Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 50-годзьдзе Сержука Вітушкі зноў сабралася «Талака»


У вёсцы Рагава Менскага раёну адбылася акцыя памяці лідэра моладзевага нефармальнага аб’яднаньня «Талака» Сержука Вітушкі. Ён памёр 3 ліпеня 2012 году і быў пахаваны ў вёсцы Рагава — на малой радзіме сваіх бацькоў, побач з бацькам, Уладзімерам Вітушкам. 10 сакавіка Сержуку Вітушку споўнілася б 50 гадоў.

У дзень 50-гадовага юбілею каля магілы свайго лідэра Сержука Вітушкі сабраліся былыя талакоўцы: студэнты беларускіх ВНУ часоў легендарнай «Талакі», а цяпер — навукоўцы, выкладчыкі, грамадзкія актывісты. Паводле талакоўскай традыцыі прыбралі магілу, усклалі бел-чырвона-белыя кветкі.

Былыя талакоўцы ўзгадвалі Сержука Вітушку як агульнага ўлюбёнца, безумоўнага лідэра, сумленнага і адукаванага чалавека, шчырага сябра і патрыёта сваёй Бацькаўшчыны. Год таму на Дзяды яны ўсталявалі на магіле свайго паплечніка трохмэтровы крыж, аздоблены аўтэнтычным беларускім арнамэнтам, які сымбалізуе замкнёнае кола жыцьця чалавека — ад пачатку жыцьця зямнога да пачатку жыцьця вечнага. Уласнымі рукамі крыж аздобіў былы талаковец, скульптар Гэнік Лойка. На магільным камені побач зь імем — «Пагоня».

Прысутная на памятнай імпрэзе маці Сержука Вітушкі Тамара Пятроўна, узгадваючы пра сына, казала:

«Я і тады разумела, што ён рабіў справу добрую, хоць мне здавалася, што ён звычайны хлопец. А мне прыходзілі паштоўкі, лісты і тэлефанаваньні, што, маўляў, каб хоць паглядзець на тую маці, якая такога сына выгадавала. А я звычайная маці, я толькі падтрымлівала яго і жыла ягонай „Талакой“».

Тагачасны «талаковец», сьвятар уніяцкай царквы айцец Андрэй Абламейка правёў памінальную малітву. Прамаўляючы словы на ўспамін, ён, у прыватнасьці адзначыў:

«Мы сабраліся сумнымі, бо прыйшлі на магілу да сябра. А пасьля пачалі ўзгадваць і ўзьвесяляцца... Сяржук быў жыцьцёвы: ён быў хворы, часамі слабы, але ён перамагаў сваю хваробу і слабасьць. Таму няхай ягоны дзень народзінаў стане для нас сьвятам жыцьця. Дзякуем маме за яе сына і дзякуем Госпаду».

На хвалу і памяць свайго сябра былыя талакоўцы прасьпявалі «Хрыстос паўстаў зь мёртвых», а таксама сьпевы, якія разам зь Сержуком Вітушкам выконвалі ў часы «Талакі».

На 50-годзьдзе Сержука Вітушкі ізноў сабралася «Талака»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:12 0:00

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG