У гэты дзень
1597 — Віцебск атрымаў гарадзкі герб: у блакітным полі выява Хрыста, пад якой чырвоны меч.
1861 — у Турыне абвяшчаецца стварэньне Італьянскага каралеўства.
1948 — Бэльгія, Вялікая Брытанія, Люксэмбург, Нідэрлянды i Францыя падпісалі Брусэльскі пакт аб стварэньні абарончага Заходнеэўрапейскага зьвязу, які паклаў пачатак NATO.
1969 — Голда Мэір, дзяцінства якой прайшло ў Пінску, заступіла на пасаду прэм’ер-міністра Ізраілю.
1983 — упершыню масавае Гуканьне вясны ў Менску, у Купалаўскім парку, наладзіла моладзевае патрыятычнае згуртаваньне „Беларуская майстроўня“. Сьвяткаваньне стала штогадовым і давала магчымасьць легальнага збору нацыянальна сьведамых людзей у цэнтры сталіцы.
1991 — у СССР прайшоў рэфэрэндум аб праекце новага саюзнага пагадненьня. У Беларусі за захаваньне Савецкага Саюзу, паводле афіцыйных зьвестак, былі аддадзеныя 82,7% галасоў (гэта самы вялікі адсотак пасьля Сярэдняй Азіі).
У гэты дзень нарадзіліся
1746 — Ян Голянд, кампазытар. На запрашэньне князёў Радзівілаў Голянд прыбыў зь Нямеччыны ў Нясьвіж і стаў вядомым беларускім капэльмайстрам і кампазытарам.
1789 — Вінцэнт Бучынскі, прафэсар філязофіі Полацкай езуіцкай акадэміі, заснавальнік і рэдактар першага ў Беларусі літаратурна-навуковага часопіса «Полацкі штомесячнік», які пачаў выходзіць у 1818 годзе.
1808 — Сымон Канарскі, дзеяч вызвольнага руху 1830-х, удзельнік паўстаньня 1831 году.
1891 — Мацьвей Манізер, заслужаны савецкі скульптар, аўтар помніка Леніну, які быў усталяваны ў Менску перад Домам ураду ў 1933 годзе і, пераадліты ў 1945-м, стаіць дагэтуль.
1922 — Лявон Луцкевіч, грамадзка-палітычны і культурны дзяяч, вязень савецкіх канцлягераў, сын Антона Луцкевіча.
У памяці
461 — Патрык, каталіцкі сьвяты, заступнік Ірляндыі, дзень яго сьмерці — дзяржаўнае сьвята ў Ірляндыі.
Звычайна ў гэты дзень праводзяцца парады, фестывалі, кейлі, іх удзельнікі носяць зялёную вопратку альбо трылісьнікі.
1951 — Альбэрт Паўловіч, беларускі паэт і перакладнік. Пачаў друкавацца ў «Нашай Ніве» ў 1907 годзе. У яго доме ў Менску ў пачатку ХХ стагодзьдзя быў літаратурны салён, дзе зьбіраліся тагачасныя беларускія пісьменьнікі.
2005 — Джордж Фрост Кенан, амэрыканскі дыплямат і гісторык, аўтар стратэгіі стрымліваньня СССР.