Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некаторыя заводы працуюць па два дні на тыдзень — ну што гэта за праца?..»


Многія беларускія пэнсіянэры непрыемна зьдзіўленыя тым, што сёлета, у год прэзыдэнцкіх выбараў, улада яшчэ ні разу не падвышала пэнсіі — нягледзячы на пастаянны рост цэнаў і высокую інфляцыю. Раней — і ў 2001-м, і ў 2006-м, і ў 2010-м гадах — выбарчыя кампаніі суправаджаліся шчодрым заахвочваньнем людзей сталага веку

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш даўні слухач і аўтар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну паведамляе:

«Атрымаў чэрвеньскую пэнсію — 1 мільён 422 тысячы, на 14 тысяч меней, чым у папярэднім месяцы. Кажуць, тую мізэрную дабаўку, якой так хваліліся, цяпер адмянілі. Вось і выжыві на гэтыя грошы пры такіх цэнах. У народзе кажуць: Лукашэнка перад самым сваім пераабраньнем пэнсіі ўсё ж падвысіць, а потым цішком зноў зьнізіць, бо грошай у казьне няма.

Мая сястра працуе на заводзе газавай апаратуры. Навыраблялі там столькі плітаў, што ўсе склады запоўненыя — нават у Замшанах, у былой вайсковай часьці, іх захоўваюць. Няма збыту — няма і грошай.

Чаму так здарылася? Прычынаў тут шмат. Лукашэнка сам прызнаў, што Расея абрабавала нас на 3 мільярды... Вунь і ў Менску спыняюцца заводы. Некаторыя працуюць па два дні на тыдзень — ну што гэта за праца?

А якія пэнсіі налічваюць у нас у вёсцы! 688 тысяч — хіба гэта грошы?

А ў некаторых не хапае працоўнага стажу, дык ім цяпер паводле новага закону давядзецца чакаць пэнсіі да 65-гадовага ўзросту», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Цяперашнія кіраўнікі ўраду і Нацыянальнага банку, мяркуючы па іхных заявах, — праціўнікі маштабнай эмісіі (друкаваньня нічым не забясьпечаных грошай). Апошнія паўгода сваё слова яны трымаюць: інфляцыя параўнальна невысокая, валютны курс адносна стабільны. Але адваротны бок гэтай разумнай фінансавай палітыкі — спыненьне росту заробкаў і пэнсіяў, рост беспрацоўя, банкруцтва многіх нерэнтабэльных вытворчасьцяў. Раней у такіх сытуацыях усё сканчалася ўрэшце тым, што ўлада не вытрымлівала і запускала друкарскі станок. І ўсё зноў рухалася па звыклым коле: рост заробкаў і пэнсіяў — інфляцыя — дэвальвацыя... Зусім магчыма, што бліжэй да выбараў старая апрабаваная схема зноў запрацуе.

Наступны ліст даслаў нам Алесь Гагін са Смаргоні. Яго таксама турбуе і цікавіць выбарчая тэма. Слухач піша:

«Цяпер сярод апазыцыянэраў выказваецца шмат розных меркаваньняў адносна таго, якая павінна быць стратэгія падчас гэтай выбарчай кампаніі. Асабіста я схіляюся да думкі, што мае рацыю КХП БНФ. І сапраўды: калі ты не падтрымліваеш Лукашэнку, то не хадзі на выбары ўвогуле. Інакш твой голас могуць выкарыстаць супраць цябе ж. Усім жа зразумела, што на гэтых выбарах, як і на многіх папярэдніх, ідзе гульня ў адны вароты», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Алесь Гагін са Смаргоні.

Сапраўды, маніпуляваць галасамі тых, хто ўвогуле не прыйшоў на выбарчы ўчастак, складаней, чым з ужо апушчанымі ў скрыню бюлетэнямі. І наўрад ці выпадкова тое, што ў сьнежні 2013 году ўлады ўнесьлі папраўкі ў Выбарчы кодэкс, згодна зь якімі заклікі да байкоту выбараў цяпер будуць карацца ў адміністратыўным парадку.

Аўтар наступнага ліста Анатоль Чачотка зь Менску ў сваім новым допісе распавядае прыемную навіну, якая яго апошнім часам вельмі парадавала. Слухач піша:

«Найчасьцей даводзіцца пісаць на Свабоду пра нэгатыўныя бакі нашага жыцьця. А вось сёньня хачу паведаміць пра прыемнае. Напэўна, для цывілізаванага заходняга сьвету гэта даўно норма, а для нас — прыемная навіна. Маю на ўвазе тое, што ў Менску стала магчымым праз інтэрнэт замовіць у харчовай краме „Эўраопт“ любыя прадукты. І ўсё гэта даволі танна, з істотнай зьніжкай — даставяць бясплатна проста ў кватэру.

Што адметна: сацыяльнаму работніку за такія паслугі давялося б заплаціць немалыя грошы. А ў нас жа столькі старых, хворых, нямоглых, якія маюць патрэбу менавіта ў гэтым.

Дзяржаўныя чыноўнікі звычайна скардзяцца на тое, што дапамагаць інвалідам ды пэнсіянэрам — гэта надта затратная справа, што мы ў суцэльных даўгах перад імі. А тут прыватная кампанія робіць такую вялікую справу, ня просячы ў дзяржавы ніякай аплаты. Як жа так?» —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Анатоль Чачотка зь Менску.

Як ні дзіўна, спадар Анатоль, гандлёвай кампаніі гэта выгадна. Спытаеце, за кошт чаго прыбытак, калі цэны нічым не адрозьніваюцца ад крамных? А за кошт таго, што тавары вам дастаўляюць наўпрост са складу — ня трэба траціцца на паслугі прадаўцоў, экспэдытараў, фасоўшчыкаў і г.д. Прадпрымальныя ўласьнікі гэтай сеткі ўсё добра пралічылі — і няблага зарабляюць на гэтым, адначасова пакінуўшы бяз справы многіх так званых «сацыяльных работнікаў», паслугі якіх найчасьцей — і дарагія, і ня надта якасныя.

____________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG