Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільля Арыстаў: Талака – тусоўка, у якой заахвочвалі размаўляць па-беларуску, ведаць беларускае, любіць беларускае


Талака ў Мірскім замку, 1987
Талака ў Мірскім замку, 1987

Пра Сержука Вітушку і Талаку распавядае Ільля Арыстаў, у тыя часы малады спэцыяліст, сёньня працуе на заводзе:

Ільля Арыстаў
Ільля Арыстаў

Сярод савецкай будзённасьці Талака была чымсьці новым, сьвежым і вельмі добрым. Гэта было нешта беларускае, да чаго моцна цягнула.

Я далучыўся да Талакі ў 1988 годзе падчас раскопак ратушы ў верхнім горадзе. Там працавала моладзь, школьнікі старэйшых клясаў, студэнты, самым старэйшым удзельнікам было максымум 30 гадоў. Мяне ўразіла, што яны папрацуюць-папрацуюць, а пасьля – раз, імправізаваны канцэрт зладзяць. Барды ў іх сьпявалі. Было вельмі весела. Кажучы сучаснай моладзі пра Талаку, я б ужыў слова «тусоўка». Тусоўка, у якой заахвочвалі размаўляць па-беларуску, любіць беларускае, ведаць беларускае. Уражвала лёгкасьць і зацікаўленасьць, зь якой мы супольна нешта рабілі. Напрыклад, мы езьдзілі ў розныя гарады, ладзілі талокі, расчышчалі старыя будынкі. Мы працавалі бясплатна, рабілі самую брудную частку працы – у асноўным цягалі друз на насілках. Але весела было.

Зь Сержуком я пазнаёміўся акурат на тых раскопах, падчас якіх далучыўся да Талакі, калі працавалі ў Верхнім горадзе, на месцы ратушы. Пасябравалі мы зь ім ужо пазьней, у 1989 годзе, калі разам езьдзілі па гарадах. Пасьля сустракаліся падчас палітычных акцый пачатку 90-х гадоў, бывалі на паседжаньнях разам. А калі Сяржук зьехаў у Вільню, то не было вялікіх магчымасьцяў сустракацца, хоць і вельмі хацелася рабіць гэта часта. Добра, што ён часта прыяжджаў у Менск. Мне вельмі запомнілася Купальле ў Драздах у 2005 годзе, якое арганізавалі з удзелам колішніх талакоўцаў, сярод якіх быў і Сяржук Вітушка.

Найболей запомнілася ўсё, што тычыцца археалягічных раскопак. Чаму? Возьмем, напрыклад, Мірскі замак. У часы Талакі не было ніякіх экскурсій, нічога нельга было даведацца пра яго. А будучы ў археалягічнай групе, мы кожную вежачку аблазілі, усе падвалы прайшлі. І дужа падабалася мне сваёй працай спрычыняцца да таго, каб нейкі кавалачак мінуўшчыны захаваўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG