Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Беларусь ніколі ня будзе паўночна-заходнім краем Расеі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін.
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін.

Беларусь ніколі ня будзе паўночна-заходнім краем Расеі, а застанецца незалежнай. Пра гэта ў інтэрвію мэдыяхолдынгу Bloomberg заявіў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе БЕЛТА.

Паводле Лукашэнкі, у Расеі шмат палітыкаў, якія «мысьляць імпэрску і інакш не бачаць, як тое, што Беларусь павінна быць нейкім паўночна-заходнім краем».

«На гэта мы даем канкрэтны адказ: мы ня будзем паўночна-заходнім краем. Як і ня будзем ніколі, як я гэта разумею, канфліктаваць з Расеяй!» — падкрэсьліў Лукашэнка. «І сёньня кіраўніцтва Расеі ніколі не ставіла наўпрост пытаньне аб тым, што Беларусь павінна быць у складзе Расеі. Былі нейкія, ведаеце, намёкі ў мінулым, на што было вельмі жорстка адрэагавана з майго боку. Мы былі і ёсьць суверэнная, незалежная дзяржава. Ёй і застанемся», — сказаў Лукашэнка.

«Ніколі Пуцін ня ставіў перада мной пытаньня: вось, слухайце, вы, давайце, забудзьцеся пра сваю незалежнасьць, вы будзеце губерняй Расейскай Фэдэрацыі. Ён ведае, як я на гэта адрэагую. Таму ніколі не было такога абмеркаваньня», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

З пункту гледжаньня Лукашэнкі, у Пуціна няма імкненьня аднавіць імпэрыю:

«На Захадзе існуе меркаваньне, што ён (Уладзімер Пуцін. — РС) хоча нейкую імпэрыю аднавіць. Ён па сутнасьці іншы чалавек. Ён ня будзе імкнуцца да аднаўленьня нейкай імпэрыі. Але калі хтосьці ўжо занадта будзе закопвацца і ківаць пальцам у бок Расеі, ды яшчэ і дубінай размахваць, то нават ня толькі Пуцін, у расейцаў такі менталітэт, што на дубіну Расея адкажа. Таму з Расеяй трэба быць акуратнымі, — адзначыў ён. — Няма ў Пуціна жаданьня чаго-небудзь там захапіць. Ён сучасны чалавек і разумее, што ў сучасны час гэта вельмі небясьпечна».

На яго думку, не будзе Расея і ваяваць супраць Беларусі:

«У кіраўніцтва Расеі няма падставы нават дрэнна ў наш бок глядзець. Яго не зразумее расейскі народ, расейцы не зразумеюць. Чаго супраць нас ваяваць? Няма прычын. Таму я нават ня думаю так, што Расея будзе ваяваць супраць Беларусі». «Але я яшчэ раз падкрэсьліваю: хто б ні прыйшоў да нас з мячом, той ад мяча і загіне. Мы будзем ваяваць супраць эўрапейцаў, амэрыканцаў, расейцаў — каго заўгодна, калі яны паставяць перад сабой мэту заваяваць гэты кавалак зямлі, на якім павінны жыць беларусы», — сказаў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG