Уладзімір Пуцін 15 лістапада абмеркаваў па тэлефоне зь лідэрамі самаабвешчаных прарасейскіх «Данецкай народнай рэспублікі» і «Луганскай народнай рэспублікі» ініцыятыву абмену палоннымі між Украінай і «ДНР» з «ЛНР», перадае «РИА Новости» са спасылкай на прэс-сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова.
Гэта стала першай размовай Уладзіміра Пуціна з кіраўніцтвам «ДНР» і «ЛНР», пра якую паведамілі афіцыйна.
Ініцыятарам гэтага абмену палоннымі выступіў лідэр руху «Ўкраінскі выбар», кум Пуціна Віктар Медзьвядчук, які прадстаўляе Ўкраіну ў гуманітарнай падгрупе на менскіх перамовах. На асабістай сустрэчы з Пуціным Медзьвядчук заклікаў «праявіць гуманізм» і абмяняць палонных паводле схемы «ўсіх на ўсіх».
Украіна, паводле Медзьведчука, гатовая вызваліць каля 300 палонных, чакае ад сэпаратыстаў вызваленьня 74 закладнікаў. Але, паводле Службы бясьпекі Ўкраіны, сэпаратысты ўтрымліваюць прынамсі 155 грамадзян Украіны (яшчэ 10 — на тэрыторыі Расеі), наогул за тры гады ўзброенага канфлікту звыш 400 чалавек зьніклі бязь вестак.
Пуцін і кіраўнікі «ДНР» і «ЛНР» падтрымалі прапанову Медзьведчука, таксама яе падтрымаў патрыярх Маскоўскі Кірыл.
СБУ: Ня трэба піяру, трэба рэальны абмен палоннымі
Служба бясьпекі Ўкраіны пазьней пракамэнтавала прапанову на Facebook: СБУ вітае любыя ініцыятывы ў разблякаваньні працэсу абмену палоннымі і любыя крокі расейскай улады ў вызваленьні закладнікаў.
«Падкрэсьліваем, што ў гэтым далікатным для многіх людзей пытаньні не павінна быць ніякага піяру, асабліва з мэтай павышэньня рэйтынгу асобных палітыкаў, — дадае СБУ. — Мерай посьпеху павінна стаць рэальнае вызваленьне ўкраінскіх закладнікаў, а ня гучная інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія».