Сёньня на ўрадавай нарадзе Аляксандар Лукашэнка выказаўся за падвышэньне ў краіне пэнсійнага ўзросту. Чаму меркаваньне народу ня стала вырашальным чыньнікам у гэтым пытаньні? Што б зьмяніла гэтае падвышэньне пэнсійнага ўзросту ў межах комплекснай пэнсійнай рэформы? Ці можа гэтае рашэньне стаць каталізатарам пратэстаў, запалкай, якая запаліць пажар?
Гэтыя пытаньні ў Экспэртызе Свабоды абмяркоўваюць Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.
Дракахруст: Сёньня на ўрадавай нарадзе Аляксандар Лукашэнка выказаўся за падвышэньне ў краіне пэнсійнага ўзросту. Падобныя думкі ён выказваў і раней, але хіба што ўпершыню было сказана так адназначна і недвухсэнсоўна.
Пэўны час таму кіраўнік дзяржавы казаў, што трэба параіцца з народам. Зь сёньняшняй яго прамовы вынікае, што «нарада» дала адмоўны вынік. Лукашэнка адзначыў, што знаходзіцца паміж двума меркаваньнямі: прапановамі ўраду па павышэньні пэнсійнага ўзросту, заснаванымі на эканоміцы, і меркаваньнем народу — з другога боку. Чаму ж меркаваньне народу ня стала вырашальным чыньнікам?
Цыганкоў: Зь дзьвюх прычынаў. Меркаваньне народу тут відавочнае. Супраць падвышэньня будзе пераважная большасьць беларускага народу, як сярод прыхільнікаў Лукашэнкі, так і сярод праціўнікаў. Гэта натуральная праява чалавечай натуры. Кожнаму хочацца як мага менш працаваць, як мага больш зарабляць. Адпаведна, калі не праводзіць вялікай прапагандысцкай кампаніі, гэта тая рэч, супраць якой будзе бальшыня. Не трэба быць сацыёлягам, каб дакладна сьцьвярджаць.
Трэба разумець, што нізкі пэнсійны ўзрост у нашых умовах усё ж больш адбіваецца на тых пакаленьнях, якія працуюць. Яны з гэтай прычыны маюць большыя падаткі і меншыя даходы, а пэнсіянэры, паколькі іх вельмі шмат, маюць даволі малыя пэнсіі. Сёньня чыноўнікі — і Лукашэнка, і Шчоткіна — пачалі казаць, што пры падвышэньні пэнсійнага ўзросту памеры пэнсіяў могуць вырасьці. Такім чынам я лічу, што пры ўмовах агітацыйнай кампаніі гэтыя лічбы могуць зьмяніцца. Калі ўлада сур’ёзна да гэтага паставіцца, то працэнт людзей, якія разумеюць неабходнасьць падвышэньня, павялічыцца. Але ўсё роўна ён ня будзе большым за 50%.
Дракахруст: Валер, як вы тлумачыце гэтыя звароты да народнага меркаваньня, якое потым фактычна ігнаруецца?
Карбалевіч: Па-першае, бачыце, Лукашэнка заявіў, што ўжо палова насельніцтва выступае за павышэньне пэнсійнага ўзросту, а ён хацеў бы, каб гэта была абсалютная большасьць. Мне падаецца, ён выдае жаданае за сапраўднае. Цяжка ўявіць, што сёньня палова народу выступае за. А гульня ў папулізм — гэта карэнная рыса Аляксандра Лукашэнкі. Яму цяжка зьмірыцца з сытуацыяй, што ён вымушаны ісьці насуперак меркаваньня народу.
Ён жа «народны прэзыдэнт». А вось цяпер высьвятляецца, што лёгіка эканамічнай сытуацыі, перамоваў з крэдыторамі і народнае меркаваньне не супадаюць. Гэта ўжо было падчас падвышэньня камунальных тарыфаў, але тады Лукашэнка знайшоў добрае выйсьце з сытуацыі, знайшоў чыноўнікаў, якія нібыта «ад балды нахамуталі». Цяпер ён стаіць перад цяжкой дылемай. Таму такія апэляцыі і да аднаго, і да другога боку.
Прыйшоў час, калі Лукашэнка вымушаны расплачвацца за свой папулізм. Пра гэта ўжо пісалі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, што калі б перад імі Лукашэнка сышоў у адстаўку, ён бы мог застацца ў гістарычнай памяці народу са знакам плюс. А вось цяпер час працуе супраць яго.
Пэнсійны ўзрост і пэнсійная рэформа
Дракахруст: Часам кажуць: пэнсійны ўзрост падвышаць трэба, але ў межах, разам з комплекснай пэнсійнай рэформай. Ну а што рэальна і кардынальна іншае дасьць людзям тая комплексная рэформа ў параўнаньні з банальным падвышэньнем пэнсійнага ўзросту? І каму дасьць, а ў каго забярэ?
Карбалевіч: Думаю, Лукашэнка ня хоча ісьці на такую рэформу, таму што ў выніку яе правядзеньня, калі гэта сапраўдная рэформа, пэнсіянэр будзе атрымліваць пэнсію ня толькі ад дзяржавы, але і ад прыватных пэнсійных фондаў, што фактычна ва ўмовах Беларусі — рэвалюцыя. Чалавек перастае залежаць ад дзяржавы, а гэта ў беларускіх умовах шмат што мяняе.
