Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар Марзалюк: Падонкам ад антыкварыяту будзе пастаўлена заслона


У сярэдзіне сакавіка пачне дзейнічаць прэзыдэнцкі ўказ № 485, які мае ўпарадкаваць дзейнасьць у археалягічнай галіне і ўдасканаліць мэтады аховы гістарычных аб’ектаў і артэфактаў.

Дакумэнт ужо выклікаў бурную рэакцыю сярод пошукаўцаў-аматараў і калекцыянэраў, нелегітымізаваная дзейнасьць якіх аўтаматычна падпадзе пад адміністрацыйную і нават крымінальную адказнасьць.

Указ фармальна скіраваны супраць так званых «чорных капальнікаў», якія пры дапамозе сучасных мэталадэтэктараў атрымалі нашмат большыя магчымасьці выяўляць месцы, дзе могуць хавацца скарбы. Адпаведна, сваімі дзеяньнямі яны разбураюць старажытныя селішчы, курганы, гарадзішчы.

Між тым у кампанію да «прафэсіяналаў», чыя барбарская актыўнасьць сапраўды, можа, вартая суровага пакараньня, агулам залічаныя і аматары прыборнага пошуку, якія не прэтэндуюць на старажытныя стаянкі і задавальняюцца «прамацваньнем» верхняга пласта на ворыве. Гэтая катэгорыя шукальнікаў лічыць няправільным, што ўсіх намагаюцца падраўняць пад адзін грабянец.

Ёсьць парушальнікі, якія ігнаруюць законы, пакідаюць цэлыя катлаваны на курганах, месцах баявых дзеяньняў, вайсковых і цывільных могілках. Гэта і ёсьць «чорныя капальнікі». Але існуе і досыць бяскрыўднае хобі — хадзіць з мэталадэтэктарам па старых дарогах і шукаць згубленыя ці прыхаваныя рэчы. Гэтая розьніца ніяк ня ўлічваецца, караць капальнікаў прапануецца «оптам».

Адзін з ініцыятараў і распрацоўвальнікаў законапраекту, доктар гістарычных навук, загадчык катэдры археалёгіі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова, сябра Савету рэспублікі Ігар Марзалюк кажа: для яго няма ніякай розьніцы, якой рамантыкай кіруецца чалавек з мэталашукальнікам.

Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

«Неабходнасьць больш жорсткага заканадаўства ў гэтым пытаньні насьпела даўно. І так, як гэтую сволач саджаюць у Брытаніі, Францыі, Нямеччыне, Ізраілі, урэшце, і ў Расеі — тое ж самае будзе і ў нас. Нарэшце гэтая мярзота перастане танцаваць на нашых курганах, вытоптваць нашы палеткі і прадаваць бясцэнныя артэфакты кшталту пояса Вітаўта ў Францыю, як гэта і было зроблена. Падонкам ад антыкварыяту будзе пастаўленая заслона. Дзеля гэтага мы зробім усё магчымае і немагчымае — як бы асобныя хлусьлівыя падонкі і „рупліўцы“ не расказвалі казкі пра тое, як моцна яны любяць беларускую спадчыну».

Крытыкі новага ўказу цытуюць самога спадара Марзалюка, які ня раз паўтараў — маўляў, верхні пласт зямлі не нясе ніякага культурна-гістарычнага значэньня, бо там усё даўным-даўно перамяшана. Сэнатар на такія папрокі адказвае, што ня хоча камэнтаваць словы, вырваныя з кантэксту, але сваёй думкі наконт капальнікаў усякай масьці мяняць не зьбіраецца:

Каб вы самі паглядзелі на вывернутыя косьці, перавернутыя курганы, магчыма, усё б зразумелі. Проста зьезьдзіце ў Ракаў, дзе ляжаць забітыя немцамі габрэі.

«Шваль і мярзотнікі. Я проста вельмі добра гэта ведаю. Каб вы самі паглядзелі на вывернутыя косьці, перавернутыя курганы, магчыма, усё б зразумелі. Проста зьезьдзіце ў Ракаў, дзе ляжаць забітыя немцамі габрэі. Запытайцеся ў Фэлікса Янушкевіча (мастак, заснавальнік Арт-галерэі ў Ракаве. — РС), ён пакажа, як яны пераварочваюць тыя магілы. Гэта ж мярзоцьце! А зь мярзотнікамі гавораць на мове Крымінальнага і Адміністрацыйнага кодэксаў. У залежнасьці ад віны, бо яны праводзяць незаконныя дзеяньні. У нас ніколі нікому не было дазволена праводзіць незаконныя раскопкі, проста ніхто ня думаў, што так разаўецца гэтая мэталадэтэкцыя. Таму, па вялікім рахунку, няма пра што лішні раз гаварыць і пра нешта выказвацца».

Згодна з указам № 485 нумізматычныя калекцыі трэба да канца 2016 году афіцыйна зарэгістраваць у камісіях пры выканкамах. Дзейнасьць такіх камісіяў, зрэшты, яшчэ нават не рэглямэнтаваная. Не дазваляецца зьбіраць знойдзеныя ў зямных нетрах прадметы, чый узрост перавышае 120 гадоў, абменьвацца і гандляваць імі. Да незаконных валютных апэрацыяў прыраўнаны продаж замежных манэтаў, якія знаходзяцца ў абарачэньні, забаронена набываць і збываць дзяржаўныя ўзнагароды СССР і Беларусі.

Зьбіральнікі артэфактаў папярэджваюць: такая катэгарычная заканатворчая ініцыятыва можа справакаваць ня толькі сыход у цень аматараў прыборнага пошуку, але і масавы вываз у іншыя краіны прыватных нумізматычных, фалерыстычных ды іншых калекцыяў. Але спадар Марзалюк перакананы, што з боку дзяржавы ўсё робіцца правільна:

Паглядзіце, як яны гандлююць тым, што выграбаюць, вытрасаюць з курганоў. Зьнішчаюць нашу спадчыну. Гэта не нявінная забава, гэта сапраўднае бедзтва.

«Для нармальнага археоляга, прафэсіянала, гэта зразумела. Як усё зразумела і з Астаповічам (старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. — РС), і іншымі, з дазволу сказаць, „рупліўцамі“, якія лезуць куды трэба і куды ня трэба. Вы схадзіце як-небудзь, як я хадзіў з прыхаванай камэрай, на ўсе гэтак званыя нумізматычныя таварыствы і паздымайце — паглядзіце, як яны гандлююць тым, што выграбаюць, вытрасаюць з курганоў. Зьнішчаюць нашу спадчыну. Гэта не нявінная забава, гэта сапраўднае бедзтва».

Ігар Марзалюк настойвае, што даўно трэба было брацца за навядзеньне парадку ў сфэры, якая ўзбагачае асобных дзялкоў ад гісторыі, але нішчыць неацэнную спадчыну. Таму, на яго перакананьне, закон абавязкова запрацуе, а ўсе нядобрасумленныя ўдзельнікі «чорнага рынку» атрымаюць па заслугах:

«Калі ня ведаеце, то пасьля наркотыкаў і алькаголю антыкварыят — гэта адно з самых калясальных укладаньняў. Незаконны „чорны рынак“ артэфактаў проста калясальны. Вось з чым трэба змагацца, а не сьпяваць песьні пра нядобрыя ўказы. Указ клясны. Абяцаю, што мы яго давядзем да ладу і прымем заканадаўства, якое будзе цалкам адпавядаць эўрапейскім нормам. Пацікаўцеся, як гэтая справа пастаўлена ў Ізраілі — там ёсьць археалягічны „спэцназ“, адмысловая археалягічная паліцыя».

Пасьля наркотыкаў і алькаголю антыкварыят — гэта адно з самых калясальных укладаньняў.

Карэспандэнт: «Вашы апанэнты апэлююць да таго, што „чорныя капальнікі“ — зусім ня тое, што аматары прыборнага пошуку...».

«Яны ўсе злачынцы, і я з гэтай поскудзьдзю гаварыць не зьбіраюся...».

На гэтым размова спынілася — спадар Марзалюк спаслаўся на тое, што яго выклікае кіраўніцтва ўнівэрсытэту. Засталося поўнае адчуваньне, што сэнатар ня мае ніякіх сумневаў у сваёй ратавальнай місіі.

Што прынясе зьбіральнікам артэфактаў ды палявым шукальнікам дзень 14 сакавіка? Менавіта тады пачнуць дзейнічаць новыя правілы гульні на археалягічным фронце.

Мянчук Руслан Верамей на выходныя часьцяком выбіраецца з мэталашукальнікам на прыроду, каб паспытаць шчасьця ў пошуку манэтак для сваёй немалой калекцыі. Аднак менш як празь месяц ягонае захапленьне ўжо можна будзе расцаніць як супрацьзаконнае.

Да таго ж за наступныя 8,5 месяца ён разам з тысячамі іншых калекцыянэраў павінен афіцыйна зарэгістраваць усе свае здабыткі, каб атрымаць экспэртную ацэнку іх гісторыка-культурнай каштоўнасьці. На думку Руслана Верамея, падобная задача цяжкавыканальная як з тэхнічнага гледзішча, так і таму, што людзі проста не гатовыя дапускаць дзяржаву ў межы прыватнай уласнасьці:

Руслан Верамей
Руслан Верамей

«Глядзіце: манэты ў тэчках — гэта тое, што трапіла ў калекцыю. Я іх адабраў, праверыў, пачысьціў, засунуў у кніжачку — гатова. А вось тое, што ідзе паўторна, — яны мне ў калекцыю фактычна не патрэбныя. Калекцыя запоўненая, і гэта як абменны фонд — прадаць, памяняць. Тым ня меней цяпер кожны паўтор я таксама мушу зарэгістраваць. А чалавек, які купіць, павінен прыехаць з маім дакумэнтам і перарэгістраваць на сябе. Працай сябе забясьпечаць на бліжэйшае стагодзьдзе пэўна. Толькі наўрад ці ўжо будзе бясплатна, бо штат ацэншчыкаў трэба карміць — як звычайна, не за бюджэтныя грошы. То бок увядуць расцэнкі, а нават сымбалічная плата ў вялікім аб’ёме вырастае ў салідную суму.

Лепей ім усё ж перагледзець тое, што панапрыдумлялі. У іншым выпадку атрымаецца, што значная частка сумленных людзей апынецца па-за межамі закону. Добра, калі хтосьці адсочвае інфармацыю, глядзіць навіны, чуў, што выйшаў такі ўказ. А калі ня ведае? Ну не цікавіцца чалавек навінамі, жыве сваім жыцьцём, сваёй справай, сваёй калекцыяй — і раптам апынаецца па-за межамі закону. Я, канечне, у курсе, што няведаньне закону ад адказнасьці не вызваляе. І ўсё ж пры ўсім тым добра было б пайсьці людзям насустрач, а не выдумляць нейкую сумнеўную працэдуру, каб потым усе хадзілі ўраскірэку».

Ігар Марзалюк, адзін з галоўных ініцыятараў і распрацоўнікаў дакумэнту, згодна зь якім набываць, прадаваць, дарыць, абменьваць і пакідаць у заклад археалягічныя артэфакты забаронена, перакананы: дзяржава нясе вялізныя страты ня толькі ад шкоды, якую наносяць чорныя капальнікі самім помнікам, але і з-за раскраданьня матэрыяльных каштоўнасьцяў, якія павінны быць у музэйных калекцыях краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG