Ягонай постаці больш пасуюць нестандартныя: Купаліш – князь, які вядзе рэй на Купальлі, казачнік Бай «у чырвоным каптане», Ярыла – сонечны вершнік.
Стандартныя выглядаюць так: гісторык, пэдагог, літаратар, тэатральны і грамадзкі дзяяч, лідэр знакамітай менскай «Талакі»... Але ў кожным спалучэньні пералік будзе няпоўны.
Шэраг гістарычных постацяў, побач зь якімі я ўяўляю сабе Сержука Вітушку, пачынаецца імем Францішка Скарыны. Герой, які выявіўся ў мірнай, ніякім бокам не мілітарнай справе. Пазытыўны, няўрымсьлівы, авантурны, здольны ставіць і вырашаць нерэальныя, на першы погляд, задачы, прадуктыўны, усімі любімы…
Звычайна людзьмі Адраджэньня ці Эпохі Адраджэньня называюць унівэрсальных умельцаў, якія ў розных галінах дзейнасьці вызваляюць жывы чалавечы дух і натуру, уздымаюць чалавека па-над догмай і інстытуцыяй. У найноўшай беларускай гісторыі, якую мы таксама называем Адраджэньнем, такім чалавекам і быў Сяржук Вітушка (1965–2012).
У тую менскую «Талаку» сотні маладых людзей прыходзілі часьцяком «на яго». Многія захапляліся, як ён водзіць купальскі карагод і як праводзіць сход на Пляцы Волі за ўратаваньне старога Менску ці антыкамуністычны мітынг у Курапатах. Афіцыйная прэса называла яго «пеной на волне перестройки», а ён адраджаў старажытную батлейку і пісаў вясёлыя вершы пра каханьне, змаганьне і верашчаку. Пільныя чэкісты адсочвалі яго ў Менску, а ён апынаўся ў Вільні, дзе аднавіў дзейнасьць славутага беларускага музэя і адразу стаў любімым настаўнікам для дзяцей беларускай школы. Безьліч ідэяў, прыдумак і мараў Чалавека Адраджэньня – усё гэта адразу захоплівала ягоную аўдыторыю добрай энэргіяй і прыцягвала да яго вялікае мноства людзей.
Ужо цалкам сьляпы Сяржук працягваў працаваць на кампутары, «пад яго» стваралі адмысловыя праграмы, ён вадзіў па Вільні знакамітыя «сьляпыя экскурсіі» – для відушчых і невідушчых, ініцыяваў перавод беларускіх тэкстаў на шрыфт Брайля...
Вітушка для Беларусі – глябальная постаць, якой выпала жыць і дзейнічаць у «безасабовыя» для краіны і нацыі часы. Тым ня менш, справы яго дзейсьняцца, ідэі жывуць, як і ягоная навука, якой ён дзяліўся з маладымі гісторыкамі, што ўвесь час наведвалі яго і ў Вільні і ў Менску. Па ягоных кніжках беларускія дзеці будуць чытаць ягоныя аўтарскія казкі, а таксама развучваць п’есы-батлейкі.
Сёньня ў сеціве можна знайсьці шмат матэрыялаў пра Сержука Вітушку. Ёсьць ягоныя ўспаміны, ёсьць дакумэнтальны фільм пра яго самога.
На гэтым тыдні мы раскажам толькі пра адну сфэру дзейнасьці Чалавека Адраджэньня – пра менскую «Талаку», якой сёлета ўвосені споўніцца 30 гадоў. І зробім гэта з дапамогай саміх талакоўцаў.
Мы запрашаем усіх талакоўцаў, да каго не ўдалося датэлефанавацца ці дапісацца, а таксама ўсіх, хто ведаў Сержука, узяць удзел у гэтым невялікім маратоне, які мы прысьвячаем памяці найбольш яскравага Чалавека Адраджэньня нашага часу.
У пятніцу яму было б толькі 50.