У інтэрвію расейскаму РБК Генэральны сакратар АБСЭ Томас Грэмінгер заявіў, што выкананьне менскіх пагадненьняў наконт урэгуляваньня крызісу на Данбасе «ў стане палітычнага тупіку».
Вырашыць сытуацыю, лічыць Грэмінгер, магло б увядзеньне міратворцаў ААН, але Ўкраіна і Расея па-рознаму бачаць магчымую місію: Расея за міратворцаў на лініі разьмежаваньня і дзеля абароны назіральнікаў АБСЭ, Украіна — за міратворцаў на ўсёй тэрыторыі пад кантролем самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», у тым ліку на расейска-ўкраінскай мяжы і толькі пасьля вываду расейскіх вайскоўцаў. АБСЭ жа выступае за тое, каб місія ААН зводзілася да выкананьня менскіх пагадненьняў.
«На дадзены момант ёсьць розныя прапановы наконт міратворчай місіі ААН: разглядаецца расейская ініцыятыва, што была прапанаваная афіцыйна, і ёсьць таксама прапанова з боку Украіны. Але паміж імі вялікая прорва, — канстатаваў Грэмінгер. — Магчыма, спатрэбіцца некаторы час, каб паменшыць гэтую розніцу. І толькі ў тым выпадку, калі можна будзе паменшыць прорву паміж імі, можна будзе пачаць перамовы ў Радзе Бясьпекі ААН аб мандаце такой апэрацыі. Але мы даволі далёкія ад гэтага».
Афіцыйны Менск прапаноўваў далучыць да міратворчай місіі на Данбасе беларускіх вайскоўцаў, але ва Ўкраіне назвалі такую прапанову заўчаснай — пакуль няма пэўнасьці па тым, якой будзе (і ці будзе наогул) міратворчая місія ААН.
Грэмінгер таксама адзначыў, што крызіс на Данбасе зьнізіў давер між гульцамі ў рэгіёне АБСЭ і нашкодзіў пэрспэктывам прагрэсу па шырокім коле пытаньняў.
«Менскі пратакол» быў падпісаны 5 верасьня 2014 году, паводле яго прадугледжвалася спыненьне агню на Данбасе і мірнае ўрэгуляваньне канфлікту, міжнародны маніторынг на расейска-ўкраінскай мяжы, вызваленьне закладнікаў і іншыя меры. У Менску дагэтуль рэгулярна праходзяць сустрэчы кантактнай групы па данбаскім канфлікце. Маштабных баёў на Данбасе цяпер не адбываецца, але лякальныя сутыкненьні здараюцца хіба не штодзень.
Ці магчымы «Менск-3» — новае пагадненьне пра Данбас?
Тым часам украінскі бок адзначаў, што Беларусі «бракуе нэўтральнасьці» ва ўкраінскім канфлікце, бо ў ААН падтрымлівае расейскі бок і галасуе супраць рэзалюцыяў, што пярэчаць інтарэсам Расеі. МЗС Беларусі тлумачыў, што «пазыцыя Беларусі ў дачыненьні Ўкраіны не памянялася ні на ёту» (дагэтуль так і не сказаўшы, чый Крым). У мінулым годзе некаторыя экспэрты казалі, што праз прарасейскую пазыцыю ў ААН Беларусь можа страціць статус перамоўнай пляцоўкі ў расейска-ўкраінскім канфлікце, але перамовы па Данбасе ў Менску працягваюцца дагэтуль.
Учора беларускі КДБ заявіў таксама пра выкрыцьцё «сеткі ўкраінскіх шпіёнаў», нібыта створанай з удзелам затрыманага ў Менску журналіста Паўла Шаройкі. Ці паўплывае гэта на менскія перамовы па Данбасе, пакуль невядома.