Значная частка нашай пошты апошніх тыдняў — на тэму хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў. Нягледзячы на тое, што ні ўлада, ні апазыцыя, ні грамадзтва ў цэлым асаблівых сюрпрызаў ад чарговай кампаніі не чакаюць, усё ж эканамічная сытуацыя і сацыяльныя праблемы заўважна ўплываюць на зьмену грамадзкіх настрояў. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму.
Наш слухач Мікалай Мазуркевіч з Горадні піша:
«У гэтыя выбары ў нас, здаецца, ужо ніхто ня верыць. Лукашэнка да ўлады блізка нікога ніколі не падпускаў і не падпусьціць. Але зьмены набліжаюцца: гэта я вам, як стары дасьведчаны чалавек, дакладна кажу. Жорсткі рэжым трывалы і даўгавечны тады, калі працуе эканоміка, калі чалавек штодня ходзіць на працу і ў яго ёсьць што есьці і ўва што апрануцца. Калі гэтага няма — ніякая ўлада доўга не ўтрымаецца. Лукашэнку давядзецца альбо распачынаць сур’ёзныя эканамічныя рэформы і збліжацца з Захадам (бо хто яшчэ можа ў такіх рэформах дапамагчы?), альбо — сутыкнуцца з такім развалам і распадам усёй сваёй сыстэмы, які вышпурне яго з прэзыдэнцкага крэсла, як бы ён за гэтае крэсла ні чапляўся».
Рэформы таксама не засьцерагаюць ад страты ўладнага крэсла, спадар Мікалай. Міхаіл Гарбачоў напрыканцы 80-х паспрабаваў рэфармаваць заняпалую камуністычную сыстэму — і што з таго атрымалася? Мяркую, Аляксандар Лукашэнка ўрок тых рэформаў, сьведкам якіх сам быў, добра памятае. Іншая справа, што любымі сіламі супраціўляцца насьпелым зьменам і трымаць краіну ў кулаку — таксама не гарантыя пажыцьцёвай улады. Румынскі лідэр Нікалае Чаўшэску ў тую ж эпоху канца 80-х даходліва гэта прадэманстраваў усяму сьвету.
✉ ✉ ✉Наш даўні сябар і аўтар шматлікіх цікавых допісаў Кастусь Сырэль зь мястэчка Вушачы даслаў шчымлівы фотарэпартаж пра заняпад старадаўняй сядзібы Грабніцкіх, што ў вушацкай вёсцы Арэхаўна.
Хоць і вісіць на будынку шыльда, што ён нібыта ахоўваецца дзяржавай, але насамрэч без гаспадара і сядзіба, і пабудовы паступова разбураюцца. Спадар Кастусь з гэтай нагоды піша:
«Палац Грабніцкіх аднавіць пакуль яшчэ можна. Падмурак у выдатным стане, сьцены мэтровай таўшчыні з чырвонай цэглы таксама, нават тынк патрабуе рамонту толькі месцамі. Праблемаў, калі б былі грошы, на першы выпадак няшмат — замяніць дах, паставіць вокны, наслаць падлогу, аздобіць памяшканьне ўсярэдзіне, падвесьці электрычнасьць. Гэта ўсё можна адужаць за адзін летні сэзон. Потым ужо думаць далей — што рабіць з паркам, наагул з тэрыторыяй, з гаспадарчымі пабудовамі. Багатая прыватная асоба магла б на пэўных умовах узяцца за гэтую справу. Але...
Уся праблема якраз у тым, што ніхто за гэта ня возьмецца. Чаму? Ды таму, што ў нашай дзяржаве ўжо ж напэўна будзе так: возьмецца чалавек за добрую справу, зробіць усё ці амаль усё належным чынам, а потым дзяржава гэты палац адбярэ па выдуманых прычынах і ўсё ж такі зруйнуе. Добра яшчэ, калі самога мэцэната не ўладкуюць за краты.
І таму, шаноўнае спадарства, палац Грабніцкіх чакае такі самы лёс, які спасьціг мноства такіх самых помнікаў архітэктуры ў нашым раёне. Я ўжо не адзін раз дасылаў на Свабоду свае фотарэпартажы і асобныя здымкі падобных аб’ектаў на Вушаччыне (касьцёл Сьвятой Веранікі ў вёсцы Селішча, сядзіба Маліноўскіх у Чарапоўшчыне, санаторый «Вечальле»). Ад гэтых твораў рук чалавечых засталіся толькі руіны, але хутка і яны зьнікнуць, бо аднавіць пералічаныя аб’екты ўжо немагчыма. Праз пэўны час і ад гэтага палаца застанецца толькі запіс у раённай Кнізе Памяці. Які запіс, спытаеце вы? А вось такі: не зьбярогся.
І які-небудзь гісторык у будучыні напіша пра нас, беларусаў: не зьберагліся
Нейкі раённы жартаўнік, адзін са стваральнікаў раённай Кнігі Памяці, надзяліў помнікі архітэктуры вось такой цалкам чалавечай якасьцю — клапаціцца самім пра сябе, берагчы саміх сябе. А яны, помнікі, гэтага ня ўмеюць. Яны патрабуюць, каб пра іх клапаціліся людзі. А людзі — самі бачыце, як клапоцяцца. Сядзібу Маліноўскіх, напрыклад, нехта выкупіў і застрахаваў на ладную суму. А яна, сядзіба, праз два месяцы «не зьбераглася» — у ноч з 8 на 9 траўня 2014 году сама сабой узяла дый згарэла дашчэнту. А хто ж яшчэ — ніхто там ня жыў, печы не паліў, электрычнасьці там не было. Не зьбераглася!
Тое самае чакае і палац Грабніцкіх, помнік архітэктуры і паркавы ансамбль шаснаццатага стагодзьдзя.
І так у нас, беларусаў, амаль усё. Ня ўмеем берагчы ні нашу гісторыю, ні культуру, ні мову. І таму нам наканавана зьнікнуць, як зьніклі калісьці готы, гуны, кімэрыйцы і шмат якія іншыя народы. Як зьнікне палац Грабніцкіх. І які-небудзь гісторык у будучыні напіша пра нас, беларусаў: не зьберагліся...
А можа, яшчэ ня позна нешта памяняць?».
Падстаў для пэсымізму тут, спадар Кастусь, сапраўды нямала. Хоць зусім ужо апускаць рукі ды чакаць маруднай пагібелі наўрад ці варта — зважаючы хоць бы на прыклад тых людзей, якія спрабуюць ратаваць і адраджаць народную спадчыну.
Што да канкрэтнага выпадку і канкрэтнага палаца. Няцяжка здагадацца, як рэагуюць на падобныя папрокі мясцовыя чыноўнікі: грошай няма; людзей няма; будынак далёка ад цэнтру — інвэстары не цікавяцца... Хоць знайсьці зацікаўленага бізнэсоўца зусім рэальна. Дарэчы, для пачатку няблага было б прапанаваць гэты будынак таму, каму ён насамрэч належыць (ну, ці спадкаемцам колішняга гаспадара). Няма сумневу, што яны жывуць недзе на Захадзе. І калі гэта людзі заможныя, то зусім магчыма, што яны б захацелі ўдыхнуць жыцьцё ў гэтае, хоць і занядбанае камуністамі, а ўсё ж каштоўнае для іх радавое гняздо.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.