Ужо некалькі дзён пакупнікі віцебскага «Эўраопту», што на Маскоўскім праспэкце, могуць назіраць незвычайную зьяву. Побач з крамай, на браме невялічкага кірмашыку, вывешаны падраны савецкі сьцяг, піянэрскі барабан і шыльда з надпісам «Настальгія. Музэй гісторыі савецкага мінулага».
Пад шыльдай расстаўленыя і раскладзеныя самыя розныя экспанаты: ліхтары і газавыя лямпы, шклянкі, папругі, ручныя кавамолкі, начыньне і посуд з жалеза, лятуні і медзі... Карацей, рэчы, якія паўвека таму былі ці ня ў кожнай хатняй гаспадарцы і шмат каму яшчэ памятныя.
Памятае часы СССР і гаспадар саматужнага музэю Ўладзімер Дашкевіч. «Пэнсіянэр-калекцыянэр», як ён сам сябе называе, захапіўся гэтай справай некалькі год таму — вырашыў зьбіраць розныя цікавосткі. Пачаў распытваць знаёмых наконт «гістарычных прадметаў», і яму тут жа прынесьлі некалькі дзясяткаў экспанатаў у хатнюю калекцыю. Ня тое каб надта старых, але ўжо, можна сказаць, гістарычных: часоў «разьвітога сацыялізму».
Больш старадаўнія рэчы Ўладзімер Станіслававіч шукае сам: выменьвае ў калегаў-калекцыянэраў або скупляе за сымбалічныя грошы ў тых, хто вырашыў пазбыцца «вясковай старызны» — калаўротаў, маслабоек, самавараў і прасаў, а таксама старых гадзіньнікаў, фотаапаратаў і патэфонаў.
Фотаапараты, збольшага ў непрацоўным стане, займаюць цэлую вялікую скрыню. А вось стары савецкі прайгравальнік працуе яшчэ добра, і спадар Дашкевіч пэрыядычна мяняе на ім кружэлкі з савецкімі песьнямі. Чаму ён назваў сваю вулічную экспазыцыю «Настальгіяй»?
«Сюды прыходзяць выключна панастальгаваць. А не набыць нешта, бо грошай у людзей няма. Засталася толькі настальгія па савецкім мінулым, бо людзям сёньня здаецца, што тады яны маглі купіць усё, што хацелі. Але гэта самападман: не было асабліва з чаго выбіраць. Цяпер усё наадварот: выбар самы шырокі, а купіць няма за што. Бывае, што і самі прапануюць у іх набыць старую швейную машынку і фотаапарат», — кажа Дашкевіч.
Уладзімер Дашкевіч кожны год спрабуе прадаць нешта са сваіх экспанатаў падчас «Славянскага базару». Так робяць амаль усе віцебскія калекцыянэры, разьлічваючы перадусім на гасьцей з Расеі. Аднак сёлета, паводле калекцыянэра, ці то госьці былі не такія заможныя, ці то каньюнктура рынку зьмянілася, але нічога не купілі.
З гэтай прычыны спадар Уладзімер вырашыў паказваць сваю калекцыю задарма. Яна зьмяшчаецца ў прыватным аўце з прычэпам. Разгрузка і загрузка займае па дзьве гадзіны
Але гаспадар «Настальгіі» ўпарты — як ён сам кажа, «савецкага выхаваньня», і нястомна выстаўляе на ўсеагульны агляд «скарбы» савецкай эпохі: бюсты Леніна і Маркса, парцалянавых матроса ў бесказырцы з надпісам «Аўрора» і Мальчыша-Кібальчыша зь біноклем на шыі, значкі, памятныя мэдалі і кружэлкі зь песьнямі пра дасягненьні савецкага ладу.
Прыватны музэй у Полацку: Леніны, Сталіны, Пушкіны і бел-чырвона-белы сьцяг