Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна непатрэбных скарбаў


Скарб канца ІХ стагоддзя з Брылёўскага поля (фота з кнігі Рабцэвіч В.Н., Плавінскі М.А. Іоў А.В. «Брылёўскі скарб»)
Скарб канца ІХ стагоддзя з Брылёўскага поля (фота з кнігі Рабцэвіч В.Н., Плавінскі М.А. Іоў А.В. «Брылёўскі скарб»)

Беларускія нетры раз-пораз яшчэ зьдзіўляюць нечаканымі археалягічнымі знаходкамі, але навіны з палёў далятаюць усё радзей — у прафэсіяналаў бракуе сродкаў на маштабныя раскопы, а чорныя капальнікі сваімі трафэямі публічна ня хваляцца.

Бадай ці ня кожны, прынамсі ў дзяцінстве, марыў знайсьці скарб, каб ня мець потым клопату па жыцьці. Але ў Беларусі гэта можа стаць ня столькі шчасьлівай лятарэяй, колькі невырашальнай праблемай. Як апавядае археоляг, кандыдат гістарычных навук Мікола Плавінскі, фармальна аўтару знаходкі дзяржава мае выплаціць салідны ганарар — палову ад ацэначнага кошту. І ўсё было б добра, каб не лябірынты заканадаўства:

«Згодна з заканадаўчымі нормамі, пытаньне разглядаецца фондава-закупачнай камісіяй пэўнага музэю і далей адбываецца тэхнічная працэдура выплаты. Прычым, паводле беларускага заканадаўства, выплочваецца 50% — не 25%, як было ў СССР, а цэлых 50%! Вось толькі ёсьць адна праблемка. Да 2008 году — а норма была прапісаная ў Грамадзянскім кодэксе — падрабязна тлумачыўся мэханізм выплаты ўзнагароджаньня за скарб: выплата ажыцьцяўлялася зь бюджэту альбо гарвыканкаму, альбо райвыканкаму, то бок са сродкаў мясцовай улады. Апроч таго, калі маецца ўласьнік зямлі, сума павінна дзяліцца на дзьве часткі — паміж гаспадаром надзелу, на якім знойдзены скарб, і ўласна знаходчыкам. А вось ад 2008 году гэтая норма з Грамадзянскага кодэксу зьнікла. Дакладней, пра выплату скарбаў засталося, а хто мусіць гэта рабіць — загадка».

Калі кіравацца ня толькі прагай нажывы, а яшчэ і нормамі заканадаўства, у шэрагу выпадкаў распараджэньне скарбам ператвараецца ў сапраўдны галаўны боль. Як удакладняе суразмоўца, па-сутнасьці чалавек трапляе ў зачараванае кола, калі пад забаронай як спадзевы на ганарар, так і спробы перадаць артэфакт у дзяржаўны музэй — асобныя ведамасныя ўстановы грошы на папаўненьне калекцый усё ж маюць:

«На сёньняшні дзень калі чалавек знайшоў скарб і аддаў яго ў дзяржаўны музэй — зрэшты, такога ў нашай краіне амаль не бывае, але калі гэты бедалага ўсё ж дадумаўся да такога — там зробяць ацэнку і скажуць: ты круты, але мы ня ведаем, як табе выплаціць грошы — нормы няма. Таму сёньня такіх выплат проста не існуе. І тут пачынаецца зачараванае кола: калі выплаты няма, такі скарб немагчыма прыняць у музэйны фонд. Адпаведна ён ня можа стаць дзяржаўнай уласнасьцю і яму немагчыма надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Самае цікавае, што на аплату гэтага скарбу, прынамсі сталічныя і абласныя музэі, маглі б знайсьці спонсарскія грошы. Аднак спонсарскія сродкі траціць на гэтыя мэты забараняецца. Пазабюджэтныя сродкі музэю траціць таксама нельга. Атрымліваецца патавая сытуацыя.

Мікола Плавінскі
Мікола Плавінскі

Можна здаць дзяржаве скарб, але дзяржава ня здольная яго прыняць, бо ня мае нормы, каб за яго нешта выплаціць. Кола замкнулася».

Мікола Плавінскі кажа, што шматгадовыя ліставаньні зь дзяржаўнымі ведамствамі, якія маглі б паўплываць на сытуацыю, вялікага плёну ня мелі — чыноўнікі шчыра зьдзіўляліся, але далей за гэта справа так і ня рушыла:

«Я чаму гэта добра ведаю? Калі яшчэ працаваў у Нацыянальным гістарычным музэі — узначальваў аддзел археалёгіі, нумізматыкі і зброі — праз нас праходзілі ацэначныя экспэртызы для розных ведамстваў, я быў у ролі экспэрта. Зыходзячы ня столькі зь літары закону, колькі зь лёгікі закону пра музэі, на канкрэтных прыкладах напісаная вялізная колькасьць папер у Мінкульт. Там зьдзіўляліся: „Ды быць такога ня можа!“. Пісалася ў структуры адміністрацыі прэзыдэнта, якія займаюцца законатворчасьцю. І зноў — як такое магчыма? Але на тым усё стопарылася. Сам на практыцы сутыкнуўся з сытуацыяй: у музэй здалі скарб, усё ў адпаведнасьці з законам. Але за яго дагэтуль не заплачана — ляжыць сабе на часовым захаваньні, і ўсё. Парадаксальная сытуацыя: знайшоў скарб, але прыняць ня могуць. І пры гэтым нельга забраць — трымаць дома забаронена. Паводле закону, можна толькі здаць на часовае захоўваньне — добра, хоць бескаштоўна, плаціць ня трэба».

Мікола Плавінскі
Мікола Плавінскі

Што, з гледзішча адмыслоўцаў, адносіцца да паняцьця «скарбу», наколькі шырокі гэты спэктар? Мікола Плавінскі тлумачыць, што каштоўнасьць кожнага артэфакта трэба ўспрымаць з пазыцыі таго, да каго ў рукі ён трапіў:

«На самой справе гэта вельмі шырокае паняцьце. Але калі быць рэалістамі ў нашых канкрэтных прыкладных умовах, пад скарбам разумеецца пэўная сукупнасьць манэтаў, ювэлірных упрыгожаньняў і іншых артэфактаў, якія былі схаваныя ў старажытнасьці. У той жа час для археоляга скарбам — то бок мэтанакіравана ўхаванай сукупнасьцю прадметаў — можа быць і схованка крамянёвых сякераў, і вырабы эпохі позьняй бронзы, жалеза. Можа быць нейкая зброя, мэтанакіравана схаваная ў рытуальных мэтах. Усё гэта з навуковых пазыцый таксама зьяўляецца скарбам. Іншая справа, што ў прыкладной сытуацыі так ці іначай мы арыентуемся на тое, што ўсё ж гэта пэўныя каштоўнасьці — treasure, калі па ангельску. У беларускай мове паняцьце скарбу мае адно абагульненае значэньне, таму ў гэтым сэнсе ангельская значна зручнейшая: ёсьць hoard як шырокае азначэньне любой сукупнасьці схаваных прадметаў, і treasure — менавіта як адзінка каштоўнасьці — тое, што масавая сьвядомасьць разумее пад скарбам».

Археоляг спадзяецца, што сёлета сытуацыя нарэшце выправіцца — прынамсі асобныя пункты заканадаўства перагледжаныя і чакаюць працэдуры ўнармаваньня:

«Дзякуй богу, летам, здаецца, выправіцца гэтая сытуацыя — у межах унармаваньня заканадаўства ў сувязі з выхадам указу № 485. У прыватнасьці, павінна зьявіцца норма, якая ўсе цяперашнія нестыкоўкі ўпарадкуе. То бок, калі ўсё будзе добра, зь лета ці прынамсі з восені такі пункт у беларускім заканадаўстве зноў зьявіцца. Так што калі знойдзеце скарб, шанцы на ўганараваньне моцна падвысяцца. Праўда, шанцы ёсьць, а вось пэрспэктывы знаходкі — так сабе. У любым выпадку, калі ня здарыцца ніякага форс-мажору, нарэшце ўсё будзе даведзена да лягічнага стану».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:57 0:00
Наўпроставы лінк

Пры канцы 2015 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 485, накіраваны на ўдасканаленьне аховы ареалягічных аб’ектаў і артэфактаў. Дакумэнт, у прыватнасьці, абавязвае аматараў даўніны да 1 студзеня 2017 году афіцыйна зарэгістраваць прыватныя калекцыі, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасьць. У выпадку невыкананьня патрабаваньня падобныя калекцыі апынуцца па-за законам.

Апроч таго, сьнежаньскі ўказ вымушае пахвалявацца так званых чорных капальнікаў, якія з дапамогай сучасных прыстасаваньняў істотна пашырылі гарызонты сваёй «дзейнасьці». Гэтую норму Мікола Плавінскі лічыць адной з найбольш істотных: калі не ўтаймаваць самадзейнасьць, хутка ў беларускіх нетрах ня будзе чаго шукаць:

«Колькасьць чорных капальнікаў у Беларусі нам невядомая.

Я неяк у інтэрвію сказаў пра тое, што на руках у насельніцтва каля 200 тысяч мэталадэтэктараў, пасьля чаго ўсе моцна зьдзівіліся.

Але я так ацэначна сказаў, бо на самой справе ня ведаю — можа іх ужо і больш, можа менш. Галоўнае, што сутнасьць пытаньня гэта ніяк не зьмяняе. Чорных капальнікаў велізарная колькасьць! Напрыклад, у райцэнтры Мядзел на 7 200 сьпісачнага насельніцтва ёсьць 25 чалавек з „мэталюшнікамі“. Гэта тыя, пра каго я ведаю, і толькі ў Мядзелі — бяз Купы і Сьвіры. Скажам, у апошнюю выведку ў Капыльскім раёне летась у лістападзе за паўдня мы бачылі тры групы „таварышаў“, якія гойсалі па навакольных палях. То бок на сёньняшні дзень ніякіх сродкаў барацьбы з гэтай зьявай мы ня маем».

Манэты, знойдзеныя на фэрмэрскім кукурузным полі ў Нядашаве на Магілёўшчыне
Манэты, знойдзеныя на фэрмэрскім кукурузным полі ў Нядашаве на Магілёўшчыне

Тым ня меней, згодна з прэзыдэнцкім указам, фактычна забаронены пошук артэфактаў з дапамогай мэталашукальнікаў, калі гэта не акрэдытаваны археоляг. Суразмоўца спадзяецца, што гэта прынамсі астудзіць імпэт саманазваных дасьледчыкаў, прымусіўшы праваахоўнікаў інакш ацэньваць сытуацыю. Праўда, у эфэктыўнасьці новаўводзінаў можна будзе пераканацца не раней за новы палявы сэзон, а да гэтага перад капальнікамі даводзілася проста капітуляваць:

«Вось ён бегае па полі з мэталадэтэктарам і фармльна нічога не парушае. Нават калі ходзіць па вядомым селішчы, вакол якога няма ахоўнай зоны — прычым ня проста зоны, а адбітай па кроках GPS — яго няма ў чым абвінаваціць. Скажам, мы прыехалі і ўбачылі — нехта там рыецца з мэталашукальнікам. Можам выклікаць міліцыю. А што далей? Мы кажам: у нас тут помнік. Міліцыянт у адказ: крута, а дзе межы вашага помніка? Нават шыльда не дапамагае, бо тут у вас помнік, а праз пару мэтраў — ужо нібыта і не. І гэта было ў нашай практыцы: ідуць раскопы, чорныя капальнікі ўнахабную пад’яжджаюць — ну што, капаеце?

Дастаюць мэталадэтэктары і ходзяць побач. Тут два варыянты: альбо біць у морду, што незаконна, альбо выклікаць міліцыю, з чаго таксама нічога ня выйдзе».

Мікола Плавінскі канстатуе: доўгія гады абыякавага стаўленьня да праблемы калі чым рэальна і адзначаныя, дык гэта беззваротнай стратай вялікага пласта гістарычнай спадчыны:

«Ну, што казаць пра чорных капальнікаў? Гэта масавая зьява, якая ўжо прывяла да зьнішчэньня велізарнай колькасьці археалягічных помнікаў. Курганныя могільнікі ў некаторых раёнах Беларусі практычна цалкам зьнішчаныя — асабліва гэта тычыца Падняпроўя, радзімічаў, дзе адносна багатыя пахаваньні. На поўначы краіны гэта пакуль ня так заўважна, бо там разбураць курганы няма фінансавага сэнсу. Гарадзішчы, сельскія паселішчы вынішчаюцца, і гэта проста катастрофа, мы іх практычна ня можам ахоўваць, зыходзячы акурат з ужо агучанай праблемы — няма межаў. Ну, і такія рэчы, як месцы тых жа старажытных бітваў, пераправы Напалеона і г. д. — шматлікія помнікі ўжо проста не існуюць».

Указам № 485 удакладняецца, што археалягічным артэфактам лічыцца практычна любы прадмет, выраблены чалавекам, якому больш за 120 гадоў. Усе артэфакты, якія знаходзяцца на руках у насельніцтва і якія падлягаюць рэгістрацыі, забаронена ня толькі прадаваць, а нават дарыць. Калекцыянаваньне каштоўнасьцяў бярэцца пад кантроль дзяржавы і робіцца досыць небясьпечным хобі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG