Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суцін, Каліноўскі і КДБ — якіх музэяў бракуе Беларусі


Музэй "Сэнс жыцьця" у горадзе Полацку.
Музэй "Сэнс жыцьця" у горадзе Полацку.

156 музэяў працуе ў Беларусі. Штогод іх наведвае больш за 6 мільёнаў чалавек. Зусім нядаўна адкрыўся музэй пісанкі (фарбаваных велікодных яек) у Сапоцкіне, музэй марозіва ў Менску. У Міжнародны дзень музэяў, які адзначаецца 18 траўня, Свабода сабрала ідэі для новых музэяў.

Музэі БССР і Заходняй Беларусі

Прыватны музэй Уладзімера Панкрата ў Полацку
Прыватны музэй Уладзімера Панкрата ў Полацку

Паводле інфармацыі Белстату, у Беларусі 43 гістарычныя і 93 комплексныя музэі. Усе краязнаўчыя музэі маюць экспазыцыі пра дасягненьні БССР. Але адзінага месца, дзе былі б прадстаўленыя экспанаты часоў БССР, расказвалася б пра ўзбуйненьне краіны, калектывізацыю, мэліярацыю, стварэньне «зборачнага цэху» СССР і г.д., у Беларусі няма.

Асобныя зборы нагадваюць музэй БССР — напрыклад, прыватная калекцыя Ўладзімера Панкрата з Полацку. Прыватны музэй савецкай эпохі паказвае асабістую гісторыю стваральніка — піянэрскія значкі, вайсковыя вымпелы, бюсты Леніна і Дзяржынскага.

Поруч з музэем БССР лягічна было б адкрыць музэй Заходняй Беларусі. Як і БССР, Заходняя Беларусь звычайна прадстаўленая ў краязнаўчых музэях рэгіёну. Аднак адзінага месца, дзе быў бы асэнсаваны час «пад Польшчай», дагэтуль няма.

У 2014 годзе ў гісторыка-культурным музэі-запаведніку «Заслаўе» падрыхтавалі выставу з прыватнай калекцыі гісторыка Ігара Мельнікава «Заходнебеларуская Атлянтыда. Гісторыя Заходняй Беларусі ў міжваенны час у дакумэнтах, фатаздымках і артэфактах». Але афіцыйна адкрыць яе так і не ўдалося — забаранілі ідэолягі.

Як расказаў Свабодзе гісторык Андрэй Вашкевіч, у канцы 1980-х гадоў у Горадні была ідэя стварыць музэй Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Але зьмянілася ідэалёгія, і ён так і ня быў адкрыты.

«Канечне, музэй Заходняй Беларусі было б цікава зрабіць, — кажа Вашкевіч. — І лепш, каб ён быў ня ў Горадні, бо гэта ня самы паказальны горад Заходняй Беларусі. Ёсьць музэі з такім патэнцыялам. Той жа Маладэчанскі — цяпер ён мае статус Менскага абласнога краязнаўчага».

Можна ствараць музэі і іншых гістарычных рэгіёнаў Беларусі. Некаторыя ўжо існуюць — напрыклад, музэй беларускага Палесься ў Пінску.

Музэй Хаіма Суціна

Галоўнай славутасьцю Сьмілавічаў застаецца мячэт
Галоўнай славутасьцю Сьмілавічаў застаецца мячэт

Мястэчка Сьмілавічы, што за 30 кілямэтраў ад Менску, вядомае ў Беларусі найперш валёнкамі ды татарскай грамадой. Але для ўсяго сьвету Сьмілавічы — гэта месца нараджэньня Хаіма Суціна. Мастак-экспрэсіяніст, ён з 1913 году жыў у Парыжы. Там ён скончыў школу мастацтваў École des Beaux-Arts.

Суцін жыў у квартале Манпарнас. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны тут гуртаваліся мастакі «Парыскай школы»: Пікаса, Шагал, Мадыльяні, Паскін. З усімі імі быў знаёмы Хаім Суцін. Ён распрацаваў уласную тэхніку, удзельнічаў у знакавых выставах «47 з Парнаса» і «Сотня з Парнаса».

Карціны Суціна — адны з найдаражэйшых у сьвеце. Праца «Маленькі кандытар» у 2013 годзе была прададзеная за 18 мільёнаў даляраў, «Камэрдынэр» у 2015-м — за 16,83 мільёна даляраў, «Бычыная туша» ў 2015-м — за 28 мільёнаў даляраў.

За мяжой Хаім Суцін вядомы ня менш за Марка Шагала. Адзінае ўшанаваньне мастака ў родных Сьмілавічах — экспазыцыя ў доме дзіцячай творчасьці, што на вуліцы Рэвалюцыйнай (вуліцы Суціна ў Сьмілавічах няма. — РС). Адкрылі яе ў 2008 годзе пры падтрымцы UNESCO.

У Беларусі сёньня ёсьць толькі тры карціны Суціна: «Вялікія лугі ў Шартры» і «Ева» — у калекцыі Белгазпрамбанку, «Аскубанае кураня» — у невядомага калекцыянэра.

Акрамя музэя Суціна, у мястэчку можна было б адкрыць і музэй Файбіша (Сэма) Царфіна — яшчэ аднаго мастака «Парыскай школы», які таксама нарадзіўся ў Сьмілавічах.

Музэй паўстаньня 1863–1864 гадоў

Ушанаваньне Кастуся Каліноўскага ў Вільні
Ушанаваньне Кастуся Каліноўскага ў Вільні

Паўстаньне на чале з Кастусём Каліноўскім — вызначальная падзея для станаўленьня Беларусі. Стэнды, прысьвечаныя мясцовым паўстанцам, ёсьць шмат у якіх краязнаўчых музэях. Аднак асобнага месца, дзе б расказвалася пра паўстаньне 1863–1864 гадоў і Кастуся Каліноўскага, у Беларусі ня створана.

Доўгі час пра неабходнасьць такога музэю цьвердзіў культурна-асьветніцкі клюб «Спадчына», які стварыў Анатоль Белы са Старых Дарог. У 2011 годзе, за два гады да 150-й гадавіны паўстаньня, «Спадчына» выступіла з ідэяй ушанаваць памяць пра паўстаньне і Кастуся Каліноўскага. Сябры клюбу прапаноўвалі адкрыць музэй паўстаньня ў Менску ці ў роднай вёсцы Каліноўскага — Плябані, што на Маладэчаншчыне. А ў мястэчку Сьвіслач — музэй самога Кастуся Каліноўскага.

Аднак пасьля сьмерці Анатоля Белага ў 2012 годзе клюб «Спадчына» прыпыніў сваю дзейнасьць і музэем Каліноўскага ўжо не займаецца.

«На вялікі жаль, як адышоў у іншы сьвет Анатоль Яфімавіч, так і не было такіх прапаноў ужо», — сказала Свабодзе Ала Мікалаеўна, удава Анатоля Белага.

Музэй рэпрэсій

У Курапатах ужо шмат гадоў ствараецца народны мэмарыял
У Курапатах ужо шмат гадоў ствараецца народны мэмарыял

Музэі рэпрэсій савецкіх часоў створаныя ў шмат якіх постсавецкіх краінах. Самы першы адкрыўся ў 1992 годзе ў Літве. У цэнтры Вільні, у будынку, які займалі НКВД, гестапа і КДБ, працуе Музэй ахвяраў генацыду. У народзе ён мае назву «музэй КДБ».

Экспазыцыя музэю расказвае пра рэпрэсіі першых гадоў савецкай улады, партызанскую барацьбу літоўцаў у 1944–1953 гадах, жыцьцё літоўцаў у ГУЛАГу, пра літоўскіх дысыдэнтаў.

У 2014 годзе ў Рызе, у так званым «кутнім доме», таксама адкрылі музэй КДБ. З 1940 па 1991 год тут разьмяшчаўся латвійскі НКВД, а потым КДБ. Да пачатку 2000-х будынак займала Дзяржаўная паліцыя Латвіі.

У Таліне працуе музэй «Гатэль „Віру“ і КДБ» — у месцы, дзе стаяла апаратура для праслухоўваньня замежных турыстаў. У Бэрліне ўжо даўно працуе музэй Штазі. Падобны музэй можа быць адкрыты і ў Беларусі.

Прозьвішчы забітых, высечаныя на сьцяне былога будынка КДБ у Вільні
Прозьвішчы забітых, высечаныя на сьцяне былога будынка КДБ у Вільні

27 красавіка 2017 году падвялі вынікі першага этапу конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял». Сярод іншага ёсьць ідэя стварыць каля Курапатаў Цэнтар беларускай нацыянальнай памяці. Гэта ідэя Юліі Сабалеўскай і Рафала Ёзьвяка з Лодзі.

«Палякі прапануюць насупраць прасекі ўзьвесьці Цэнтар беларускай нацыянальнай памяці, — казаў Свабодзе старшыня аргкамітэту конкурсу Марат Гаравы. — Гэта даволі вялікі бэтонны будынак, які адкрываецца на Курапаты. На падземным паверсе, на глыбіні два з паловай мэтры (на ўзроўні магіл) разьмесьціцца музэй, на другім, наземным паверсе — капліца, на трэцім паверсе будзе аглядная пляцоўка».

У Беларусі няма ніводнага музэю сусьветнага ўзроўню

Большасьць мастацкіх музэяў Беларусі не адпавядаюць міжнародным стандартам. Як кажа Свабодзе Натальля Сяліцкая, намесьніца гендырэктара па навуковай працы ў Нацыянальным мастацкім музэі, беларускім музэям моцна бракуе сучаснага абсталяваньня.

«Ніводзін музэй да канца не адпавядае міжнародным стандартам, — кажа Натальля Сяліцкая. — Нават Нацыянальны мастацкі, нягледзячы на спэцыялізаваныя памяшканьні для фондасховішчаў, залі пастаяннай экспазыцыі з клімат-кантролем і г.д., не дацягвае да міжнароднага ўзроўню. Таксама ніводзін з музэяў не абсталяваны так, каб яго мог наведаць чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі».

Толькі некалькі музэяў маюць выставачныя залі і адмысловыя сховішчы з клімат-кантролем. Гэта яшчэ адна з прычын, чаму так цяжка прывезьці буйную міжнародную выставу з-за мяжы. Замежныя музэі выстаўляюць для паказу сваіх экспанатаў высокія патрабаваньні.

Натальля Сяліцкая
Натальля Сяліцкая

Сярод 156 музэяў Беларусі толькі 14 мастацтвазнаўчых. Большасьць іх у Менску. На Гарадзеншчыне і Берасьцейшчыне ўвогуле няма ніводнага буйнога мастацкага музэю.

Таму важна разьвіваць і адкрываць мясцовыя музэі, лічыць Натальля Сяліцкая. Ідэя з арт-цэнтрам Хаіма Суціна ў Сьмілавічах — адзін з магчымых варыянтаў.

«Такія музэі, як арт-цэнтар Суціна, маглі б быць яскравымі пунктамі для наведваньня турыстамі. Усё гэта спрыяла б стварэньню добрага іміджу нашай культуры і нашай краіны на міжнароднай прасторы».

У сьмілавіцкай дзіцячай школе мастацтваў адкрытая экспазыцыя, прысьвечаная Суціну. Сяліцкая лічыць, што гэта магло б быць пачаткам паўнавартаснага арт-цэнтру.

«Гэта вядомы, на мой погляд — геніяльны мастак з сусьветным імем. Але для арт-цэнтру патрэбныя арыгіналы прац. Каб як мінімум адна-дзьве карціны знаходзіліся на яго радзіме. А гэтае пытаньне будзе вырашацца не адзін год. Творы мастака каштуюць вельмі шмат, увогуле на арт-рынку іх нямнога».

Што можа зьявіцца бліжэйшым часам — дык гэта музэй з працамі Мая Данцыга. Народны мастак Беларусі пайшоў з жыцьця 26 сакавіка 2017 году. Ён шмат выстаўляўся і быў добра вядомы за мяжой.

«У нас павінен быць музэй імя Мая Данцыга — карэннага менчука, які прысьвяціў тэме роднага гораду дзясяткі шыкоўных палотнаў, — кажа Натальля Сяліцкая. — Ведаю, што цяпер вырашаецца пытаньне, каб стварыць такі музэй у самым цэнтры Менску, недалёка ад месца, дзе ён нарадзіўся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG