Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не чалавек сыстэмы. Але буду працаваць, пакуль не прабʼю гэтую сьцяну»


Алена Анісім
Алена Анісім

Чарговы герой перадачы «Інтэрвію тыдня» — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. Яна разважае, ці ёсьць шанцы на стварэньне беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту, дзеліцца сваімі ўражаньнямі пра першыя месяцы працы ў Палаце прадстаўнікоў і адказвае на пытаньне, ці зьбіраецца вылучацца на пасаду старшыні ТБМ. Зь ёй гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Падчас прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў вас адбылася даволі прыкметная размова з кіраўніком дзяржавы наконт стварэньня беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту. Назіральнікі адзначылі, што раней Лукашэнка на такія пытаньні адказваў даволі адзначна — маўляў, не, ня трэба, у нас ёсьць БДУ. Але цяпер ягоны адказ ужо быў не такі адназначны. А як бы вы яго ацанілі?

— Я зразумела і ўспрыняла гэта так — калі будзе ўсё падрыхтавана, каб адкрыць унівэрсытэт, то ўлада ня будзе замінаць гэтаму. Я расцэньваю гэта як вэктар спрыяньня.

— Але ўнівэрсытэт — гэта такая рэч, якую само грамадзтва ня можа стварыць. Без удзелу дзяржавы гэтага ня зробіш.

— Стварэньне ўнівэрсытэту можа ісьці рознымі формамі і шляхамі. Сёньня закон дазваляе і юрыдычным, і фізычным асобам быць заснавальнікамі ўстаноў адукацыі, у тым ліку і вышэйшых навучальных. Акрамя таго, і замежныя арганізацыі таксама могуць быць заснавальнікамі. Варыянтаў шмат, можна засноўваць і прыватныя ўстановы.

Трэба, каб мы рухаліся да практычнага ажыцьцяўленьня самой ідэі. А ўжо на фінішнай прамой мы можам выбіраць той варыянт, які нам больш падыходзіць.

— На той жа сустрэчы кіраўнік дзяржавы жартам ужо прызначыў рэктара і прарэктара будучага ўнівэрсытэту — Ігара Марзалюка і вас. Ці вы пазьней гаварылі з Марзалюком на гэтую тэму?

— Вядома, гэта быў жарт. Але для нас гэта ня жарт, я маю на ўвазе ТБМ і аргкамітэт стварэньня нацыянальнага ўнівэрсытэту зь беларускай мовай навучаньня. Мы над гэтым працуем, а хто будзе рэктарам — гэта пытаньне заўтрашняга дня.

— Што галоўнае дала вам праца ў Палаце прадстаўнікоў за гэтыя паўгода? Чаго было больш — расчараваньняў ці набыткаў? Ці спраўдзіліся чаканьні ці больш было пэсімізму?

— Я не паддаюся ані расчараваньню, ані залішняму аптымізму. Я працую, разумеючы, у якіх умовах я ёсьць. Шмат хто з маіх калег па Палаце прадстаўнікоў дапамагаюць мне ў многіх пытаньнях. І я бачу, што многія зь іх вельмі добра падрыхтаваныя для заканадаўчай дзейнасьці. І ў пляне ўзаемавыручкі бачу шмат пазытыўнага.

Ёсьць пэўнае калі не расчараваньне, то зьдзіўленьне тым, як некаторыя з грамадзкага сэктару ці з інтэрнэт-прасторы рэагуюць на тыя ці іншыя мае крокі. Пакуль я незадаволеная тым, што ніяк не магу пераканаць і знайсьці мэханізм такога пытаньня, як прыняцьце заканадаўчых актаў адразу на дзьвюх мовах. Бо на сёньня практычна няма заканадаўчых актаў, якія б мелі юрыдычную сілу.

Многія прадпрымальнікі хацелі б працаваць па-беларуску ў сваёй прафэсійнай сфэры

Зараз я працую зь бізнэс-супольнасьцю. Многія прадпрымальнікі хацелі б працаваць па-беларуску ў сваёй прафэсійнай сфэры, але няма афіцыйных дакумэнтаў на беларускай мове, што стрымлівае працэс беларусізацыі.

Да мяне нядаўна быў зварот, што ў Баранавічах Міністэрства аховы здароўя адмовілася выдаць даведку на беларускай мове, спаслаўшыся, што дакумэнты міністэрства зацьверджаныя толькі на расейскай. Так што пытаньняў вельмі шмат.

— У верасьні ў нашай перадачы вы казалі: «Я хачу, каб у мяне было шмат саюзьнікаў у гэтым новым парлямэнце». Атрымалася? Менавіта ня ў сэнсе нармальных чалавечых сувязяў, а ў грамадзка-палітычным сэнсе ў вас ёсьць там саюзьнікі?

— Я веру, што ёсьць. Ня ўсе яны яшчэ абазначыліся. Але пасьля розных маіх выступаў да мяне падыходзяць, выказваюць падтрымку, такія ж самыя думкі. І ў пляне некаторых заканадаўчых актаў пазыцыі ў нас вельмі падобныя. Таму я спадзяюся, што калі ў мяне ўзьнікне патрэба іх пераканаць, да таго часу яны ўжо будуць маімі паплечнікамі ў некаторых пытаньняў. Не ва ўсіх, вядома, бо мы людзі вельмі розныя. Неабавязкова, што ў нас будзе адзіная думка ва ўсім.

— Вы даволі асьцярожна выказваецеся наконт таго, ці можна называць вас апазыцыянэркай. Але, пакантактаваўшы зь іншымі дэпутатамі ці чыноўнікамі, ці вы сталі сябе адчуваць больш апазыцыянэркай ці менш? Ёсьць у вас уражаньне, што гэта людзі зь іншага цеста, ці яны такія ж самыя, як і вы, напрыклад?

— Я не асьцярожнічаю, я проста за чысьціню тэрмінаў. Калі, напрыклад, вы не пагаджаецеся з чыноўнікам у нейкіх пазыцыях, ці значыць гэта, што вы апазыцыянэр? Гэта пытаньне не асьцярожнасьці, а сэнсу.

Я не магу сказаць. што ў мяне з чыноўнікамі 100-адсоткавае паразуменьне. Многія ставяцца насьцярожана. Бо я не чалавек сыстэмы, я не прыйшла з важнай чыноўніцкай пасады ў дэпутацкае крэсла. Таму мне ў гэтым сэнсе не лягчэй і не прасьцей, чым загадзя вызначанаму «апазыцыянэру».

— Калі вы зьвяртаецеся да чыноўнікаў зь нейкімі прыкладамі, што тычацца той жа беларускай мовы, як да вас ставяцца? «О, гэта дэпутат, і зараз жа ўсё зробім» ці «Ну, гэта апазыцыянэрка, можам яе ня слухаць»?

— Па-рознаму. Усё залежыць ад таго, які службовец і якое стаўленьне яго да мовы. Адзін з апошніх прыкладаў — размова на радыё «Сталіца», дзе мае пазыцыі з чыноўніцай адназначна не супадалі.

Калі я гавару па-беларуску, некаторыя адразу ўспрымаюць, што я хачу кагосьці да нечага прымусіць

Але, вядома, даводзіцца пераадольваць пэўны супраціў. Бо калі я гавару па-беларуску, некаторыя адразу ўспрымаюць, што я хачу кагосьці да нечага прымусіць. Насамрэч я проста паказваю, што можна ісьці па жыцьці зь беларускай мовай, і пры гэтым трэба выконваць беларускія законы і Канстытуцыю. У гэтым я і бачу сэнс сваёй дзейнасьці ў Палаце прадстаўнікоў.

— Ці вы плянуеце ўзначаліць ТБМ? Алег Трусаў заяўляў, што далей ня будзе вылучацца, і таму ваша кандыдатура ўяўляецца найбольш адпаведнай.

— Пытаньне пра кандыдатуру старшыні ТБМ будзе вырашацца падчас выбарчых канфэрэнцыяў, сходаў і потым на зьезьдзе. Будзе відаць, як разгорнецца выбарчая кампанія. Пакуль я нічога больш сказаць не магу. Маю кандыдатуру назвалі падчас апошняй рады, я не адмаўляюся.

— Ці не зьявілася за гэтыя паўгода ў Палаце ў вас уражаньне, што ваша дзейнасьць там — гэта біцьцё галавой аб сьценку, што перад вамі мур, які вам наўрад ці ўдасца прабіць?

— Дзякуй, Віталь, за пытаньне. Вядома, часам узьнікае такое ўражаньне. Але гэта ня роспач, а проста канстатацыя факту, што ў некаторых пытаньнях, магчыма, гэта сапраўды сьцяна. Але я проста думаю, што яшчэ можна зрабіць, зь якога боку зайсьці, якія мэханізмы падключыць.

Таму я буду працаваць — датуль, пакуль будзе магчыма. Пакуль хопіць маіх сілаў. І пакуль не прабʼю гэтую сьцяну.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG