Амаль месяц прамінуў ад моманту, як уступіў у сілу прэзыдэнцкі ўказ ад 14 сьнежня 2015 году № 485 «Аб удасканаленьні аховы археалягічных абʼектаў і археалягічных артэфактаў». Законную сілу дакумэнт, які пазыцыянаваўся як спроба змагацца з «чорнымі капальнікамі», набыў 18 сакавіка. Але ці па іх ён ударыць у першую чаргу?
Ад імя аматараў прыборнага пошуку зь лістом да прэзыдэнта, Савету міністраў, дэпутатаў Савету рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў, кіраўніцтва Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, журналісцкай супольнасьці і неабыякавых да гісторыі Бацькаўшчыны грамадзянаў зьвярнуўся жыхар Менску, калекцыянэр Руслан Верамей.
Ён не аспрэчвае, што неабходнасьць падобнага ўказу насьпела даўно, але лічыць, што ў дадзенай фармулёўцы ўказ, як і іншыя заканадаўчыя акты, якія былі распрацаваныя ў яго разьвіцьцё і ўжо набылі законную сілу, ставіць пад пагрозу ня толькі саму працу па захаваньні гісторыка-культурнай спадчыны, але і пакідае шмат пытаньняў наконт таго, як абмежавальныя захады будуць ужывацца ў дачыненьні да калекцыянэраў, аматараў прыборнага пошуку і людзей, неабыякавых да гісторыі роднага краю.
«Прапісаныя ва ўказе азначэньні «пошук», «археалягічны артэфакт», «археалягічны абʼект» нават прафэсійнага юрыста прымушаюць задумацца, як указ будзе прымяняцца на практыцы. Напрыклад, калі чалавек глядзіць сабе пад ногі і мэтанакіравана шукае «артэфакт», то ён ужо зьдзяйсьняе «пошук». А калі ён візуальна знаходзіць «артэфакт», так бы мовіць, не мэтанакіравана, то гэта ўжо выпадковая знаходка. Варыянт прыборнага пошуку прадметаў, якія ня ёсьць артэфактамі, ва ўказе ўвогуле не разгледжаны, а з гэтага вынікае, што нават калі хто шукае савецкія капейкі, а яму трапляецца больш старая манэта, то ён ужо — парушальнік закону. Дый само паняцьце «археалягічны артэфакт» выклікае ня менш пытаньняў, бо, згодна з фармулёўкай, прадмет адначасова павінен адпавядаць некалькім крытэрыям, якія звычайнаму чалавеку вызначыць без дапамогі экспэрта немагчыма (узрост знаходкі, гістарычная, мастацкая, культурная ці навуковая каштоўнасьць, крытэрыі для наданьня статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці). На каго разьлічаныя такія расплывістыя азначэньні, якія можна трактаваць настолькі адвольна, што закон ператвараецца, як кажуць, у дышаль: як павярнуў, так і выйшла? На дадатак любое поле, дзе знойдзены артэфакт, аўтаматычна ператвараецца ў «археалягічны абʼект».
Як працягвае Руслан Верамей, улічваючы багатую гісторыю Беларусі, пасяўная кампанія можа і не пачацца, бо на кожным полі знойдзецца пара-тройка такіх «археалягічных артэфактаў» — а далей, згодна з указам, поле павінны абсьледаваць адпаведныя спэцыялісты. Няўжо ў будучыні плянуецца ігнараваць заканадаўчую забарону на земляныя працы ў межах «археалягічных абʼектаў»? Ці потым за пашкоджаньне абʼекта будуць выпісваць штрафы? З такім падыходам аграрыі хутчэй схаваюць знаходкі або іх «не заўважаць», чым будуць зрываць пляны пасяўной кампаніі.
Спадар Верамей мяркуе, што ўказ № 485 рыхтавалі гісторыкі і археолягі, якія вырашылі «падмяць» пад сябе ўсю працу па вывучэньні і захаваньні гістарычнай спадчыны, прыкрываючыся ўсясьветным досьведам і ставячы ў прыклад заканадаўства краінаў, у якіх прыборны пошук пад забаронай. Пры гэтым цалкам ігнаруецца іншы досьвед — тых краін, дзе аматары прыборнага пошуку дзейнічаюць у сымбіёзе з афіцыйнай археалёгіяй. Так, у Вялікай Брытаніі толькі за першы год сумеснай працы афіцыйнай навукі і аматараў знойдзена 57,5 тысячы артэфактаў. І гэта толькі за год. Наступныя гады прыносілі яшчэ больш знаходак: адкрытыя шматлікія скарбы і новыя археалягічныя помнікі, пра якія афіцыйная навука нават не здагадвалася.
«Што можа супрацьпаставіць беларуская навука? — задаецца пытаньнем Руслан Верамей. — Каля паўсотні беларускіх археолягаў бяруць на сябе місію ратаваньня гістарычнай спадчыны. Хоць самі і прызнаюць, што ня могуць дасьледаваць нават абʼекты, здаўна вядомыя. Што ўжо казаць пра звычайныя палеткі! Археолягаў мала, зарэгістраваных археалягічных абʼектаў шмат, а на палетках, якія штогод апрацоўваюцца, абʼекты, калі яны там ёсьць, увогуле не адкрытыя. Хіба археолягі будуць праводзіць раскопы там, дзе археалягічных абʼектаў, магчыма, няма ўвогуле, маючы значны сьпіс недасьледаваных абʼектаў? Як мінімум, ня ў гэтым стагодзьдзі».
Як піша аўтар ліста, археолягі любяць казаць, што, калі нешта праляжала ў зямлі некалькі стагодзьдзяў, то і пару гадоў паляжыць, нічога зь ім ня стане. Раскопваючы на некалькі мэтраў углыб, яны, відавочна, забыліся, як выглядаюць знаходкі на глыбіні пары дзясяткаў сантымэтраў! Хімічныя ўгнаеньні, якія штогод рассыпаюцца на палях, зьядаюць мэтал з астранамічнай хуткасьцю. І калі нарэшце на такім полі зьявяцца навукоўцы, шукаць сапраўды прыйдзецца ўсьляпую. Замест таго каб наладзіць апэратыўны збор інфармацыі, археолягі хочуць забараніць любы пошук. Даходзіць да абсурду: калі мэтанакіравана глядзець сабе пад ногі і знайсьці артэфакт, можна трапіць пад адміністратыўную адказнасьць зь вялізным штрафам — да 50 базавых велічынь. Спадзяюся, што «прыбор», якім праводзіўся пошук, — вочы — ня будзе канфіскоўвацца, як гэта прадугледжана праектам паправак у Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях.
«Акрамя дасьледаваньня тэрыторыі Беларусі (археолягі праводзяць раскопы, пішуць навуковыя артыкулы і манаграфіі, займаюцца археалягічным наглядам на будоўлях і пры земляных працах), у плянах — праца на добраахвотных асновах у камісіях па рэгістрацыі археалягічных артэфактаў з прыватных калекцыяў. Сіламі 50 археолягаў! Да чаго гэта прывядзе па факце? Будоўлі ў гістарычных цэнтрах гарадоў праводзяцца „пад наглядам“, замест плянавых археалягічных працаў. Ніякі забудоўшчык ня будзе марнаваць час на дасьледаваньні, бо мае зацьверджаны плян будаўніцтва. Любая затрымка — гэта фінансавыя страты. Якая ўжо тут гістарычная спадчына, калі гаворка ідзе пра страты на мільярды рублёў? Чаму ў такіх выпадках афіцыйная навука ахвяруе нашай спадчынай дзеля інтарэсаў інвэстара ці забудоўшчыка? Некаторым выпісваюць штрафы, пра іншых нават ня ведаюць. Колькі помнікаў гісторыі і культуры зьнішчана сельскай гаспадаркай, будаўніцтвам дарог і іншых абʼектаў? А праблема, аказваецца, ня ў тым, што археолягаў не хапае, а ў тым, што па калгасных палях ходзяць людзі з мэталадэтэктарамі», — кажа аўтар.
Чым могуць пахваліцца археолягі ў пляне знаходак? Рэпартаж тэлеканалу «Белсат» з раскопаў у гарадзенскім замку: у топ-10 трапілі малыя каменныя шарыкі ад сярэднявечнай гульні і сьвінцовае рыбацкае грузіла.
«Я разумею, што археолягі працуюць сыстэмна і плянамерна, але ў замку з такой гісторыяй зрабіць такія адкрыцьці! — працягвае спадар Верамей. — У такім выпадку не выклікае зьдзіўленьня той факт, што ў нашых музэях такія прымітыўныя экспанаты, а экспазыцыі не абнаўляюцца гадамі. Дарэчы, пытаньні да музэйнай справы заслугоўваюць асобнай увагі, пачынаючы ад зьместу экспазыцыяў і сканчаючы сапраўднасьцю выстаўленых экспанатаў і наяўнасьцю артэфактаў у запасьніках: ня так даўно паведамлялася пра зьнікненьне шэрагу экспанатаў, пасьля чаго пачалася глябальная інвэнтарызацыя і праверкі, якія, дарэчы, праводзяць супрацоўнікі тых самых музэяў, дзе і здарылася прапажа...»
не выклікае зьдзіўленьня той факт, што ў нашых музэях такія прымітыўныя экспанаты, а экспазыцыі не абнаўляюцца гадамі
Археолягі абураюцца, што на розных інтэрнэт-форумах і аўкцыёнах аматары прадаюць рэдкія, а часам і невядомыя артэфакты. Тое, што такія знаходкі ідуць у абыход навукі, безумоўна, дрэнна. Але ўзьнікае пытаньне: як аматары прыборнага пошуку на пераараных палях робяць больш цікавыя адкрыцьці, чым прафэсіяналы — у гістарычных цэнтрах гарадоў ды мястэчак? Па тэлеканале БТ-1 трансьляваўся рэпартаж, у якім на раскапанай будаўнічай тэхнікай пляцоўцы каля нейкай царквы аматары прыборнага пошуку знаходзілі манэты часоў Рэчы Паспалітай. А дзе ў гэты момант былі археолягі? Абмежаваліся «наглядам» ці ўвогуле не палічылі неабходным займацца раскопамі ў гэтым месцы? Або афіцыйную навуку цікавяць толькі курганы ды гарадзішчы больш раньніх часоў? Тады чаму зладзеямі выстаўляюць людзей, якія фактычна вяртаюць зь нябыту артэфакты нашага мінулага?
Спадар Верамей не адмаўляе, што аматары прыборнага пошуку наносяць пэўную шкоду гістарычнай спадчыне. Але гэта абумоўлена выключна тым, што адсутнічае элемэнтарная арганізацыя, сыстэма ўліку і фіксацыі месца знаходак, а таксама кантроль за іх абаротам. Замест эфэктыўнага супрацоўніцтва археолягі вырашылі манапалізаваць галіну, бо прасьцей забараніць мэталапошук увогуле, чым яго арганізаваць:
«Часта даводзіцца чуць ад прадстаўнікоў афіцыйнай навукі, што да ўказу № 485 не было аніякай магчымасьці змагацца з так званымі „чорнымі капальнікамі“. Няўжо навукоўцам невядома, што ў Кодэксе аб адміністратыўных правапарушэньнях ёсьць пункт 19 — „Адміністратыўныя правапарушэньні ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны“? Там зьмешчана ажно 7 артыкулаў, у якіх усё дакладна прапісана. Крымінальны кодэкс таксама ніхто не адмяняў, артыкулы з 344 па 347 уключна. Чатыры артыкулы з крымінальнай адказнасьцю! Артыкулы закранаюць і пашкоджаньні, і зьнішчэньне гісторыка-культурнай каштоўнасьці альбо нават абʼектаў, якім такі статус толькі можа быць нададзены. Але ці шмат парушальнікаў было прыцягнута да адказнасьці? Мізэр. Праваахоўныя органы больш увагі аддавалі і аддаюць парушальнікам, якія зьвязаныя зь незаконным абаротам зброі і выбуховых рэчываў. Гэта цалкам зразумела: пашкоджаньне археалягічнага помніка ўяўляе значна меншую грамадзкую небясьпеку, чым зброя і выбухоўка ў руках злодзея».
Пры гэтым, як адзначае аўтар ліста, аматараў прыборнага пошуку, якія выпадкова знайшлі выбухованебясьпечныя прадметы і паведамілі ў міліцыю, аўтаматычна ставяць на прафіляктычны ўлік як патэнцыяльна небясьпечных элемэнтаў, да іх прыходзяць праверкі падчас спэцапэрацыяў «Арсэнал». Такая пільная ўвага зразумелая, але гэта прыводзіць да таго, што большасьць аматараў прыборнага пошуку проста топяць небясьпечныя знаходкі ў вадасховішчах або прыкопваюць глыбей. «Хто ведае, каб у гэтай галіне было наладжана супрацоўніцтва з аматарамі, магчыма, трагедыя ў Вешаўцы, дзе ад снараду часоў вайны загінулі дзеці, не адбылася б: дзейных сапёраў у нас не нашмат больш, чым археолягаў, а вайна закранула кожны лапік беларускай зямлі», — лічыць ён.
Асобная ўвага ў звароце аддаецца пытаньню калекцыянаваньня. Калекцыянэры, каб адвесьці ўдар ад сябе, намагаюцца адмежавацца ад аматараў прыборнага пошуку. Хоць цалкам лягічна, што рынак антыкварыяту і артэфактаў папаўняецца ў асноўным дзякуючы гэтым самым аматарам — попыт нараджае прапанову. Заканадаўства ў гэтай галіне распрацавана слаба. Пра што можна казаць, калі калекцыянэр, які набывае манэту Расейскай Фэдэрацыі вартасьцю ў 1 капейку, аўтаматычна падпадае пад адказнасьць за незаконныя валютна-абменныя апэрацыі? Добра, калі вядома, што манэта ўсё яшчэ знаходзіцца ў абароце. А калі гэта манэты якой Уганды ці Кеніі? Там яны могуць таксама быць у абароце. А манэты іншых краінаў, старэйшыя за 120 гадоў, набытыя за мяжой, хіба маюць дачыненьне да гістарычнай спадчыны Беларусі? Згодна з указам — маюць, а па факце?
Каб «археалягічныя артэфакты» з прыватных калекцыяў сталі даступнымі для навуковага дасьледаваньня, плянуецца стварыць адмысловы рэестар. Трэба зарэгістраваць «артэфакт», перадаўшы яго археалягічнай камісіі разам з двума фатаздымкамі і заявай. А калі калекцыя налічвае не адну сотню, а то і тысячу абʼектаў? У ХХІ стагодзьдзі абсурдна выглядае патрабаваньне рабіць па два папяровыя здымкі, якія задарма ніхто ня зробіць. І колькі часу спатрэбіцца на рэгістрацыю? Згодна з указам — да канца году. Але камісіі дагэтуль яшчэ ня створаныя. Да таго ж ніхто не дае аніякіх гарантыяў захаванасьці перададзенага абʼекта — сам факт наяўнасьці рэестру ставіць уладальнікаў пад пагрозу. Хто ведае, ці ня трапіць інфармацыя з рэестра злачынцам, якія адразу будуць ведаць, да каго і па што ісьці? Такія прэцэдэнты ўжо былі. А можа быць і яшчэ весялей: прызнаюць абʼект гістарычнай каштоўнасьцю, потым правядуць праверку, як захоўваецца гэтая гістарычная каштоўнасьць, выявяць парушэньні, выпішуць штраф і канфіскуюць. Хто тады пойдзе рэгістраваць свае калекцыі? Іх прасьцей вывезьці ў тую ж Расею ці па старой завядзёнцы закапаць да лепшых часоў.
Абсурдна было б, каб усім забаранілі паляваньне і рыбалку праз наяўнасьць браканьераў, або кіраваньне аўтамабілем з-за пʼяных за рулём
Канчаткова заблытаў сытуацыю з калекцыянаваньнем адказ Міністэрства культуры на зварот «Беларускага рэспубліканскага грамадзкага абʼяднаньня калекцыянэраў» наконт таго, як мае прымяняцца ўказ № 485. Ведамства ўводзіць паняцьце «прадмет антыкварыяту». Пад такімі прадметамі маюцца на ўвазе «культурныя каштоўнасьці, створаныя больш за 50 гадоў таму адносна даты прыёму на камісію (творы жывапісу, графікі, скульптуры, даўнейшая мэбля, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, унікальныя і рэдкія музычныя інструмэнты, старадаўнія манэты, ордэны, мэдалі і іншыя прадметы калекцыянаваньня)». І далей Мінкульт сьцьвярджае, што ўказ «не закранае пытаньні калекцыянаваньня прадметаў антыкварыяту». Дык дзе тая мяжа паміж «археалягічным артэфактам» і «прадметам антыкварыяту»? Пра рэгістрацыю прадметаў антыкварыяту ва ўказе не сказана ні слова. Хто будзе прымаць рашэньне, чым ёсьць манэта ці іншая рэч — артэфактам або антыкварыятам? І хто будзе потым вінаватым?
Як працягвае Руслан Верамей, прадстаўнікі афіцыйнай навукі, зь якімі даводзіцца весьці завочныя дыскусіі ў СМІ, ня могуць даць дакладных адказаў на ўзьнятыя пытаньні. Так, абарот прадметаў гісторыі і культуры трэба кантраляваць. А са злачынцамі, якія парушаюць заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, трэба змагацца паводле закону — як і з браканьерамі, нецьвярозымі кіроўцамі, карупцыянэрамі. «Абсурдна было б, каб усім забаранілі паляваньне і рыбалку праз наяўнасьць браканьераў, або кіраваньне аўтамабілем з-за пʼяных за рулём, або распусьцілі ўвесь апарат чыноўнікаў, бо сярод іх трапляюцца карупцыянэры. А ў дачыненьні да аматараў гісторыі паступілі менавіта так: агулам зрабілі злачынцамі, пакінуўшы толькі за афіцыйнай навукай права на вывучэньне нашай агульнай гісторыі», — наракае калекцыянэр і аматар прыборнага пошуку Руслан Верамей.
Далей ён піша, што гісторыкі любяць параўноўваць знаходкі ў зямлі з кнігай: маўляў, вырві колькі «старонак» зь яе — і «кніга» будзе няпоўная. Але хіба лепей, калі гэтыя «старонкі» проста згніюць у зямлі? Ці не разумней абʼяднаць намаганьні аматараў і археолягаў? Тысячы чалавек па ўсёй Беларусі маглі б займацца выведкай, фармуючы такім чынам мапу разьмяшчэньня знаходак, якую потым маглі б выкарыстоўваць археолягі для плянамерных раскопак.
Замест гэтага, адзначае ён, археолягі заклікаюць аматараў павыкідаць свае прыборы і пайсьці валянтэрамі з «пэндзлікамі і зубачысткамі» на раскопы — маўляў, без валянтэраў супрацы ня будзе, бо 50 археолягаў адны ня ўправяцца. А каб канчаткова пазбавіць магчымасьці легальна працягваць пошук з прыборам, прапісалі патрабаваньні: вышэйшая адукацыя па спэцыяльнасьці «археалёгія» ці «гісторыя (археалёгія)»; валоданьне навуковымі практычнымі ведамі; практыка ўдзелу ў археалягічных дасьледаваньнях на працягу ня менш як двух гадоў у сукупнасьці... Цынічна пры гэтым выглядала заява ў рэпартажы на БТ-1 аднаго навукоўца, які казаў: аматары прыборнага пошуку змогуць заключаць дамовы з музэямі і Інстытутам гісторыі НАН. Вядома, змогуць — калі будуць адпавядаць вышэйзгаданым патрабаваньням, пра што навуковец тактоўна прамаўчаў.
