Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мужык сканае, не дачакаўшыся пэнсіі», — Ярашук


Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай абмеркаваньню пытаньняў разьвіцьця пэнсійнай сыстэмы, упершыню наўпрост выказаўся за павышэньне пэнсійнага ўзросту для ўсіх.

«55–60 гадоў — гэта нармальны ўзрост. І скажы жанчыне, што яна старая ў 55 гадоў або пэнсіянэрка! Слухайце, пакрыўдзіцца! А калі мы прапануем: калі ты не старая, не пэнсіянэрка, давай папрацуй — іншае нейкае меркаваньне. Тое ж самае і пра мужыкоў можна сказаць. Яны дэманстратыўна ня крыўдзяцца, але ў душы. У 60 гадоў мужык — гэта конь, на якім можна яшчэ араць і плугам не ў адзін корпус, а ў тры корпусы зачапіць, і пацягне», — сказаў ён.

Экспэрты мяркуюць, што новы ўзрост выхаду для пэнсіі будзе складаць 65 гадоў для мужчын і 62,5 — для жанчын.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук кажа, што ўлада ставіць задачу разгрузіць фонд сацыяльнай абароны — дзеля гэтага трэба павысіць пэнсійны ўзрост, да якога многія проста не дажывуць. Спадар Ярашук таксама лічыць, што павышэньне ўзросту выхаду на пэнсію можа мець сэнс — але толькі ў якасьці аднаго з элемэнтаў сыстэмнай пэнсійнай рэформы, якая будзе ўключаць пераход да накапляльнага мэтаду налічэньня пэнсіі:

«Працягласьць жыцьця мужчын у Беларусі складае 64–65 гадоў. Таму лёгка зразумець, што будзе, калі павышаць узрост выхаду на пэнсію да 65 гадоў.

Так, гэта гучыць цынічна, але дзяржава зацікаўленая, каб мужчына хутчэй сканаў і разгрузіў фонд сацыяльнай абароны.

Гэтыя заявы Лукашэнкі цынічныя самі па сабе. Калі весьці размову пра павышэньне пэнсійнага ўзросту, то павінна абмяркоўвацца накапляльная пэнсійная сыстэма, пры якой чалавек назапашвае грошы цягам свайго працоўнага стажу, а па выхадзе на пэнсію можа імі распараджацца. Пры такім падыходзе ў выпадку сьмерці чалавека яго пэнсійны фонд перадаецца нашчадкам у спадчыну. Нам жа прапануюць выхапіць адзін элемэнт рэформы — узрост выхаду на пэнсію — і пакінуць салідарны прынцып, калі людзі, якія працуюць, утрымліваюць пэнсіянэраў. Калі для мужчын будзе ўведзены пэнсійны ўзрост 65 гадоў, то вельмі значная іх частка не дажыве да статусу пэнсіянэра. Але ўсё сьведчыць пра тое, што дзяржава вельмі зацікаўленая, каб чалавек не дажыў да ўзросту выхаду на пэнсію, або каб дажыў, але адразу пасьля гэтага сканаў».

Аляксандар Ярашук лічыць, што на такі непапулярны крок улады штурхае эканамічны крызіс:

«Заява Лукашэнкі тычыцца таго, што найбольш проста выканаць. Падняць пэнсійны ўзрост — самы просты з тых захадаў, якія можна рабіць у сытуацыі крызісу, у якой знаходзіцца Беларусь. З пункту гледжаньня ўлады такое рашэньне можа прынесьці хуткі вынік і плён. Але насамрэч яно толькі загоніць праблему ўглыб, таму што само па сабе павышэньне пэнсійнага ўзросту толькі адцягвае немінучае.

Краіна перажывае востры сацыяльна-эканамічны крызіс, да таго ж у нас вельмі кепская дэмаграфічная сытуацыя, якая будзе толькі ўскладняцца. Цяпер неабходныя іншыя захады.

Трэба комплексная праграма сыстэмных сацыяльна-эканамічных рэформаў. Але ўлада ў чарговы раз хоча абмежавацца толькі палавіністымі захадамі, якія не вырашаюць праблему.

Улады абмяжоўваюцца тымі дзеяньнямі, якія дыктуюцца тактыкай, а не стратэгіяй. А тактыка беларускай улады заўсёды была адна — дзень прастаяць і ноч пратрымацца. Таму цяпер і навязваецца рашэньне пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту, але ў адрыве ад усёй пэнсійнай рэформы, якая насьпела ўжо вельмі даўно».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG