Чаму пачалася і каму выгадная інфармацыйная хваля на тэму «Масква шукае замену Лукашэнку»? Ці ёсьць нейкія прычыны, зь якіх беларускі кіраўнік у стратэгічным сэнсе не задавальняе Крэмль? Якія варыянты зьмены ўлады ў Беларусі сапраўды могуць быць рэалізаваныя? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае з Варшавы дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: Апошнія дні ў Беларусі актыўна абмяркоўваецца тэма «Масква шукае Лукашэнку замену». На вашую думку, чым выкліканыя такія абмеркаваньні, ці ёсьць нейкія канкрэтныя прычыны для такіх размоў? Ці можна сказаць, што яны справакаваныя нафтагазавым канфліктам паміж Беларусьсю і Расеяй?
Вусаў: Найперш трэба адзначыць, што расейскія журналісты, блізкія да Крамля, ці прадстаўнікі істэблішмэнту такіх заяў не рабілі. Яны прагучалі на старонках «Хартыі» і ў сацыяльных сетках беларускіх журналістаў і экспэртаў. Нагодай было тое, што іх нібыта запрасілі на перадачу Ўладзіміра Салаўёва на тэму «Ці рыхтуе Расея зьмену Лукашэнку»? Гэта і стала прычынай новай хвалі такіх спэкуляцыяў.
Такія ўкіды, «качкі» леглі на даволі спрыяльную ўнутрыпалітычную і замежнапалітычную каньюнктуру. Перш за ўсё, гэта тычыцца энэргетычнай і гандлёвай «вайны» паміж Менскам і Масквой.
Такія ўкіды, «качкі» леглі на даволі спрыяльную ўнутрыпалітычную і замежнапалітычную каньюнктуру. Перш за ўсё, гэта тычыцца энэргетычнай і гандлёвай «вайны» паміж Менскам і Масквой.
Другі момант — гэта цяжкая эканамічная сытуацыя ўнутры Беларусі і імкненьне Менску наладзіць стасункі з Захадам. Тут крокі Лукашэнкі ствараюць даволі спрыяльную глебу для спэкуляцыяў, нібыта Масква незадаволеная Лукашэнкам і сасьпелі ўмовы памяняць не палітычную сыстэму, а канкрэтнага кіраўніка Беларусі.
Цыганкоў: Калі разглядаць гэтае пытаньне з пункту гледжаньня «каму выгадна», то выглядае, што гэтыя спэкуляцыі выгадныя, як вынікае з вашых слоў, найперш самому Лукашэнку?
Вусаў: Безумоўна. Ён найпершы з тых асобаў, каму выгаднае пашырэньне такіх спэкуляцыяў. Захад якраз настроены на такую хвалю, што «Масква пашырае свае ўплывы, рыхтуецца да правакацыяў, новых гібрыдных войнаў». Таму трэба ўмацоўваць свае пазыцыі, у тым ліку ў Беларусі. На гэтым фоне Менск нічога ня робіць у сэнсе трансфармацыі палітычнай сыстэмы Беларусі, а проста гуляе на гэтых страхах Захаду. Маўляў, на фоне пагрозы Масквы трэба дапамагаць Лукашэнку, забыцца на правы чалавека.
На жаль, такое дэструктыўнае мысьленьне некаторых на Захадзе ўжо дае пэўныя вынікі — калі, напрыклад, ацэньваць замежную палітыку Польшчы, у тым ліку гісторыю зь «Белсатам».
Але ёсьць і іншы зацікаўлены бок у стварэньні такіх правакацыяў і ўкідаў. Ня трэба тут недаацэньваць Маскву, якая зьяўляецца добрай спэцыялісткай ў стварэньні штучных інфармацыйных хваляў (дастаткова ўзгадаць «Хросныя бацькі» ў 2010 годзе).
Цыганкоў: Зараз ім гэта навошта?
Ня трэба скідваць з рахунку жаданьне Масквы параздражняць Лукашэнку, стварыць пэўны дыскамфорт і рэалізаваць нейкія свае мэты.
Вусаў: Тлумачу. Як мы ведаем, Лукашэнка псыхалягічна часам вельмі няўстойлівы. І такія ўкіды павінны ствараць унутраную напружанасьць у атачэньні кіраўніка Беларусі. Таму ня трэба скідваць з рахунку жаданьне Масквы параздражняць Лукашэнку, стварыць пэўны дыскамфорт і рэалізаваць нейкія свае мэты.
Цыганкоў: Калі адасобіцца ад канкрэтнай сытуацыі і паглядзець стратэгічна на гэтую тэму, то варта задумацца, ці ёсьць прычыны, зь якіх Лукашэнка не задавальняе Маскву. Лукашэнка аб’явіў, што Беларусь уступае ў Эўразьвяз? Зьбіраецца адмяніць дзяржаўны статус расейскай мовы? Стаў прыхільнікам лібэральнай дэмакратыі і заявіў пра жаданьне правесьці свабодныя выбары? Не. Ёсьць нейкія яшчэ прычыны?
Вусаў: Ёсьць толькі адна прычына на сёньня — гэта нежаданьне Менску разьмясьціць расейскую вайсковую базу ў Беларусі, якая павінна была, згодна з плянамі Масквы, зьявіцца яшчэ ў 2016 годзе. На маю думку, гэта і стала асноўнай прычынай усіх апошніх гандлёвых і энэргетычных войнаў.
Але, вядома, гэта не зьяўляецца стратэгічнай падставай для Масквы мяняць Лукашэнку, бо такая замена была б вельмі дарагой, а яе наступствы — абсалютна непрадказальнымі і нечаканымі. Для Масквы Лукашэнка з усімі ягонымі капрызамі застаецца прадказальнай асобай і фактычна рэалізуе ўсе патрабаваньні, якія выстаўляе Расея.
Для Масквы Лукашэнка з усімі ягонымі капрызамі застаецца прадказальнай асобай і фактычна рэалізуе ўсе патрабаваньні, якія выстаўляе Расея.
З аднаго боку, мы маем вельмі прыгожыя дэклярацыі з Менску пра дачыненьні з Захадам, але з другога боку, Менск робіць канкрэтныя эканамічныя і палітычныя крокі, якія толькі аддаляюць Беларусі ад Захаду і ўмацоўваюць яе ў расейскай палітычнай прасторы. Таму ніякія істотныя палітычныя зьмены ў Беларусі Расеі не патрэбныя, бо яны нясуць пэўныя пагрозы, значна большыя, чым утрыманьне цяперашняга рэжыму.
Цыганкоў: Дарэчы, наконт базы. Вы ўжо купілі скрыню каньяку сваім апанэнтам, зь якімі вы пайшлі ў заклад год таму, заявіўшы, што расейская вайсковая база зьявіцца ў Беларусі ў 2016 годзе?
Вусаў: Мы ўжо абмеркавалі гэтую тэму ў «Праскім акцэнце». У 2016 годзе база не зьявілася, але ня факт, што яна ня зьявіцца ўвогуле. Затое ў тым годзе адбылося 6 вайсковых вучэньняў з Расеяй, сёлета плянуюцца маштабныя вучэньні «Захад-2017». Шмат шуму нарабіла паведамленьне, што Расея запрасіла ў Беларусі дазвол на ўвоз 1400 вагонаў з тэхнікай, а гэта вельмі шмат. Другі момант — Лукашэнка падпісаў дэкрэт, што беларускія вайскоўцы могуць прымаць удзел у антытэрарыстычных апэрацыях расейскіх войскаў. Таксама фармаваньне рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны пад агульнай каардынацыяй Масквы. То бок Беларусь робіць усё, што чакае ад яе Расея, і фактычна сур’ёзна ставіць пытаньне пра тое, наколькі ўжо сёньня мы можам лічыцца незалежнай краінай.
Цыганкоў: Так, Лукашэнка стратэгічна цалкам задавальняе Маскву. Але хіба нельга сьпісваць з рахунку ірацыянальны чыньнік? Нешта стукне ў галаву, раздражненьне ад нейкага кроку Лукашэнку дойдзе раптам да такой ступені, што ў Крамлі прымуць нейкія нелягічныя і нават контрапрадуктыўныя для сябе захады?
Вусаў: Варта разглядаць які заўгодна, нават самы абсурдны варыянт. У апошнія гады замежная палітыка Масквы зьяўляецца нерацыянальнай з пункту гледжаньня любога палітыка Захаду. Вядома, у Расеі ёсьць пэўныя ястрабы, якія жадалі б найхутчэйшай інкарпарацыі Беларусі — ня важна, на якіх умовах.
Пытаньне ў тым, як можа быць рэалізаваны такі сцэнар. На сёньня няма ўмоў легітымнай зьмены беларускай улады, гэта значыць праз выбары. Таму застаецца два варыянты — намэнклятурны пераварот ці хвароба і сьмерць беларускага кіраўніка. Калі мы прааналізуем першы варыянт, то тут ёсьць працэдура. Да ўлады прыходзіць прэм’ер Кабякоў, які нарадзіўся ў Расеі, мае добрыя сувязі сярод маскоўскай намэнклятуры.
Што да перавароту, то ў нас няма сур’ёзных кланаў, групаў, якія маглі б рэалізаваць гэты сцэнар. Калі казаць коратка, то гэты сцэнар цалкам адпадае. На гэта патрэбны час, уплыў розных групаў, пэўная іхняя самастойнасьць (чаго няма ў Беларусі, намэнклятура не адыгрывае ніякай самастойнай палітычнай ролі), і сур’ёзная рэальная альтэрнатыўная фігура. А такіх фігураў сёньня вакол Лукашэнкі няма.