Як бы я расказаў цяперашняй моладзі пра Талаку?
Залежыць ад акалічнасьцяў. І чаму толькі моладзі? Адна справа распавядаць удзельнікам праекту «Мова нанова» пра агмень супраціву, пра гістарычную памяць і захаваньне помнікаў, пра экалёгію Дзьвіны і Прыпяці, пра камуністычныя жудасьці Курапатаў, пра шляхі незалежнасьці, эўрапейскі выбар, адказнасьць асобы і кожнага пакаленьня. Там гэта ўсё будзе асэнсаванае і ўспрынятае. Але ў мяне даўно не было такой аўдыторыі.
Зусім іншая справа, калі нанятыя пракласьці трубу пад зямлёй людзі (маладыя, дарэчы) табе раптам задаюць сакральнае пытаньне: а чаму вы, «хазяін», па-беларуску гаворыце? Да апошняга часу кожны раз гэтае пытаньне ставіла мяне ў тупік. І вось нарэшце Майдан вынайшаў формулу – з усьмешкай кажу: «бандэравец», махровы і беларускі. Тады яны гавораць: не, так ня пойдзе, за поўных дурняў нас ня трэба трымаць, рукамі працаваць, бачым, самі ўмееце, ды мы ўсё разумеем па-беларуску, але нашто? Добра, кажу, бандэравец – жарт, талаковец, талакоўцы дакладна былі, ёсьць і будуць. У адказ: штосьці такое чулі пра нефармалаў. Тут дзіўна, няўжо насамрэч Талака так грымела, што нават праз трыццаць гадоў памятаюць нефармалаў? Далей на выбар можна распавесьці або пра паход бандэраўцаў па Прыпяці на чале з атаманам Бульбам, чаму расейцы і завуць нас «бульбяшамі», або праўду – пра Талаку і талакоўцаў.
А пра Талаку, каб было зразумела, без Майдану не патлумачыш. Гэта была не адна Талака ў Менску, а цэлы рух па ўсёй Беларусі: супольныя акцыі, вальныя соймы, канфэдэрацыя беларускіх моладзевых суполак – яны аб'ядноўвалі тысячы актыўнай таленавітай моладзі, рабілася мноства агульных пазытыўных справаў. Камсамол раўнаваў (лепшыя), а КПБ ненавідзела. Нават Купальле разагналі аднойчы. Дзікунства. Такія самыя моладзевыя суполкі паўсталі тады ва Ўкраіне, Латвіі і Літве; Талака сябравала з «Таварыствам Лева» (Львоў), латышамі і літоўцамі. Падобныя суполкі ў Літве і Латвіі зрабіліся «сацыяльным ліфтам» у іх адноўленых дзяржавах, а ва Ўкраіне выбухнулі 1-м і 2-м Майданамі. Спадзяюся, 2-гі Майдан будзе пераможны.
Талака, як шырокі моладзевы беларускі рух, – гэта 30-гадовай даўніны беларускі Майдан, які ён тады мог быць, які ён быў і які тады здабыў перамогу – незалежнасьць 1991 году. Перакананы, не было б моладзевага руху, не было б Незалежнасьці. Посьпех – вось важнейшае слова пра Талаку, і не таму што Сяржук Вітушка ці хтосьці іншы трымалі ўдачу «за бараду», але папросту ўсе былі як браты, асабістае адкладалі на потым, баяліся і не баяліся, былі маладыя. Як кажуць, каб ведаў, якія цяжкасьці напаткаеш, ніколі б ня браўся за справу, але каб усе людзі так думалі, нічога б на сьвеце і не было. А вось цікава, колькі з талакоўцаў-канфэдэратаў маюць званьні кандыдатаў і дактароў навук? А колькі яшчэ кінулі навуку, бо рэвалюцыя закружыла? Сяржук мне тады сказаў: ня трэба было разыходзіцца, яшчэ нічога ня вырашана. Прарок.
Шчыра, першага знаёмства зь Сержуком ня памятаю. Мне здаецца, ён быў заўсёды. Памятаю парэшткі Майстроўні, якую цяжка было сабраць. Былі такія відавочныя правалы: вечарына памяці Караткевіча ў ЖЭСе на Някрасава, канцэрт «Мроі» ў ПТВ у Зялёным Лузе – са сьвістам… А тады зьявіўся Сяржук. Ці раней? Яго як Бог паслаў. Першая пасьпяховая акцыя на чале зь Віктарам Івашкевічам i Cержуковым удзелам – збор подпісаў за беларускую школу ў даўжэзным доме на Сталетава. Так, потым міліцыя рабіла затрыманьні і разборы – марна, агмень ужо загарэўся.
Сяржук быў «павей, вецер». У аматарскім спэктаклі «Маці Ўрагану» ён граў ролю Васіля Ветра. І тут я згадваю прыхаваныя ампулы з інсулінам у талакоўскім намёце, шпрыц ў руках спалоханага Сержука, і ўпершыню боль на твары, а ня ўсьмешку. А вакол – дзяўчаты карагоды водзяць. Мне ён тады сказаў: пражыву яшчэ 10, можа 15 гадоў. Цяжка нават уявіць сабе, як жыць з такой думкай, калі вакол цябе дзяўчаты карагоды водзяць, а ў гэтым ягоным намёце на 30 асобаў заводзяцца ўсе талакоўскія каханьні.
Добра памятаю таксама зборку Талакі. Мы з Івашкевічам пасьля паседжаньня арганізацыйнага камітэту БНФ, дзе шэсьце на Курапаты «завалілі», пайшлі, каб душу адпусьціла, на Талаку. Гэта тады было на станцыі мэтро «Інстытут Культуры», зараз там Тэатар эстрады. Мы не змаглі патрапіць, заля была бітком, а праз расчыненыя вокны спрабавалі залезьці новыя людзі. Сяржук там стаяў на чале і рабіў абвестку, што шэсьце ў Курапаты будзе. І што б там бы ні было! Душу адпусьціла. Мне Вітушка потым сказаў: ня трэба было ім аддаваць, а трэба было самім.
Якія эпізоды з часоў Талакі найбольш яркія ў маёй памяці?
Дзьвінскае ралі, Прыпяцкая вандроўка. Найбольш уразілі сьляпыя экскурсіі Сержука па Вільні. Сьляпы павадыр, які бачыць і ведае лепш, чым відушчыя. Самыя сьвежыя ў памяці – веснавая талака на могілках у Рагаве, каб упарадкаваць Сержукова пахаваньне, і восеньскае ўсталяваньне Крыжа, павязваньне ручніка на Дзяды'2014.
Ня йдзе з галавы апошняя сустрэча зь Сержуком у Вільні Ён сядзеў у інвалідзкім вазочку, без нагі, цалкам сівы, зь невідушчымі вачыма. Хвароба зжэрла цела. Але дух зжэрці хвароба не змагла. Ён дыктаваў тады сваю новую кнігу пра тэатар «на пальчыках», новыя песьні. Мы тады яшчэ дамовіліся адсьвяткаваць Купальле ў «дубах». Гэта такі ставочак каля яго родных Кісялёў.
Ёсьць такі запісны цыркавы нумар: выходзіць на арэну чалавек з трубой, злодзей адбірае трубу, чалавек тады дастае гармонік. Адбіраюць гармонік. Тады ён дастае дудку. Адбіраюць дудку. Тады ён дастае сьвісток. Адбіраюць сьвісток. Тады ён пальчыкамі па вуснах: брум-брум-брум. Вось такая Сержукова кніжка пра ягоны тэатар.
Вельмі рады што на Дзяды'2014 Сержуку быў пастаўлены помнік. Гэта крыж, які ставіцца пакутнікам, асьветнікам, сьвятым. Высокі 3-мэтровы крыж зроблены з сухастоіны дуба, які стаў пабач зь Вітушкавым пляцам. Дзякуй усім, хто браў у гэтым ўдзел: Ігару Засімовічу, Юрасю Камандзірчыку, Гэніку Лойку, Міхалу Анемпадыставу, Ганьне Барвенавай, Алесю Гуркову, Аляксею Галічу, Вінцуку Вячорку, Ільлю Арыставу і ды ўсім іншым.