Пра маёнтак Бракава мне распавяла гарадзенскі гісторык Тацяна Касатая. Разам з калегамі яны нядаўна адправілі дакумэнты на тое, каб уключыць яго ў сьпіс гістарычных аб’ектаў, якія ахоўваюцца дзяржавай.
І вось мы праехалі Сьвіслач, завярнулі на птушкафабрыку, а за ейным бэтонным плотам у поле паміж збажыны і бульбы — неверагоднай прыгажосьці драўляны маёнтак пачатку ХХ стагодзьдзя. Мы ідзем да яго пешкі, і ўжо здалёк нельга не зьдзіўляцца незвычайнай для нашых мясьцін архітэктуры.
Так, дом уражвае, але ён заўважна недагледжаны. Дах перакрыты шыфэрам, які ніяк не пасуе да закапанскага стылю, некаторыя элемэнты паадрываліся, іншыя прагнілі. Відаць, што рука майстра альбо проста гаспадара даўно не кранала тут драўляных дэталяў...
Тацяна распавядае, што будынак хоць і ўзьведзены ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя ў традыцыйным для Польшчы закапанскім стылі, але ўсё ж набыў у нашых мясьцінах беларускую адметнасьць.
— Ну вось, да прыкладу, рог дома — ён зроблены ня так, як рабілі ў Польшчы. Бярвёны выступаюць — такое характэрна болей для Беларусі. Гэта сьведчыць пра тое, што адчувалася ня толькі агульнапольская традыцыя, але і адметнасьць мясцовых майстроў. Цікава яшчэ і тое, што, акрамя закапанскага стылю, у архітэктуры прысутнічаюць элемэнты нэабарока...
А вось побач з домам сталага веку жанчына, як высьветлілася — спадарыня Лілія, жыве тут больш за 20 гадоў. Распавяла, што ў доме засталіся ўсяго чатыры пэнсіянэры. Паводле яе, дом належыць птушкафабрыцы, тут нікога болей не прапісваюць, ім сказалі, што ён у аварыйным стане, але і новага жыльля ніхто не дае. Спадарыня Лілія крыўдуе, што яны тут пакінутыя і нікому не патрэбныя. Цікаўлюся — ці рабілі тут хоць які рамонт?
— Ды які рамонт, вось як цячэ дах, то ідзём на птушкафабрыку і просім, каб адрамантавалі, а як не, то і цячэ. Ну вось печы мне яшчэ рамантавалі.
А вось да нашай размовы далучаецца яшчэ адна суседка і крыўдуе на ўмовы жыцьця.
— Нічога ў нас тут няма, і дровы трэба самім сячы. І вады не было, гэта вось толькі летась падвялі. Нам жа казалі, што збудавалі дом, каб перасяліць, але так кватэраў там і не далі, а чаму — невядома.
А вось спадарыня Ядвіга распавядае, што за 40 гадоў яе жыцьця тут ніхто нічога не рабіў. Толькі як пацякла на даху бляха, то яе замянілі на шыфэр, які зь цягам часу таксама пацёк. Паводле яе, дом зьнешне амаль не зьмяніўся, толькі пастарэў і пачаў месцамі падгніваць.
На другім паверсе ўжо ніхто не жыве, людзей павысялялі і забілі ўваходныя дзьверы. Спадарыня Ядвіга з жалем кажа, што ёй вельмі шкада, што дом ніхто не даглядае, а яны ўжо старыя і ня могуць гэтага зрабіць самі.
— Шкада, канечне, шкада, усяго шкада. Вунь усё закінута і ніхто нічога ня робіць. Цяпер не будуюць такіх прыгожых дамоў. Гэта каб яго адрамантавалі, то такая памяць была б, а так усё закінута і ніхто нічога не глядзіць. Паглядзіце, як тут усё дыхтоўна зроблена. І каб гэта было дагледжана... Мы ўсё кажам, каб людзей выселілі і зрабілі тут які пансіянат — тут жа такая прырода і так прыгожа".
Спадарыні кажуць, што пра іхні дом, напэўна, ніхто ня ведае, бо не прыяжджаюць турысты, не прыходзяць школьнікі вывучаць гісторыю. Толькі аднойчы прыяжджала маладая пані з Польшчы, магчыма, унучка былых уладальнікаў — пахадзіла, пафатаграфавала і зьехала.
— Нікога гэта не цікавіць, дый каго гэта можа цікавіць — кожны глядзіць сам сябе. Зразумела, што гэта наша гісторыя, але хто яе даглядае... І нас старых тут кінулі і ніхто не глядзіць. Вось толькі скажаш пра тое, што рамонт трэба рабіць, то для іх гэта як насьмешка. Тут наагул бур’ян быў такі, што ўлезеш і нічога не відаць. Гэта толькі сёлета навялі парадак.
Тацяна Касатая распавядае, што маёнтак быў пабудаваны на пачатку ХХ стагодзьдзя Ўладзіславам Гашкоўскім. Гэтыя землі, дзе стаіць маёнтак, належалі іхняму роду каля ста год.
— Ну вось тут тры паверхі, рознаўзроўневы дах, прастакутныя вокны бязь ліштвы, таксама вельмі простыя. Але гэты паўкруглы ганак ужо зроблены ў нэабарочным стылі і надае адметнасьць ужо не такую мясцовую. Такіх дамоў у Беларусі я не сустракала, каб столькі дэталяў было..."
Тацяна перакананая: калі адсяліць людзей, дом можна давесьці да ладу, бо падмуркі жывыя, захаваліся сьцены, а дэталі можна паправіць і дах аднавіць.
— Калі падысьці разумна, па-гаспадарску да гэтага дома, то ён можа быць ня толькі музэем ці этнаграфічным комплексам, але нават і санаторыем ці домам адпачынку. Праўда, на жаль, тут побач птушкафэрмы і гэта немагчыма зрабіць, бо ніякага адпачынку і чыстага паветра тут ужо ня будзе".
Гарадзенскія гісторыкі сабралі і накіравалі ў Менск дакумэнтацыю, каб уключыць гэты ўнікальны дом у сьпіс помнікаў архітэктуры Беларусі. Пакуль адказу няма, і далейшы лёс маёнтку ў Бракаве застаецца невядомым.