Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ўвесь сьвет імкнецца да сьвецкай адукацыі, то Беларусь — да савецкай


Дэмакратычная супольнасьць паспрабуе падрыхтаваць альтэрнатыўны Кодэкс аб адукацыі.

Афіцыйны праект Кодэксу аб адукацыі, які рыхтуюць улады для разгляду ў Палаце прадстаўнікоў, не вырашае кардынальных праблемаў адукацыі ў Беларусі. Да такой высновы прыйшлі 7 лютага ўдзельнікі экспэртнага клюбу пры Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

«Калі ўвесь сьвет імкнецца да сьвецкай адукацыі, то Беларусь — да савецкай», — заявіла лідэр маладых хрысьціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч, паводле дыплёму — выкладчыца беларускай мовы і літаратуры.

Прафэсар Уладзімер Дунаеў адзначыў парадаксальнасьць сыстэмы атрыманьня дыплёмаў аб заканчэньні інстытутаў і каледжаў у Беларусі. Па даступнасьці адукацыі краіна займае чацьвёртае месца ў сьвеце. А па роўні кампэтэнцыі выпускнікоў — апошняя ў рэгіёне і ў самым хвасьце сусьветнага сьпісу.

Выкладчык Беларускага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Вячаслаў Бабровіч зьвярнуў увагу на залежнасьць выкладчыкаў ад кантрактнай сыстэмы, на іх прававую безабароннасьць:

«Калі раней пасьля пераабраньня ты мог быць спакойны цягам пяці гадоў, то цяпер рэктар, нягледзячы на тое, што цябе пераабралі па конкурсе на пяць гадоў, падпісвае кантракт толькі на год ці два. А шмат у якіх заходніх краінах кантракты наагул бестэрміновыя».

Былы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Паўлаў лічыць, што ў Кодэксе аб адукацыі і ў шэрагу іншых законаў абавязкова трэба прапісаць колькасьць сродкаў, якія дзяржава выдаткуе на адукацыю. Нявызначанасьць дае падставы, каб зьніжаць фінансаваньне.

Падчас дыскусіі ўзьнікала мноства пытаньняў. Напрыклад — чаму студэнт дзяржаўнай навучальнай установы можа атрымаць ільготны крэдыт на адукацыю, а студэнт прыватнага інстытуту такога права ня мае?Усе гэтыя ды іншыя праблемы не ўваходзяць у афіцыйны праект Кодэксу аб адукацыі, падкрэсьлілі экспэрты. Таму трэба мець альтэрнатыўны праект. Асноўная частка яго, якая тычыцца вышэйшай адукацыі, ужо існуе, паведаміў калегам Уладзімер Дунаеў. Застаецца інтэнсіўна папрацаваць і выдаць свой дакумэнт. Праз дэпутатаў Анісім і Канапацкую яго можна паспрабаваць прадставіць у парлямэнт. Вядома, спадзяваньняў, што за альтэрнатыўны Кодэкс прагаласуе бальшыня дэпутатаў, у экспэртаў няма. Аднак ён можа стаць тэмай дыскусіі ў Палаце прадстаўнікоў. А гэта таксама вельмі важна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG