Атрымалася так, што для мяне той талакоўскі час неяк адгароджаны ўспамінамі пра 2011–2012 гады, калі ўдалося пабыць побач зь Сержуком, дапамагчы яму – запісаць ды ўпарадкаваць усё тое, што ён прыдумаў (на сёньня амаль усё Сержукова, што я запісала тады, ужо надрукаванае – казкі ў кніжцы, вершы ў альманаху «Беларус» за 2013 і 2014 гады, засталіся толькі тэксты песень). Гэтыя нядаўнія часы яшчэ сьвежыя ў памяці. І перад вачыма – сталы Сяржук.
А эпізоды талакоўскія? Што вылучыць? Гэта быў кавалак жыцьця, які зьмясьціў у сабе і раскопкі з Зайкоўскім і Пазьняком, і зімовыя вандроўкі на лыжах у Плябань, у Вязынку, а таксама да Веры Андрэеўны Ніжанкоўскай у Радашкавічы. І ў Вільню ж езьдзілі да Зоські Верас… А Купальле, Гуканьне вясны, калядаваньні? А падрыхтоўка спэктакля «Маці Ўрагану» з Галінай Прымай (Сяржук Васіля Ветра выконваў). Вечарыны ладзілі – прысьвечаныя Караткевічу, Ларысе Геніюш. У Музэй драўлянага дойлідзтва на талокі колькі разоў езьдзілі… А воднае ралі па Дзьвіне…
Зьбіраліся па два, а то і па тры разы на тыдзень на пасяджэньні клюбу, на лекцыі (выступалі Лія Салавей, Яўген Сахута, Яўген Кулік і іншыя). Экскурсіі былі (Зянон Пазьняк па Менску вадзіў, самі ў Мір, Нясьвіж езьдзілі). На сьпеўкі да Ларысы Сімаковіч хадзілі, на канцэрты. Былі маладыя, усё было цікава, усё хацелася пасьпець.
І за ўсім гэтым – Сяржук, які заўсёды быў наперадзе і заўсёды ведаў, што і як трэба рабіць.