Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раніца пасьля мітынгу: Суботнік ў Курапацкім лесе. Блінцы. Госьці. Экскурсія. Нагляд міліцыі


Над лягерам абаронцаў Курапат зраніцы — сонца, такі ж і настрой у валянтэраў. Маладафронтавец Раман Васільеў кажа, што начаваць пасьля вечаровага мітынгу засталося чалавек 20–30.

«Большасьць раніцай сышлі, але некаторыя і цяпер у намётах. Адпачываюць.

Людзі падыходзяцьняспынна, не пасьпяваем сустракаць. Па-ранейшаму вязуць ежу, дровы, бэнзін. Сваякі праведваюць, — вось мая жонка з дачкой Кірай прыехалі».

Раман Васільеў з жонкай Касяй і дачкой Кірай
Раман Васільеў з жонкай Касяй і дачкой Кірай

Сяргей Пальчэўскі дзівіцца колькасьці ўдзельнікаў учорашняга мітынгу: «Думаў, што будзе меней, бо ўжо ж амаль перамога. Але аказалася наадварот.

Дарэчы, учора бачылі сярод амапаўцаў, якія назіралі за мітынгам, тых, хто нас скручваў падчас акцыі на адкрыцьці помніка Леніну на Трактарным заводзе. Стаялі моўчкі, не падыходзілі. Ды і цяпер дзяжураць, але ўжо іншыя», — Сяргей паказаў на чырвоны легкавік з двума пасажырамі.

Сяргей Пальчэўскі і гэту ноч правёў у лягеры
Сяргей Пальчэўскі і гэту ноч правёў у лягеры

Што да беларускіх міліцыянтаў, якія сёньня адзначаюць 100 гадоў стварэньня сваёй структуры, дык спрэчкам вакол іх дзейнасьці тут нададзены новы імпульс. На плоце людзі вывесілі фатаздымкі хронікі, на якіх супрацоўнікі НКВД праводзяць расстрэлы «ворагаў народу».

Аўтары допісаў на плякатах зьвязалі гэтыя здымкі з заявамі міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча, які казаў журналістам, што ганарыцца подзьвігамі супрацоўнікаў НКВД і таму на сьвята Перамогі апранае міліцэйскую форму часоў сталінскіх рэпрэсій.

Наведнік лягеру абаронцаў Курапатаў спадар Іван абураны такой пазыцыяй міністра Шуневіча:

«А чаму б у суд на яго не падаць? Не магу ўявіць, каб недзе ў Нямеччыне зьявіўся чалавек, які б апрануў форму эсэсаўца ды публічна ёй пахваляўся! Мала ім адных Курапатаў, яшчэ хочуць?»

Спадар Іван абураецца ўчынкам міністра Шуневіча
Спадар Іван абураецца ўчынкам міністра Шуневіча

Спадара Івана падтрымаў Аляксандар Ігнаценка, які прыехаў з жонкай, зяцем і ўнукам з Крычава адмыслова, каб наведаць Курапаты. Аляксандар толькі тут даведаўся, што забудоўнік адмовіўся ад плянаў будаўніцтва каля Курапатаў офіснага цэнтру і з панядзелка тут пачнуць зносіць плот:

«Гэта выдатна! Можа, першы раз такое, каб пачалі змагацца і сапраўды ўдалося! Што значыць — разам!» — захапляецца Аляксандар і расшпіляе куртку, пад якой — майка з «Пагоняй».

Аляксандар Ігнаценка з Крычава
Аляксандар Ігнаценка з Крычава

Уладзь Яроменак кажа, што дзень асабліва ня будзе адрозьнівацца ад мінулых. «Стаім як стаялі. Грэемся каля бочкі з вогнішчам. Размаўляем зь людзьмі. Хутка будзе экскурсія ў Курапаты, правядзе яе Аляксей Галіч. А Сьвятлана Каваленка з АГП зраніцы ўжо зладзіла туды два паходы для прыборкі тэрыторыі».

Валянтэрка з АГП Сьвятлана Каваленка
Валянтэрка з АГП Сьвятлана Каваленка

На панядзелак у валянтэраў заплянаваны разбор лягера і прыборка тэрыторыі. «Шмат будзе работы. Трэба наконт тэхнікі дамаўляцца, бо будзем вывозіць бочкі, паддоны, рэчы. І хай людзі прыходзяць, якія нам рэчы прыносілі, — можа, што забяруць. Мяркую, на будучыню для новага лягеру прыдасца», — кажа Ўладзь Яроменак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG