Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малаверагодна, што хтосьці зь міліцыі будзе пратэставаць — Мікалай Казлоў пра павышэньне пэнсійнага веку


Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Міліцыянт у адстаўцы мяркуе, што частку міліцыянтаў і праўда ня варта рана адсылаць на пэнсію, але на некаторых пасадах складана быць эфэктыўным пасьля 50.

«Думаю, будзе справядліва, калі пытаньне павышэньня пэнсійнага ўзросту закране ўсіх», — казаў сёньня Аляксандар Лукашэнка, згадваючы ў тым ліку міліцыю і сілавыя структуры. Ён задаўся пытаньнем, «што ж гэта за пэнсіянэр у 45 гадоў» — менавіта ў такім веку сёньня можа выйсьці на пэнсію асноўная частка сілавікоў.

Чаму Лукашэнка не пабаяўся сказаць пра непапулярныя меры адносна сілавых структураў? Ці ня стане міліцыя баставаць, выходзіць на плошчу? У такі сцэнар ня верыць падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў:

«Я думаю, малаверагодна, што хтосьці будзе пратэставаць, нават абурацца. У апошнія гады міліцыю пачалі ператвараць у армію. Я працаваў у вышуку, гэта больш творчая праца, яна не прадугледжвала адзінаначальля. А ў апэратыўных службах зьявілася нейкая „муштра“, якой не было, калі я прыйшоў у органы.

„Цяпер міліцыя больш падобная да войска. Таму ніякага супраціву ня будзе“

На маю думку, тут патрэбны індывідуальны падыход што да павышэньня пэнсійнага ўзросту. Калі чалавек працуе ў вышуку, у яго ненармаваны працоўны дзень, у найлепшым выпадку адзін выходны на тыдзень, для яго вельмі складана будзе працаваць у такім жа напружаным рэжыме пасьля 50 гадоў. Працаздольнасьць ужо ня тая, як, да прыкладу, у 40 гадоў. А калі чалавек на няпыльнай, спакойнай працы ў аддзеле кадраў — гэта зусім іншае, можа папрацаваць і даўжэй. Цяжка ўявіць патрульнага ў 60 гадоў. Сьледчы, я мяркую, таксама можа працягваць працаваць і пасьля 45 гадоў. Кожная праца ў міліцыі — вышук, сьледзтва, патрульна-паставая служба, тыл — мае свае асаблівасьці.

А наагул, трэба, па-першае, скарачаць колькасьць міліцыянтаў хаця б да ўзроўню савецкіх часоў. Пры Савецкім Саюзе было 300–400 міліцыянтаў на 100 тысяч насельніцтва, а зараз больш за 1 тысячу. Прынамсі лічбу, што ў нас 140 тысяч міліцыянтаў, ніхто не абверг. Гэта занадта.

Па-другое, трэба падвышаць астатнім сілавікам пэнсійны ўзрост. Калі іх пакінуць афіцэрамі і супрацоўнікамі МУС, яны б маглі працаваць даўжэй.

А то тылавыя службы носяць пагоны, кадравыя службы, пашпартныя... Для чаго гэта? Іх трэба перавесьці ў разрад грамадзянскіх.

Незразумела, навошта яму званьне, а калі яно ёсьць, то няхай працуе даўжэй, а не да 45 гадоў, не хвалюючыся, не перапрацоўваючы — з 9 да 18 гадзін».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG