вёскі, амаль кожны лічыў сваім абавязкам сказаць пра блізкіх суседзяў за Дняпром — украінцаў.

«Там сваю мову шануюць лепш за нас, — разважае трактарыст Аляксандар, седзячы на ладным валуне пры гаспадарчай пабудове. — Пасьля перапісу прыежджых людзей ужо дадалося, і ня ўсе прытрымліваюцца роднай мовы. Некаторыя, мусіць, нават саромеюцца. Дый мова ў нас тут больш зьмешаная — трасянка».

Сяргей Лямешчанка
Сяргей Лямешчанка

Падобныя заўвагі робіць і вясковы інжынэр Сяргей Лямешчанка, які імкнецца дабудаваць дом і зрабіць сваю сядзібу максымальна камфортнай.

«Мне б тысяч пяць даляраў, і я б дабудаваў свой дом. Можа, нават экалягічным турызмам заняўся б. Тут у нас такія мясьціны паабапал Песачанкі. Верыш, калі я быў прадпрымальнікам, зарабляў па дзьве тысячы даляраў на месяц. Цяпер я ў саўгасе інжынэр-энэргетык, маю два мільёны восемсот тысяч беларускіх рублёў. У кішэнях, лічы, вецер гуляе, і на душы вольна. А мову, мову па-сапраўднаму шануюць ва Ўкраіне — ад Марыюпаля й Адэсы да бліжэйшых да нас Радуля й Любеча, ад прэзыдэнта і прэмʼера да апошняга клерка ў сельскай адміністрацыі».

Лямешчанка цьвердзіць, што ягоная сямʼя можа цяпер гаварыць на розных мовах — беларускай, ангельскай, расейскай. Тры сястры і два браты Сяргея і сам ён — усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Пётар — дык той наагул доктар эканамічных навук, прафэсар у галоўнай сталічнай ВНУ.

Суразмоўца, пры сваёй тэхнічнай адукацыі, няблага размаўляе па-беларуску. Голас ягоны нізкага тэмбру:

«У Беларусі найперш дзяржаўныя чыноўнікі павінны перайсьці на беларускую мову. Я ж умею размаўляць, і яны, думаю, добра рабіць гэта ўмеюць. Створаная „вэртыкаль“ калі стане беларускамоўнай, то ўсе наўкола падцягнуцца. Гэта заадно згуртуе нацыю. Глядзіш, і эканамічны крызіс паддасца, дзякуючы агульным высілкам. Дзяржава павінна стварыць моду на беларускую мову».

Галіна Кацуба й Кацярына Рагожнік (справа)
Галіна Кацуба й Кацярына Рагожнік (справа)

Яшчэ больш дасьціпна, нават афарыстычна выказваецца вяскоўка Кацярына Рагожнік: «Хто ж запражэцца ў нашу мову, калі ня мы, беларусы?!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG