Трохбаковая кантактная група, у прыватнасьці, зьвярнула ўвагу на лёс сіротаў у канфлікце на Данбасе, на тое, як іх можна было б абараніць. Але больш гаварылася пра новыя абстрэлы і чарговы ўсплёск гвалту на Данбасе. З гэтай нагоды каардынатар на перамовах ад АБСЭ амбасадар Марцін Сайдзік выступіў з асабістай заявай:
«Я асабліва занепакоены гэтымі парушэньнямі рэжыму прыпыненьня агню, якія прывялі да вайсковых і цывільных ахвяраў, і нядаўнімі наўмыснымі парушэньнямі адносна няўзброеных супрацоўнікаў і маёмасьці Спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ».
Па словах прадстаўніка Ўкраіны ў падгрупе па бясьпецы Яўгена Марчука, абстрэлы на Данбасе апошні час набылі новую якасьц. Украінскія пазыцыі пакуль абстрэльваюць цяжкія гарматы, сыстэмы залпавага агню і танкі:
«То бок гэта элемэнты эскаляцыі, пра што мы гаворым. Ня проста вырасла колькасьць абстрэлаў — гэта іншая якасьць сытуацыі, і яна не магла зьявіцца проста так».
У перамовах па абмене палоннымі і вызваленьні закладнікаў у збройным канфлікце на Данбасе няма прагрэсу. Прадстаўнік АБСЭ Марцін Сайдзік змог сёньня толькі пацьвердзіць, што пытаньне абмяркоўвалі. Прадстаўніца Ўкраіны ў гуманітарнай падгрупе Ірына Герашчанка заявіла, што ключавая праблема тут — тая, што сэпаратысты хаваюць інфармацыю пра месцазнаходжаньне ўкраінскіх палонных на кантраляваных імі тэрыторыях і прывязваюць да іх вызваленьня амністыі для ўдзельнікаў баявых дзеяньняў на Данбасе.
Таксама амбасадар Сайдзік сказаў, што калі на разгляд Трохбаковай кантактнай групы будзе ўнесена пытаньне аб увядзеньні ў Данбас узброенай паліцэйскай місіі АБСЭ, то яно будзе разглядацца.
Прадстаўнік Украіны ў падгрупе па бясьпецы Яўген Марчук пацьвердзіў Свабодзе, што пытаньне ўзброенай паліцэйскай місіі АБСЭ на Данбасе сёньня ніяк не абмяркоўвалася:
«Мы ўвогуле ня будзем гэта абмяркоўваць, пакуль ня будзе прынята рашэньне наагул аб гэтай узброенай місіі АБСЭ. Дарэчы, расейцы і сёньня прадэманстравалі, што яны супраць такой місіі».
Па словах Яўгена Марчука, расейцы выказваюцца супраць таго, каб місія АБСЭ кантралявала лінію расейска-ўкраінскай мяжы і месцы захоўваньня цяжкага ўзбраеньня.