Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што ў цэлым заявы Лукашэнкі па зьнешнепалітычнай тэматыцы ў інтэрвію Bloomberg выглядаюць супярэчліва і алягічна:
«Лукашэнка нібыта і паўтарае нейкія тэзы маскоўскай прапаганды (пра разгул нацыяналістаў ва Ўкраіне і г.д.). А зь іншага боку, ён кажа і тыя рэчы, якія станоўча ўспрымуць у Кіеве і на Захадзе. То бок гэта адлюстраваньне ягонага манэўраваньня ва ўкраінскім пытаньні, якое мы назіраем ужо другі год пасьля пачатку ўкраінскага крызісу. Таму што тут трэба беларускаму кіраўніку праскочыць паміж Сцылай і Харыбдай: з аднаго боку — не раззлаваць Маскву, а зь іншага боку — дыстанцыявацца настолькі, каб падтрымліваць нармальныя дачыненьні з Кіевам і нават палепшыць дачыненьні з Захадам, які ўсё ж такі цэніць гэтую ўмоўна нэўтральную ці, ва ўсякім разе, дастаткова дыпляматычную пазыцыю Беларусі ва ўкраінскім пытаньні», — лічыць аналітык.
У інтэрвію Bloomberg найбольш увагі прыцягнула заява Лукашэнкі пра тое, што «без амэрыканцаў ва Ўкраіне немагчымая ніякая стабільнасьць», і, каб ва Ўкраіне ўсталяваўся трывалы мір, ЗША і Расея павінны дамовіцца паміж сабой. Але Класкоўскі ня бачыць у гэтай заяве вялікай сэнсацыі.
«Сапраўды, шмат якія мэдыі ўчапіліся за гэтае выказваньне Лукашэнкі, шукаючы тут вялікую сэнсацыю: нібыта беларускі кіраўнік кідае такім чынам выклік Крамлю, ангажуючы амэрыканцаў у вырашэньне ўкраінскага крызісу. Але насамрэч я тут ня бачу ніякай супярэчнасьці, і гэта не азначае, што Лукашэнка, як кажуць у народзе, прагінаецца перад Штатамі. Гэта па-свойму лягічны працяг ягоных ранейшых заяваў — маўляў, янкі ва Ўкраіне муцяць ваду, штурхаюць да братазабойчай вайны — толькі гэта паварот мэдаля іншым бокам. Бо паколькі яны так ці інакш тузаюць за ніткі, хай яны ўдзельнічаюць ва ўрэгуляваньні гэтага канфлікту», — кажа экспэрт.
Больш за тое, на думку Класкоўскага, магчыма, гэтая заява зроблена зусім ня ў піку Маскве, а якраз наадварот — ня выключана, што Лукашэнка тут выконвае пасярэдніцкую паслугу для Крамля, які хацеў бы ўсё ж такі дамовіцца з ЗША пра вырашэньне ўкраінскага крызісу.
«Але наўпрост заяўляць, што трэба неяк выкручвацца і ісьці на кампрамісы, — гэта для Крамля азначае страту твару. Таму вуснамі Лукашэнкі прамаўляюцца нейкія кампрамісныя прапановы: маўляў, давайце сядаць і дамаўляцца. Таму я не выключаю, што гэта ўскосна і крамлёўскае пажаданьне», — адзначае ён.
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў інтэрвію Свабодзе канстатуе, што заява Лукашэнкі наконт вырашальнай ролі ЗША ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу, безумоўна, выклікала вялікую цікавасьць. Аглядальнік зьвяртае ўвагу на тое, што менавіта на гэтых цытатах Лукашэнкі зрабіла акцэнт ягоная прэс-служба, прычым зьявіліся яны якраз да так званага дня яднаньня народаў Беларусі і Расеі — дзьвюх краін, кіраўніцтва якіх вядомае сваім моцным антыамэрыканізмам.
Але лічыць гэтыя словы Лукашэнкі антырасейскімі ці антыкрамлёўскімі нельга. Якаўлеўскі, гэтаксама як і Класкоўскі, не выключае, што беларускі лідэр агучвае тую прапанову, якую хацела б данесьці да Захаду Масква. Ня выключана, што Крэмль хацеў бы адмовіцца ад нармандзкага фармату перамоваў і перайсьці да перамоваў наўпрост з ЗША, краінай, якая мае вялікі ўплыў на сусьветную палітыку.
«Выглядае так, што гэтая заява можа быць выкананьнем пажаданьня Пуціна», — кажа Якаўлеўскі.
Але свой інтарэс у Лукашэнкі таксама ёсьць.
«На маю думку, гэтая заява можа ў пэўнай ступені станоўча для Лукашэнкі паўплываць на прыняцьцё рашэньняў МВФ аб пажаданым крэдыце, бо ЗША валодаюць кантрольным пакетам гэтай структуры», — адзначае аглядальнік.
Акрамя таго, гэтая заява магла быць мэсыджам тым амэрыканскім кангрэсмэнам, якія некалькі дзён таму наведалі Кіеў, а цяпер адправіліся ў Вільню. Магчыма, Лукашэнка разьлічваў, што пасьля гэтай заявы яны наведаюць і Менск. «Але выглядае так, што амэрыканскія кангрэсмэны праляцелі над Беларусьсю, не заўважыўшы Лукашэнкі», — кажа Якаўлеўскі.