Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Панкавец: «Няўжо пра Беларусь можна казаць толькі кепскае альбо нічога?»


Зьміцер Панкавец
Зьміцер Панкавец

За што варта і можна любіць Беларусь? Ці сапраўды Беларусь зьяўляецца краінай камфортнай для жыцьця? Ці існуе небясьпека ў сьляпым і безумоўным патрыятызме? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае намесьнік рэдактара газэты «Наша ніва» Зьміцер Панкавец.

Цыганкоў: Зьміцер, ваш артыкул (калі вы не пакрыўдзіцеся, даволі звычайны і прахадны) выклікаў вельмі гарачую рэакцыю ў СМІ і сацыяльных сетках. Ці чакалі вы гэтага? Чым бы вы гэта патлумачылі, у які нэрв грамадзтва вы патрапілі сваім тэкстам?

Панкавец: У прынцыпе, я чакаў пэўную рэакцыю, але не настолькі вострую. Думаў, што будзе некалькі крытычных стрэлаў, але не настолькі шмат.

Рэч у тым, што за 22 гады жыцьця ў аўтарытарнай краіне мы вельмі добра вывучылі ўсе мінусы і недахопы гэтага грамадзтва. Мы цудоўна ведаем, што Беларусь займае першыя месцы ў сьвеце па ўжываньні алькаголю, тытуню, па суіцыдах, улада ў нас не мяняецца, вельмі малыя заробкі. Але гэты сьпіс настолькі чаканы і прадказальны, што дадаць тут няма чаго.

Ня ўсе ж жывуць адчуваньнем таго, што тут крывавая дыктатура і беспрасьветнае грамадзтва.

Аднак ніхто не ўздымае пытаньне, што ж у Беларусі добрага. Бо гэта ж не суцэльны змрок, людзі жывуць, вясельлі спраўляюць, радуюцца жыцьцю. Ня ўсе ж жывуць адчуваньнем таго, што тут крывавая дыктатура і беспрасьветнае грамадзтва. Я зьвярнуў увагу, што фактычна ніхто дагэтуль не ўздымаў тэму, якія ж перавагі жыцьця ў Беларусі, — таму і зрабіў гэты рэйтынг. Але многім не спадабалася такая пастаноўка пытаньня. Няўжо пра Беларусь можна казаць толькі кепскае альбо нічога?

Цыганкоў: Адной з галоўных прэтэнзіяў да вашага тэксту было тое, што ў якасьці перавагаў вы вылучылі ці не палову пунктаў, якія маюць дачыненьне да беларускай прыроды і клімату. Але ўсе народы ганарацца сваёй прыродай, тут няма нічога асаблівага ці арыгінальнага. У чым асаблівая перавага менавіта беларускай прыроды? Інтэлект народу ці ягоныя дасягненьні да гэтага ня маюць ніякага дачыненьня.

Панкавец: Але ад гэтага горшымі умовы не становяцца. Калі ў Беларусі ёсьць вада, чаму б гэтым не ганарыцца. Расея займае другое месца ў сьвеце па колькасьці прэснай вады, але доступ да яе маюць далёка ня ўсе. У Беларусі гэты доступ маюць 99,9 працэнты. Тут мы сярод сусьветных лідэраў, калі верыць ААНаўскім дадзеным, то тут мы апярэджаваем і Ўкраіну і Польшчу.

Палова майго рэйтынгу — гэта прыродныя зьявы, а ня тое, што дае кіраўніцтва.

Ці вось я пісаў пра 4 пары году як пра перавагу Беларусі. Гэта цікава, і ня ўсе краіны могуць гэтым пахваліцца. Калі мы кажам пра камфорт, гэта ж не абавязкова павінны быць дзеяньні ўладаў. Мяне нават абвінавачвалі, што гэта згода з рэжымам. Але ж сапраўды палова майго рэйтынгу — гэта прыродныя зьявы, а ня тое, што дае кіраўніцтва.

Цыганкоў: Таксама вялікія дыскусіі выклікалі вашы пункты пра тыя рэчы, якія якраз ствараюцца людзьмі — гэта транспарт і мэдыцына. У адказ людзі пісалі шмат гісторыяў пра недахопы ў беларускай сыстэме аховы здароўя. Гэта дыскусія вас у нечым пераканала, вы і сёньня не зьмянілі б свой погляд наконт перавагаў беларускай мэдыцыны?

Панкавец: Не, не зьмяніў бы. Беларуская мэдыцына робіць крокі наперад як у пытаньні стаўленьня да людзей, так і ў пытаньняў абсталяваньня. Вядома, яна ня можа параўнацца з мэдыцынай скандынаўскіх краінаў ці Нямеччыны. Але ў сваім рэгіёне гэта вельмі канкурэнтаздольная сыстэма.

У Польшчы ці Літве хуткая дапамога прыедзе толькі ў выпадку вельмі сур’ёзнай хваробы. У Беларусі — калі ў чалавека падвышаны ціск ці грып, то хуткая прыедзе. А назаўтра прыйдзе фэльчар, каб праверыць, што сталася з чалавекам за ноч, як ён сабе адчувае. Беларускія мэдыкі, якія працуюць не за самыя вялікія грошы, выкладваюцца напоўніцу. І робяць калясальныя рэчы.

Цыганкоў: Ваш артыкул можа схіляць людзей да высноваў — калі ўсё так добра, ты навошта нешта мяняць?

Малыя заробкі безумоўна перабіваюць нават наяўнасьць вады.

Панкавец: Вы тут таксама паддаяцеся натоўпу, які кажа, што я абяляю краіну. Гэта ня так. Ніхто не адмаўляе тых праблемаў, якія існуюць у Беларусі, я пра гэта сказаў у самым пачатку. Малыя заробкі безумоўна перабіваюць нават наяўнасьць вады. Рэйтынг быў складзены не для таго, каб паказваць перавагі Беларусі. Мы ўсе шмат разоў казалі пра недахопы, яны ёсьць, яны абгавораны.

А гэта адна з нешматлікіх спробаў асэнсаваньня таго, што ў Беларусі добрае. І выходзіць, што пра Беларусь гаварыць добра нельга, цябе адразу абвінавачваюць у супрацоўніцтве з рэжымам.

Я б адзначыў адзін характэрны факт — найбольш востра на маю публікацыю рэагавалі людзі, якія не жывуць у Беларусі. Нэгатыўных рэакцыяў зь Беларусі было непараўнальна меней. Фактычна гэта такое апраўданьне для людзей, чаму яны ня хочуць вяртацца ў Беларусь. Яны прыдумалі такую краіну ў сваіх галовах, дзе нічога добрага быць ня можа. А калі ім кажуць, што ёсьць нешта добрае — то гэта выклікае ў іх унутраны супраціў.

Цыганкоў: Мне падаецца, што гэтая дыскусія закранула філязофскую тэму, як трэба і варта любіць радзіму. І тут ёсьць два прынцыпы — «умоўны» і «безумоўны». «Безумоўны», ці я б назваў яго «прымітыўны» — вы тут нарадзіліся, таму любіце гэтую краіну, сваю Радзіму, проста з-за гэтага. Другі падыход — «умоўны» — калі людзі хочуць самі выбіраць, як ставіцца, за што любіць краіну і народ. Вы прыхільнік якога падыходу?

Панкавец: Мне падаецца, тут супольнасьць гэтых двух чыньнікаў. Першы сапраўды, вельмі просты — ты тут нарадзіўся, тут пахаваныя твае продкі, і ты заўзееш за зборную Беларусі па футболе. Але потым мы шукаеш прычыны больш глыбінныя — чаму ты аддаеш перавагу гэтай краіне, не зьяжджаеш зь яе.

Беларусь мяняецца, не стаіць на месцы. Гэта можна заўважыць нават па допісах тых людзей, якія вяртаюцца ў краіну пасьля працяглага часу. Гэта ўжо ня тая краіна, якая была 10 гадоў таму. І нават улады вымушаныя на гэта рэагаваць, адпавядаць чаканьням людзей. І яны дазваляюць нашмат болей, чым раней.

Былыя маладафронтаўцы заводзяць свае бізнэсы. Цяпер гэта ёсьць, і ніхто гэтаму не замінае.

Скажам, я ня думаю, што яшчэ 10 годоў таму ў Менску магчыма было б зьяўленьне вуліцы Зыбіцкай. Ці, напрыклад, былыя маладафронтаўцы заводзяць свае бізнэсы. Цяпер гэта ёсьць, і ніхто гэтаму не замінае. Беларусь, безумоўна, не ідэальная краіна, але ачарняць яе я ня бачу сэнсу.

Цыганкоў: Цяпер ёсьць запыт «на патрыятызм» ня толькі ў грамадзтве, але і ва ўладзе. Сапраўды, яшчэ гадоў 10 таму, сярод дэмакратычнай грамадзкасьці было ня прынята казаць пра нешта добрае, што ёсьць у Беларусі. Гэта новы трэнд, і вы проста спрабуеце ў яго ўпісацца?

Панкавец: Натуральна, гэта трэнд ёсьць. Беларусам быць модна, у Беларусі жыць ужо ня так складана, як раней. Выкарыстоўваць улады, тут, безумоўна, варта. Павал Белавус робіць выдатныя рэчы, і ніхто ж яго не абвінавачвае ў калябарацыі з рэжымам.

Патрыятызм, безумоўна, будзе нарастаць.

Патрыятызм, безумоўна, будзе нарастаць, зьяўляюцца першасныя прыкметы яго. Як першы сьнег. Пакуль гэта сапраўды, пераважна, статкавае пачуцьцё. Але ўсё болей узьнікае і індывідуальнае.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG