Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Шчоткіна прапануе пачаць падвышэньне пэнсійнага ўзросту з 1 студзеня 2017 году


Марыяна Шчоткіна, архіўнае фота
Марыяна Шчоткіна, архіўнае фота

Пэнсійны ўзрост у Беларусі прапануецца падвышаць з 1 студзеня 2017 году ў некалькі этапаў. Пра гэта заявіла пасьля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі міністар працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна.

Яна падкрэсьліла, што канчатковае рашэньне будзе прынята пасьля «шырокага абмеркаваньня» гэтага пытаньня. Аднак яна не ўдакладніла, якім чынам будзе праходзіць гэтае абмеркаваньне,

«Я зьвяртаю ўвагу на тое, што гэта прапанова. Гэта першае абмеркаваньне ў такім шырокім складзе на ўзроўні прэзыдэнта. Таму кіраўнік дзяржавы зьвярнуў увагу, што абавязкова павінна быць улічана меркаваньне грамадзтва, вельмі важная зваротная сувязь з боку людзей. Толькі пасьля гэтага будзе прымацца канчатковае рашэньне», — цытуе БелТА міністра.

Паводле Шчоткінай, будучае пяцігодзьдзе будзе досыць жорсткае ў дэмаграфічным пляне, бо пэнсійнага ўзросту дасягне вялікая колькасьць асобаў, а працаздольнага ўзросту — малая.

Калі ў 2001 годзе суадносіны пэнсіі да заробку складалі 45%, то ў 2015 годзе — ужо 41,7%.

«Наша нацыянальная бясьпека не дапускае сытуацыі, пры якой гэтыя суадносіны апусьцілася б ніжэй за 40%. Добра было б, каб яны павялічваліся. Пэнсіі ў салідарнай сыстэме залежаць ад таго, колькі грамадзян працуе. Гэта значыць, працаздольныя ўтрымліваюць непрацаздольных. Калі ў нас назіраецца цяпер 61 пэнсіянэр на 100 тых, хто працуе, то ў 2020 годзе гэтыя суадносіны будуць ужо 66 да 100, а калі нічога не рабіць, то ў 2030 годзе — 78 пэнсіянэраў на 100 тых, хто працуе.

Ці гатовыя мы да гэтага, гатовыя мы зьмяншаць пэнсіі? Не. Ці гатовыя мы павялічваць тарыфы ў Фонд сацыяльнай абароны? Не.

Ці гатовыя кардынальна мяняць сыстэму? Таксама абмяркоўвалася», — сказала Шчоткіна.

Гаворка на нарадзе ішла і пра тое, што дэмаграфічныя працэсы, якія назіраюцца ва ўсім сьвеце, тычацца і Беларусі. Пэнсійны ўзрост павышаюць ва ўсіх краінах Эўропы. Пэнсійны — з улікам чаканай працягласьці жыцьця, разьвіцьця эканомікі, іншых фактараў — узрост у 55 гадоў для жанчын і ў 60 гадоў для мужчын на постсавецкай прасторы захаваўся толькі ў Беларусі, Расеі і Ўзбэкістане.

«Але сярэдні памер пэнсіі павінен расьці, а для гэтага неабходна вытрымліваць суадносіны паміж працаздольнымі і непрацаздольнымі грамадзянамі», — адзначыла Мар’яна Шчоткіна.

У Беларусі дзейнічае трохузроўневая пэнсійная сыстэма. У краіне існуе выплата датэрміновых пэнсіяў, прафэсійнае пэнсійнае страхаваньне. У шмат якіх дзяржавах яны адмененыя.

«Але ў нас гэта захоўваецца, наймальнікі часткова фінансуюць гэтыя пэнсіі, мы іх вывелі за агульную сыстэму, і таму інстытут датэрміновых пэнсіяў захаваецца. Захаваецца і дэльта ў выпадку павышэньня пэнсійнага ўзросту», — сказала міністар.

Шмат увагі на нарадзе аддавалася разьвіцьцю добраахвотнага пэнсійнага страхаваньня.

«Гаворка ішла пра разьвіцьцё фінансавых страхавых кампаніяў, пра тое, каб была магчымасьць за кошт чыстага прыбытку прадпрыемстваў і за кошт саміх работнікаў самастойна прымаць рашэньні аб дадатковых пэнсіях. Сёньня гэта ёсьць, але павінна быць большае разьвіцьцё, гэта значыць, павінны быць больш прывабныя ўмовы», — сказала Мар’яна Шчоткіна.

Міністар падкрэсьліла, што ў краіне захоўваюцца выплаты пэнсіянэрам, якія працуюць.

«Ці можам мы абысьціся сёньня і не разглядаць павышэньне пэнсійнага ўзросту? Шчыра кажучы — не.

Задача кожнай дзяржавы — гарантаваць своечасовасьць і паўнату выплаты пэнсіяў. Больш за тое, памер пэнсіяў, а гэта дабрабыт пэнсіянэраў, ні ў якім разе не павінен зьмяншацца, а толькі павялічвацца, прынамсі захоўвацца ў адносінах да сярэдняй заработнай платы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG