Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка пралічыўся: выбары яму трэба было праводзіць па гарачых украінскіх сьлядах...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Празь некалькі дзён у Беларусі павінна пачацца выбарчая кампанія. Памятаючы досьвед мінулых двух дзесяцігодзьдзяў, пераважная большасьць беларускага грамадзтва мае мала сумневаў адносна таго, чым скончыцца чарговае змаганьне за прэзыдэнцкае крэсла. Але ёсьць і тыя, хто не выключае і іншыя сцэнары выбараў 2015-га году.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Мікалай Паддубскі зь Менску піша:

«Аляксандар Рыгоравіч дапусьціў стратэгічную памылку: выбары яму трэба было праводзіць па гарачых украінскіх сьлядах — напрыканцы мінулага году ці хаця б на пачатку гэтага. Тады грамадзтва было моцна ўражанае і напалоханае ўкраінскімі падзеямі, а эканамічны крызіс у самой Беларусі амаль не адчуваўся.

А цяпер сытуацыя імкліва памянялася. Вастрыня ўкраінскай драмы пакрысе прытупілася, да яе прывыклі. „Зялёных чалавечкаў“ з усходу ў Беларусі практычна ніхто не чакае. А вось эканамічны крызіс тым часам разбушаваўся не на жарт, зачапіўшы вельмі і вельмі многіх. У аддзеле, дзе я працую, раней сярод пяці супрацоўнікаў было тры пасьлядоўныя прыхільнікі Лукашэнкі. Цяпер застаўся адзін, і той апошнім часам завагаўся, ці варта галасаваць за Лукашэнку. (Завагаўся ён пасьля таго, як за апошні месяц атрымаў на 200 000 рублёў менш, чым за папярэдні, а ягоная пэнсія — ён пэнсіянэр, але яшчэ працуе — не падвышалася зь мінулага году).

Жыцьцёвы ўзровень большасьці беларусаў рэальна зьнізіўся і працягвае зьніжацца. Было б сьмешна, калі б у такіх умовах людзі былі ў захапленьні ад Лукашэнкі і зьвязвалі зь ім свае спадзяваньні на лепшае. На добры лад, яму варта было б сысьці: ну, не ўдалося чалавеку за 21 год выканаць абяцанае. Дзе тыя запушчаныя заводы? Дзе пераможаная карупцыя? Жыцьцё як было цяжкім у 1994 годзе, так засталося і ў 2015-м. Але ж ён сам ня сыйдзе. Ці я памыляюся?».

Так, спадар Мікалай, даволі цяжка ўявіць, што напярэдадні гэтых выбараў Лукашэнка раптам добраахвотна адмовіцца ўдзельнічаць у іх. Зусім магчыма, што ўлада ўсьвядоміла памылковасьць свайго леташняга рашэньня не прысьпешваць выбары. Доказ таму — тое, што дзень галасаваньня ўсё ж перанесены, выбары адбудуцца на месяц раней, чым меркавалася. Настроі ў грамадзтве, сапраўды, заўважна мяняюцца — разам з эканамічнай сытуацыяй. Раней у такіх выпадках улада звыкла ішла на паклон у Крэмль і залівала полымя крызісу патокам расейскіх грошай. Але цяпер шчодрага расейскага фінансаваньня няма і не прадбачыцца: Расея сама перажывае няпросты час. Можна меркаваць, што чыноўнікі ў такіх умовах ахвотна перанесьлі б дату выбараў на яшчэ ранейшы тэрмін — ды гэта ўжо немагчыма: часу хапае толькі на тое, каб правесьці выбары самае раньняе ў кастрычніку.

✉ ✉ ✉

Пра тое, як складана стала апошнім часам перасякаць беларуска-ўкраінскую мяжу, паведамляе ў сваім новым лісьце Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Вось як ён апісвае адну са сваіх апошніх паездак:

«Сабралася нас на памежным пераходзе 28 чалавек. Стаялі ды чакалі больш за дзьве гадзіны. А ім, памежнікам ды мытнікам, што — балбочуць, гарбатку папіваюць. На людзей ім начхаць. І гэта пасьля скарачэньня штатаў: мяркуецца, што засталіся найлепшыя.

А як аўтобусы „шманаюць“ на зваротнай дарозе з Украіны! Правяраюць вельмі пільна, асабліва адна мытніца стараецца! Я спрабаваў куранят правезьці: схаваў пад кашулю. Дык мае суседзі „заклалі“ „пагранцам“. Сала, каўбасу ды іншае не дазваляюць правозіць. А там жа ўсё ўтрая таньнейшае... У нас сала — 80 000 за кіляграм. А ва Ўкраіне за такія грошы тры кіляграмы купіш...

...Вайна на паўднёвым усходзе Ўкраіны зачапіла і нас. Усё больш уцекачоў — з Данецку, з Луганску. Шукаюць, дзе б пасяліцца.

Дарэчы, улады да іх ставяцца досыць насьцярожана. У Берасьці іх не прапісваюць, кажуць — едзьце на вёску, шукайце жыльлё самастойна. А як яго знойдзеш, калі грошай няма?

Зь іншага боку, і за продажам вясковых хатаў цяпер сочаць: так проста, як раней, не прадасі. Трэба аформіць, выклікаць ацэначную камісію, заплаціць ёй грошы, а дом прадаваць праз аўкцыён».

Беларуска-ўкраінская мяжа становіцца ўсё меней «празрыстай»: каб перасячы яе цяпер, часу трэба патраціць нярэдка болей, чым на беларуска-польскіх ці беларуска-літоўскіх памежных пераходах... Мяркуецца, што гэткім чынам беларускія ўлады дбаюць пра эканамічную бясьпеку дзяржавы. Хоць насамрэч галоўная прычына тут — падзеі на паўднёвым усходзе Ўкраіны, расейска-ўкраінскі канфлікт. Афіцыйны Менск нібыта дыстанцыяваўся ад яго, але ў рэальнасьці вымушана рухаецца ў фарватэры расейскай вонкавай палітыкі. Адгарадзілася ад Украіны жорсткім памежным ды мытным бар’ерам Расея — тое ж усьлед за ёй робіць і Беларусь. Хоць шараговым грамадзянам па абодва бакі мяжы (асабліва ў памежных гарадах ды вёсках) гэта зусім не даспадобы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG