На першым курсе інстытуту, мяне, як адзіную мінчанку ў групе, прызначылі адказнай за культурную асьвету аднакурсьнікаў. У канцы верасьня я замовіла экскурсію ў музэй Янкі Купалы. Экскурсію вяла Ларыса Вітушка. З усёй групы я адна задавала пытаньні, можа таму пасьля экскурсіі Ларыса затрымалася і мы разгаварыліся. Яна запрасіла мяне на беларускую вечарыну. Там я пазнаёмілася зь Сержуком Вітушкам. Яшчэ празь дзень мы зноў сустрэліся на дні народзінаў ва Ўладзі Берберава. Вось так за тры дні мяне закруціла вельмі блізкая і цікавая для мяне грамада.
Акурат нарадзілася Талака, кіраўніком якой стаў Сяржук Вітушка. Сяржук прыцягваў да сябе, як магніт. На працягу паўгода Талака ператварылася ў арганізацыю зь філіяламі, талокамі, вандроўкамі, літаратурнымі вечарынамі, танцамі, сьпеўкамі, тэатрам, батлейкай. І сэрцам усяго быў Сяржук.
Зразумела, нічога выпадковага ў жыцьці не бывае. Яшчэ ў 10-й клясе я вырашыла паступаць у пэдінстытут, бо там быў народны тэатар «Жывое слова», заснавальнік і кіраўнік якога – Андрэй Андрэевіч Каляда (гэта яго дачка Натальля Каляда кіруе цяпер «Вольным Тэатрам»). Мая мама тады пасьмяялася: «Ты паступаеш у «Жывое слова», а не ў ВНУ». І толькі мяне прынялі ў тэатар, паралельна зьявілася Талака. Некалькі год я жыла двума асяродкамі свабоды, розуму, інтэлігентных унікальных людзей.
Наш дом заўсёды быў адкрыты для маіх сяброў. Мая мама з прыхільнасьцю ўсіх сустракала. Але адразу запомніла і палюбіла Сержука. А рэакцыя таты была такая: «КДБ вечнае. Ты разумееш, што яно вас дастане і сапсуе ваш лёс?».
Кватэра Вітушак увогуле была штабам. Там мы сьвяткавалі Каляды, Новы Год, там адбываліся паседжаньні Рады Талакі. Тэлефон Вітушак, відаць, ведалі на памяць усе талакоўцы. Сержукова маці Тамара Пятроўна – ветлівая, заўсёды з усьмешкай, апекавалася ўсімі, адказвала на пытаньні па тэлефоне. А сястра Сержука Ларыса была яго анёлам-ахоўнікам. Ён у запале мог забываць пра сябе, сваё здароўе, а Ларыса заўсёды незаўважна была побач.
Мы сьвяткавалі разам Новы Год у ягонай кватэры. Мне не было яшчэ 18-ці, а бацькі адразу адпусьцілі мяне, калі я сказала, што іду з Талакой да Сержука. Бачылі яго толькі некалькі разоў, а цалкам давяралі. Сяржук – ядро любой сустрэчы. Ён засьпявае, зварыць крупнік, прачытае верш, падорыць саламяную зорачку, навучыць усіх, як такія рабіць…
На сходах Талакі, на мітынгах сотні, тысячы людзей глядзяць на яго, слухаюць яго, вераць яму.
Аднойчы я запрасіла Сержука на «палітзаняткі» ў сваю студэнцкую групу. Ён паказваў слайды, распавядаў пра помнікі архітэктуры, іх зьнішчэньне. Цяжка сказаць, ці слухалі яго дзяўчаты ці любаваліся ім самім. Для вясковых дзяўчат тэмы аховы помнікаў і роднай мовы – далёкія. Куратар нашай групы падчас сустрэчы сядзела белая, панічна баялася ўзьнятай тэмы. А мне было сорамна за такую халодную аўдыторыю. Сяржук мяне супакоіў: «Зерне кінутае ў глебу можа калі-небудзь прарасьце. Яны абавязкова запомняць гэтую сустрэчу».
П’есу «Маці Ўрагану» паводле Ўладзімера Караткевіча паставіў тэатар, у якім акторам быў Сяржук. Ён граў галоўную ролю Васіля Ветра. Адначасова «Маці Ўрагану» паставіў тэатар «Жывое слова». Я ў спэктаклі грала маленькую дзяўчынку, якая чытала вершы Караткевіча паралельна з асноўным дзеяньнем. Сяржук пасьля паказу спэктакля «Жывым словам» у Доме літаратара сказаў, што драматызм і адчуваньне безвыходнасьці зьніклі са спэктаклю дзякуючы вершам Караткевіча, дзякуючы дзяўчынцы. Ён заўсёды ўсіх і за ўсё хваліў. Я ня памятаю, каб ён выказаў хоць каму-небудзь хоць адну заўвагу.
Толькі аднойчы я пачула нотку пэсымізму з вуснаў Сержука. Гэта было ў Вільні на Каляды 2012. На маё пытаньне, дзе мы памыліліся, чаму мы не стварылі тую Беларусь, пра якую марылі, Сяржук адказаў: «А мы стварылі. Проста мы позна зразумелі, што Беларусь можа стаць прафэсіяй. Мы адвучыліся ў ВНУ і пайшлі працаваць па сваіх спэцыяльнасьцях, часова разышліся. А трэба было ўсё браць у свае рукі. У той час гэта было рэальна». Сапраўды, трэба было ствараць партыю «Талака». За Сержука мы б галовы паклалі. За яго вялікая колькасьць людзей аддалі б свае галасы.