Далей спадар Верамей зьвяртае ўвагу на патрабаваньне перадаваць знаходкі дзяржаве: што будуць рабіць гісторыкі зь мільёнамі манэт, тонамі керамікі ды іншых прадметаў? Складаваць у запасьніках? Выкарыстоўваць для напісаньня манаграфіяў накладам 50 асобнікаў? У вольным доступе зусім мала літаратуры па гісторыі Бацькаўшчыны. Для каго пішуцца кнігі — для саміх навукоўцаў? Ці ў будучыні Інстытут гісторыі плянуе стаць манапалістам па рэалізацыі артэфактаў для прыватных калекцыянэраў? Гэта ўжо будзе сапраўдным блюзьнерствам.
Мсьціслаўская раённая газэта «Сьвятло кастрычніка» ад 2 красавіка піша: у выпадку, калі знаходка, перададзеная камісіі, ня будзе мець гістарычнай каштоўнасьці, яе вернуць аўтару знаходкі або ў музэй. Але пра такія працэдуры ні ва ўказе № 485, ні ў наступных заканадаўчых актах не сказана нічога.
«Падсумоўваючы ўсё набалелае (а за гісторыю душа баліць ня толькі ў археолягаў), хочацца выступіць ня толькі з крытыкай, а і з канструктыўнымі прапановамі — на жаль, указ аб захаваньні нашай агульнай спадчыны не абмяркоўваўся з грамадзтвам, якому гэтая спадчына фактычна і належыць», — піша пры канцы Руслан Верамей. І падае шэраг пунктаў:
1. Адмяніць указ № 485 і замяніць яго на іншы, які будзе адлюстроўваць інтарэсы ня толькі афіцыйнай археалёгіі, але таксама і аматараў гісторыі, пры гэтым робячы прыярытэтным кірункам не забесьпячэньне працай археолягаў, а дасьледаваньне і захаваньне гістарычнай спадчыны.
2. Не прымаць апублікаваны праект паправак у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
3. Стварыць сапраўды кампэтэнтныя археалягічныя камісіі, а не такія, як цяпер — з выканкамаўскіх чыноўнікаў, якія да гістарычнай навукі ня маюць ніякага дачыненьня. Камісіі павінны працаваць не на добраахвотных асновах, як прапісана ў Палажэньні аб археалягічных камісіях, а на прафэсійнай аснове, бо камісія — першы і самы важны этап, зь якога будзе пачынацца шлях любой знаходкі ў афіцыйную навуку. Камісіі павінны займацца аналізам выяўленых артэфактаў, іх сыстэматызацыяй, улікам і пры неабходнасьці ацэнкай.
4. Распрацаваць і ўвесьці ў дзеяньне Палажэньне аб пошуку артэфактаў, у якім прадугледзець не такія жорсткія, як цяпер, патрабаваньні да шукальнікаў. Асноўнымі забаронамі падчас пошуку павінны быць: пошук на археалягічным абʼекце і ў яго ахоўнай зоне; пашкоджаньне пасеваў; утойваньне артэфакта і месца яго знаходкі або падача недакладных зьвестак пра месца знаходкі; пошук на глыбіні, якая перавышае 0,5 мэтра; выкарыстаньне глыбінных мэталадэтэктараў і геарадараў; парушэньне культуры пошукавых дзеяньняў (незакапаныя ямы); выкарыстаньне будаўнічай тэхнікі; незаконны абарот археалягічных артэфактаў.
5. Стварыць пры Інстытуце гісторыі, музэях грамадзкія абʼяднаньні аматараў прыборнага пошуку са сплатай адпаведных сяброўскіх унёскаў, якія будуць паступаць у Археалягічны фонд, і з заключэньнем афіцыйнай дамовы, дзе прапісаныя правы і абавязкі бакоў, а таксама адказнасьць за магчымыя парушэньні.
6. Стварыць адзіную, пад кантролем дзяржавы, інтэрнэт-пляцоўку для правядзеньня аўкцыёнаў па продажы артэфактаў і антыкварыяту. Прадугледзець адлічэньне пэўнага працэнту ад сумы ўгоды ў Археалягічны фонд. Права першачарговага выкупу прадмета пакінуць за дзяржаўнымі навуковымі і культурнымі ўстановамі па абʼектыўным кошце. Іншыя спосабы продажу дазволіць толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў аб тым, што артэфакт унесены ў рэестар і дзяржаўныя навуковыя і культурныя ўстановы ня маюць намеру набываць яго ва ўласнасьць. Атрыманы ад продажу прыбытак абкладаць падаходным падаткам. Прадугледзець і магчымасьць бясплатнай перадачы артэфактаў у музэі.
7. Стварыць Археалягічны фонд, у якім будуць акумулявацца фінансавыя сродкі спонсараў, мэцэнатаў, унёскі абʼяднаньняў аматараў прыборнага пошуку, працэнт ад угодаў па продажы артэфактаў і антыкварыяту. За кошт сродкаў фонду можна будзе набываць артэфакты, фінансаваць дзейнасьць Археалягічных камісіяў, аўкцыёнаў і правядзеньне археалягічных дасьледаваньняў.
8. Арганізаваць рэгістрацыю прыватных калекцыяў такім чынам, каб бясьпека была гарантаваная і пры часовым захаваньні артэфактаў у камісіях, і ў пляне абароны інфармацыі пра ўладальніка артэфакта. Доступ да такога інфармацыйнага рэестра павінен быць істотна абмежаваны і трымацца пад кантролем сілавых органаў. Шараговым навуковым супрацоўнікам павінна быць даступная інфармацыя толькі пра сам артэфакт і ні ў якім разе пра яго ўладальніка. На першапачатковым этапе мэтазгодна рэгістрацыю калекцыі зрабіць добраахвотнай, але пры гэтым продаж артэфактаў ажыцьцяўляць згодна з рэкамэндацыямі п.6.
9. Шмат якія супрацьпраўныя дзеяньні ўжо прапісаныя ў кодэксах, трэба толькі прымусіць іх працаваць. Сярод астатніх правапарушэньняў варта прапісаць адказнасьць за незаконны абарот ці ўтойваньне артэфактаў, парушэньне правілаў пошуку, нявыплату падаткаў, разгалошваньне ці перадачу трэцім асобам інфармацыі пра ўладальнікаў артэфактаў, нямэтавае выкарыстаньне сродкаў Археалягічнага Фонду. Астатняе — згодна з фармулёўкамі новай рэдакцыі Закону «Аб удасканаленьні аховы археалягічных абʼектаў і археалягічных артэфактаў».
Ніхто не зьбіраецца пазбаўляць археолягаў працы, піша спадар Верамей і выказвае перакананьне, што пры належнай арганізацыі поле дзейнасьці будзе значна большае, чым ва ўмовах дзеяньня ўказу № 485: знаходкі і прыватныя калекцыі ня зьнікнуць для навукі і ня зьедуць за мяжу, а рынак антыкварыяту і артэфактаў ня сыдзе ў цень.
«Спадчына ў нас адна на ўсіх, і вялікай памылкай будзе не падпускаць да яе захаваньня людзей, якія на добраахвотных асновах дбаюць пра агульную гісторыю і культуру. Супольнымі намаганьнямі можна будзе даць новы штуршок разьвіцьцю гістарычнай навукі, адгарнуць невядомыя старонкі гісторыі нашай Бацькаўшчыны, падвысіць прэстыж прафэсіі гісторыка і археоляга, толькі разам можна абараніць нашу спадчыну і даць сапраўдны бой рэальным «чорным капальнікам», — завяршае свой допіс менскі калекцыянэр і аматар прыборнага пошуку Руслан Верамей.
Афіцыйная навука пакуль ня бачыць, на падставе якіх заслугаў можна прыцягваць аматараў прыборнага пошуку да супрацы. Як кажа старшы навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Максім Чарняўскі, адзін з галоўных момантаў — адсутнасьць даверу да самадзейных калегаў:
«Зноў жа, вяртаючыся да моманту даверу... Для пачатку неяк слаба ўяўляю, як я пушчу ў свабоднае плаваньне людзей, якія прыйдуць і, груба кажучы, скажуць, што мы хочам прайсьціся ўздоўж трасы з мэталашукальнікам. Мне ж не праводзіць кожны раз увечары вобшук, каб быць пэўным, што яны аддалі ўсё, што знайшлі. Мы сутыкаліся з такімі рэчамі, і ня верыцца, што ў псыхалёгіі нешта істотна зьмяняецца. Для прыкладу: я доўгі час працаваў на тарфянікавай стаянцы і, у прынцыпе, працягваю гэтым займацца. Дык вось раней была магчымасьць наймаць мясцовых школьнікаў, і я досыць працяглы тэрмін гэта рабіў, яны ў мяне працавалі на раскопах, пачынаючы, мабыць, зь пятай клясы. Але як яны дарасьлі да клясы 10–11-й, я заўважыў, што ў мяне проста пачалі зьнікаць знаходкі. То бок цікавыя рэчы пачынаюць паціху адкладаць сабе ў кішэню. Больш я зь імі, зразумела, не працаваў, цяпер арыентуюся на валянтэраў. Справа ў тым, што калі людзі едуць за свой кошт, за свае грошы, імі збольшага рухае ідэя, а ня нейкі мэркантыльны бок.
Мы ўжо тут з калегамі сьмяяліся: добра, калі вам так ужо хочацца пабегаць з „мэталюшнікам“, абярыце поле, зрабіце зварот на Інстытут гісторыі, хай ён правядзе экспэртызу і дасьць заключэньне, што тут няма археалягічных артэфактаў, няма ні селішча, ні стаянкі, ні часовага лягера французаў ці швэдаў. Калі ласка, гэтае поле будзе ваша, шукайце тое, што пагублялася. І паглядзім, колькі там зьбярэцца такіх аматараў. Гэта адзін з такіх жартоўных варыянтаў, бо насамрэч ня ведаю, як яшчэ давесьці пазыцыю навукоўцаў, бо ўжо столькі разоў спрачалася-пераспрэчвалася...»
Максім Чарняўскі ня ведае сярод калегаў нікога, хто б ставіў пад сумненьне неабходнасьць аховы гісторыка-культурнай спадчыны ад барбарскага ўмяшаньня некампэтэнтных асобаў. І кажа, што да ўнармаваньня заканадаўства ў гэтай галіне прыклаў руку практычна кожны археоляг Беларусі:
«Асабіста я не зьяўляюся адным з аўтараў ці распрацоўнікаў гэтага дакумэнту, але ўсе мы ўдзельнічалі ў абмеркаваньні некаторых яго частак. Таму што ўказ распрацоўваўся як Інстытутам гісторыі, так і Міністэрствам культуры, праекты хадзілі сюды-туды паміж установамі, і, натуральна, тыя прадстаўнікі інстытуту, якія ўдзельнічалі ў распрацоўцы дадзенага закону, радзіліся — як лепш зрабіць тут, як лепш тут, пастаянна дзяліліся сваімі думкамі. То бок можна сказаць, што кожны беларускі археоляг у нейкай ступені меў дачыненьне да зьяўленьня гэтай заканатворчай нормы», — сказаў Максім Чарняўскі.