Але для таго, каб рэформа спрацавала, патрэбны пэўны час, рынкавая эканоміка, каб пэнсійныя фонды далі эфэкт, трэба каб не была такая высокая інфляцыя, якая іх зьядае. Пэнсійная рэформа павінна была б стаць часткай комплекснай рынкавай рэформы ў Беларусі. А гэта цягне за сабой шмат іншых чыньнікаў.
За кароткі час яна ня можа даць істотнага падвышэньня пэнсіяў. Таму цікавіць пэнсійная рэформа можа толькі людзей больш маладога ўзросту, у якіх сапраўды ёсьць пэрспэктыва атрыманьня нармальных пэнсіяў у будучыні. Для сёньняшніх пэнсіянэраў ці тых, хто падыходзіць да пэнсійнага ўзросту, такая рэформа наўрад ці зьяўляецца прывабнай.
Дракахруст: Ці ня лічыце вы, што гэтае патрабаваньне комплекснай пэнсійнай рэформы — гэта такая ідэалягічная мантра? Ёсьць людзі, якія прытрымліваюцца лібэральных поглядаў, і яны кажуць «Картаген мусіць быць разбураны» зь любой нагоды і ў любы час. А насамрэч была б гэтая комплексная рэформа або не — можа, людзям аднолькава было б? Ці не?
Цыганкоў: Ёсьць пэўнае крывадушша, калі беларускія эканамісты ці палітыкі кажуць, што замест падвышэньня пэнсійнага ўзросту патрэбная сапраўдная пэнсійная рэформа. На Захадзе даўно ўжо ўсе пэнсійныя рэформы праведзеныя, там зроблена ўсё па рынкавых лякалах, з правам выбару, але разам з тым і пэнсійны ўзрост вельмі высокі — 63-65 гадоў.
То бок дзяржавы, нават багатыя, вымушаныя ісьці і на гэта, і на гэта. Нават пры самых спрыяльных умовах для гэтай рэформы ўсё роўна заходнія краіны падвысілі пэнсійны ўзрост да гэтага рубяжу. Але тэзу пра неабходнасьць рэформы я не лічу мантрай, а лічу вельмі патрэбным крокам, паколькі ён, перш за ўсё, дае людзям перадпэнсійнага ўзросту права выбару.
Тады пэнсія ствараецца з трох магчымых крыніцаў — таго, што дае дзяржава, таго, што заробленае на працы (напрыклад, як у Амэрыцы, дзе супрацоўнік пастаянна адлічвае на сваё пэнсійнае забесьпячэньне) і ўласных унёскаў у пэнсійны фонд. Пэнсійная рэформа патрэбная для таго, каб у беларусаў зьявіўся такі выбар.
Падвышэньне пэнсійнага ўзросту як каталізатар пратэсту
Дракахруст: Ці можа гэтае рашэньне, калі яно будзе прынятае, стаць каталізатарам пратэстаў, запалкай, якая запаліць пажар? У людзей і бяз гэтага назапасілася шмат прэтэнзіяў да ўлады — «камуналка», цэны, беспрацоўе, а тут яшчэ і падвышэньне пэнсійнага ўзросту.
Цыганкоў: Канешне, такое прагназаваць мы б не рызыкнулі, але гэтае рашэньне ня будзе добра ўспрынятае насельніцтвам. Улады пабачылі, як людзі сталі ісьці ў ЖЭКі, пісаць скаргі, і гэта паўплывала на гэты адскок назад у камунальных тарыфах. Цяпер улады будуць вельмі пільна вымяраць магчымыя сацыяльныя наступствы. Безумоўна, яны паспрабуюць як мага больш мякка, паступова праводзіць гэтае рашэньне. Але што рэйтынг Лукашэнкі ад гэтага ня вырасьце, мякка кажучы — безумоўны факт.
Карбалевіч: Першае наступства, якое я прагназую — сапраўды ўдар па іміджу і рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі. Наконт пратэстаў — тут наўрад ці. Гэтае рашэньне тычыцца не цяперашніх пэнсіянэраў, а тых, хто набліжаецца да пэнсійнага ўзросту. Наўрад ці гэтыя людзі зьяўляюцца галоўным рухавіком пратэстных настрояў у беларускім грамадзтве.
Я б зараз зьвярнуў увагу на тое, што апазыцыя атрымала ў свае рукі добрыя аргумэнты. Цяпер ад яе не патрабуецца нават ніякай станоўчай праграмы, як звычайна пра гэта кажуць, маўляў, «а што вы прапануеце»? Думаю, цяпер апазыцыі можна проста крытыкаваць улад,у і на гэтым яна можа атрымаць пэўныя дывідэнды.
«Адкруціць назад» рашэньне аб падвышэньні пэнсійнага ўзросту, як гэта было зроблена з камунальнымі тарыфамі, будзе цяжка і складана будзе на гэтым нешта выйграць.
Галоўным публічным ініцыятарам падвышэньня пэнсійнага ўзросту зьяўляецца Лукашэнка, ён сам пра гэта казаў, а чыноўнікі вельмі баяліся пра гэта казаць, таму што непапулярная тэма. Цяпер «адкруціць назад» і абвінаваціць нейкіх чыноўнікаў, якія «ад балды» гэта прыдумалі, даволі цяжка. Тут сытуацыя больш простая, у адрозьненьне ад сытуацыі камунальных тарыфаў, сапраўднай калькуляцыі якіх ніхто ня ведае.