Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пушкін знайшоў у касьцёле тайнік з малюнкамі, мапамі і дакумэнтамі XIX стагодзьдзя

абноўлена

Вішнеўскія знаходкі. Усе фота ў артыкуле — з Фэйсбуку Дзяніса Раманюка
Вішнеўскія знаходкі. Усе фота ў артыкуле — з Фэйсбуку Дзяніса Раманюка

Мастак Алесь Пушкін, які выконвае абавязкі навуковага кіраўніка рэстаўрацыі касьцёла Дабравешчаньня Дзевы Марыі ў Вішневе на Валожыншчыне, расказаў пра знойдзены падчас працы ўнікальны тайнік.

У ім сярод іншага, ёсьць малюнкі, аўтарства якіх можа належаць славутаму жывапісцу і графіку Фэрдынанду Рушчыцу, які родам з гэтых мясьцінаў.

Сёньня мастак прыехаў у Менск, каб праінфармаваць пра сваю знаходку экспэртаў Міністэрства культуры. Усяго знойдзена 35 тэчак з дакумэнтамі, актамі, мапамі, дамовамі, парафіяльнымі кнігамі, якія ахопліваюць пэрыяд ад 1820-х да 1940-х гадоў. Перад паходам у ведамства Алесь Пушкін расказаў Свабодзе:

«Прадстаўлю апісаньне 35 артэфактаў — тэчак і ўсіх іншых рэчаў. Гэты тыдзень дакумэнты яшчэ пабудуць у Вішневе, а ўжо на наступным тыдні ўсё будзе афіцыйна перададзена ў Нацыянальны гістарычны архіў — пачынаючы ад мэтрычных кніг да актаў аб шлюбах і нараджэньнях. А ўсе мастацкія рэчы перадаю ў Міністэрства культуры, акурат выпраўляюся як навуковы кіраўнік рэстаўрацыі дакладаць пра знаходкі Ігару Чарняўскаму».

Алесь Пушкін з ксяндзом-пробашчам Юзафам Мельдзюком
Алесь Пушкін з ксяндзом-пробашчам Юзафам Мельдзюком

Зрэшты, ксёндз-пробашч вішнеўскага касьцёла Юзаф Мяльдзюк сказаў карэспандэнту Свабоды, што перад тым як распараджацца артэфактамі, неабходна атрымаць дазвол ад духоўнага кіраўніцтва: усё ж дакумэнты — касьцельная ўласнасьць. Калі на вышэйшым узроўні не запярэчаць, то і зь ягонага боку ніякіх перашкодаў ня будзе. Але пакуль тое, знаходкі маюць заставацца ў касьцёле.

Гісторыю ўнікальнай знаходкі Алесь Пушкін зафіксаваў да драбніц:

«Найперш трэба сказаць, што адбылося ўсё а 16:30 у пятніцу. Будаўнікі-мантажнікі Ігар і Генадзь пачалі вымаць старое вакно, каб паставіць новы вітраж «Галгофа». І калі яны разьбілі старую раму, убачылі, што там шмат усялякіх дакумэнтаў, а таксама загорнутая тканая падсьцілка. Яны паклікалі мяне, я залез на рыштаваньне і ўсё сфатаграфаваў. То бок пачаў фіксаваць ад самага першага моманту, як яны трымаюць у руках мэтрычныя кнігі, малюнкі. Усё гэта перанёс у касьцёл, на хоры аднёс 22 арганныя трубы драўляныя і адну алавяную, пасьля чаго пачаў складаць вопіс. Так зьявіўся пратакол вопісу знаходак 10 ліпеня 2015 году ў тайніку, які быў раскрыты ў нішы вакна цэнтральнага фасаду Вішнеўскага касьцёла Дзевы Марыі падчас устаноўкі там вітражу «Галгофа».

Гістарычную каштоўнасьць уяўляюць дакумэнты, падпісаныя на аўтарскім блянку Юрыем Матулевічам, біскупам Віленскім, прылічаным у каталіцкай царкве да ліку блаславёных.

Іншыя адметныя знаходкі: мапа адводу земляў вішнеўскага пробашча за 1818 год, падпісаная віленскім губэрнскім землямерам у 1820 годзе. Мэтрычная кніга народзінаў па вішнеўскай парафіі ад 1827-га да 1832 году. Кнігі перадшлюбных пратаколаў за розны час. Дзьве літаграфіі, засунутыя ў арганную трубу. На адной — выява Ігнація Масьціцкага, колішняга прэзыдэнта Рэчы Паспалітай, на другой — Юзэфа Пілсудзкага, першага кіраўніка незалежнай Польшчы.

Праект разбудовы касьцёла
Праект разбудовы касьцёла

Плян касьцельнага пляца ад 27 сьнежня 1929 года, аўтар — Эдвард Казлоўскі. Тут жа — інвэнтары вішнеўскага парафіяльнага касьцёла за розны пэрыяд — ад 1860-х да 1920-х. Кніга спаведнікаў і прычасьнікаў вішнеўскай парафіі за 1909 год. Тэчка з актамі адліцьця званоў і рамонту касьцёла на 1920-я — канец 1930-х. Тэчка з прозьвішчамі памерлых вішнеўскіх парафіян за 1932–1936 гады. Актамі аб нараджэньнях у 1940–1943 гадах гістарычная скарбонка заканчваецца. Такім чынам, у 35 тэчках ахопліваецца пэрыяд ад 1827 году да 1943-га.

Але на званьне самага гучнага адкрыцьця прэтэндуюць тры замалёўкі, датаваныя 1903 годам. Яны, на перакананьне Алеся Пушкіна, зь вялікай доляй імавернасьці могуць належаць пэндзлю Фэрдынанда Рушчыца, які на пачатку ХХ стагодзьдзя якраз жыў у радавым маёнтку паблізу ад гэтых мясьцінаў і як кіраўнік камісіі па ахове помнікаў даўніны рабіў замалёўкі храмаў і замкаў:

«Я маю акварэль Фэрдынанда Рушчыца, якую ён маляваў, яшчэ будучы студэнтам. Гэта быў від Вішнеўскага касьцёла, але яшчэ бязь вежаў. Стыль практычна ідэнтычны. Адразу бачна, што гэта маляваў не архітэктар, а мастак, вельмі жывапісны акварэльны малюнак, а таксама замалёўкі інтэр’еру. І калі знадворку мы ўжо даўно маем дзьве выявы касьцёла, падпісаныя Рушчыцам, то цяпер давядзецца вызначыць аўтарства трох знойдзеных замаляваных аркушаў бяз подпісу. Папера, акварэль, туш, адна карціна большая, дзьве меншыя».

Мэтрыкі парафіянаў
Мэтрыкі парафіянаў

Пасьля візыту да чыноўнікаў Міністэрства культуры і ў Нацыянальны гістарычны архіў Алесь Пушкін вяртаецца ў Вішнева, каб працягнуць працы. На думку спадара Пушкіна, тайнік мог быць зроблены падчас Другой усясьветнай вайны, калі паўстала небясьпека зьнішчэньня маёмасьці як нацыстамі, так і партызанамі.

«Чарцёж» касьцёла
«Чарцёж» касьцёла

Касьцёл Дабравешчаньня Дзевы Марыі ў Вішневе — помнік архітэктуры ў стылі раньняга барока з элемэнтамі рэнэсансу. Пабудаваны цягам 1637–1641 гадоў, уключаны ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG