Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не сьпяшайцеся хаваць эўрапейскую цывілізацыю»


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Якія пагрозы нясуць папулісцкія тэндэнцыі, якія нарастаюць сёньня ў заходнім сьвеце? Да чаго можа прывесьці рост нацыянальнага эгаізму і шавінізму? Ці існуе прымальнае вырашэньне міграцыйнай праблемы?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.

Цыганкоў: Апошнім часам усё часьцей узгадваюць вядомы твор Артэгі-І-Гасэта «Паўстаньне масаў», аналізуючы цяперашнія палітычныя падзеі ў сьвеце. Гучаць цьверджаньні, што народы вяртаюцца да нацыяналізму, ізаляцыянізму, народы гатовыя зноў угрызьціся адзін у аднаго. Ці падзяляеце вы гэты пэсімізм, ці ёсьць для яго падставы?

Мацкевіч: Давайце ўзгадаем, што свой твор Артэга-І-Гасэт пісаў напярэдадні фашыстоўскага захопу ўлады ў Нямеччыне, і таго, што адбывалася ў Гішпаніі ў гэтыя часы. У гэтым сэнсе ён меў рацыю, бо ўсё гэта скончылася Другой сусьветнай вайной. І ўявіце сабе, што павінны былі адчуваць людзі, якія разумелі, што адбываецца, калі пачалася вайна і шэсьце нацыстаў па Эўропе. Сапраўды, здавалася, што сьвет канчаецца, што ўсё рушыцца, і няма сьвятла ў канцы тунэлю.

Цыганкоў: Уладзімер, вы самі пачалі праводзіць паралелі з 1930-ымі гадамі. Чаму? Няўжо мае сэнс іх праводзіць з сёньняшняй сытуацыяй?

Мацкевіч: Паралелі заўсёды мае сэнс праводзіць. Але неабавязкова засяроджвацца на тым, што калі нешта было ў гісторыі — то абавязкова гэтак і будзе зноў. Зусім іншы сьвет зараз, ён непадобны на 30-я гады.

І што раздражняла ў эўрапейскай палітыцы, рыторыцы — менавіта гэта супакоенасьць і паліткарэктнасьць ва ўсім. Каб не падымаць праблемы, не чапляць вострыя моманты.

Калі мы будуем сьвет, у якім не павінна больш быць войнаў, то пра гэта трэба дбаць кожную хвіліну. А сёньняшняя Эўропа і Амэрыка супакоіліся, нібыта ўсе праблемы ўжо вырашаныя. І што раздражняла ў эўрапейскай палітыцы, рыторыцы — менавіта гэта супакоенасьць і паліткарэктнасьць ва ўсім. Каб не падымаць праблемы, не чапляць вострыя моманты. Гэта і прывяло да таго, што гэтым супакоеным палітыкам (якія забылі пра сваю місію і адказнасьць) масы і нагадалі пра гэта. Брэксытам, прыходам Трампа і ростам ультраправых і папулісцкіх палітыкаў у Эўропе.

Але Шпэнглер яшчэ задоўга да Артэгі-І-Гасэта напісаў пра «Заняпад Эўропы». Таму я б на гэта адказаў — «Не сьпяшайцеся хаваць эўрапейскую цывілізацыю». У заходняй цывілізацыі дастаткова сілаў і рэсурсаў, якія проста апошнія гады былі ў занядбаньні. І калі Фукуяма пасьля падзеньня Бэрлінскага муру напісаў свой знакаміты і вельмі папулярны артыкул «Канец гісторыі», — то ён меў на ўвазе менавіта гэта: згубленыя мэты, тое, дзеля чаго хочацца жыць і працаваць. І вось гэтая супакоенасьць, што ўсё ўжо нібыта дасягнута — гэта і прывяло да таго, што цяпер адбываецца.

Цыганкоў: Кажуць, што эўрапейскія палітычныя эліты развучыліся гаварыць з народам, лавіць настроі людзей. Як вы ставіцеся да гэтага папроку? Можа, палітыкі проста лічаць, што ня варта рэагаваць на ня самыя прагрэсіўныя і ня самыя лібэральныя патрабаваньні масаў?

Ня трэба чакаць, пакуль масы паўстануць і будуць рабіць нешта неканструктыўнае. Бо масы няздольныя на канструктыўную творчасьць, іхняя энэргетыка разбуральная.

Мацкевіч: Не рэагаваць немагчыма. Палітыкі ў свой час ігнаравалі прапановы і перасьцярогі кемлівых інтэлектуалаў, якія раней за ўсіх бачылі небясьпеку. Але цяпер пра гэта ж ім нагадваюць масы. Аднак ня трэба чакаць, пакуль масы паўстануць і будуць рабіць нешта неканструктыўнае. Бо масы няздольныя на канструктыўную творчасьць, іхняя энэргетыка разбуральная. І калі вы ня слухаеце канструктыўныя прапановы інтэлектуалаў, то вам пра гэта ўсё роўна нагадаюць масы.

Цыганкоў: Ці можа гэты цяперашні папулісцкі паварот дайсьці да нейкага небясьпечная ўзроўню? Ці проста дасьведчаныя цэнтрысцкія палітыкі могуць улічыць гэты настрой, паглынуць яго, павярнуць на сваю карысьць?

Палітычныя эліты амаль ва ўсіх краінах імкнуцца замясьціць агульначалавечыя праблемы праблемамі сваіх краінах і ўрадаў...

Мацкевіч: Калі Мэркель пачне таксама па-папулісцку зьвяртацца да свайго выбарніка, то яна вымушаная будзе перайсьці да папулісцкай рыторыкі, каб перамагчы. Але рэч не ў рыторыцы, а ў сапраўдных праграмах, мэтах, якія стаяць перад Эўропай і ўсім сьветам, на якіх трэба сканцэнтравацца і акумуляваць энэргію сілы. І праблемы гэта агульначалавечыя, а не эгаістычныя. А сёньня палітычныя эліты амаль ва ўсіх краінах імкнуцца замясьціць агульначалавечыя праблемы праблемамі сваіх краінах і ўрадаў...

Цыганкоў: Але гэтак яны проста рэагуюць на патрабаваньні электарату.

Мацкевіч: Так. і ў гэтым сэнсе арыентуюцца на простыя папулісцкія рашэньні. Дзякуй Богу, сёньня існуе такое наднацыянальнае ўтварэньне, як Эўразьвяз, бо толькі з агульнаэўрапейскага пункту гледжаньня лепш бачныя праблемы асобных краінаў. І калі пераможа сёньня нацыянальны эгаізм, то мы можам чакаць горшыя часы. Але калі пераможа эўрапейскі і сусьветны погляд, то мы хутчэй выйдзем з таго стану, у якім апынуўся сьвет.

Цыганкоў: Раней палітыкі ставілі перад грамадзтвамі пэўныя далёкасяжныя мэты, ідэалы — «дзяржава агульнага дабрабыту» альбо «правы чалавека». Зараз многім людзям падаецца, што альбо гэтыя мэты ўжо дасягнутыя альбо сябе не апраўдалі. Ці можа зьявіцца нейкі новы бліскучы ідэал? Ці ўсіх задавальняе толькі спажывецкае грамадзтва і ніякія іншыя ідэі не патрэбныя?

Мацкевіч: Спажывецкае грамадзтва згубіла сваю прывабнасьць у вачах амаль усіх цывілізаваных народаў, ягоная крытыка ўжо нават выглядае трохі банальнай. Але замест яго сапраўды пакуль не прапанавана нічога іншага, задача стварэньня вялікай новай мэты пакуль ня вырашана.

Аднак мы маем агульныя праблемы, небясьпекі. Першае — гэта праблема клімату, бо мы зьнішчаем сваю прыроду, сваю плянэту. Другая — праблема міграцыі, бо сёньня вельмі нізкі ўзровень жыцьця там, дзе ёсьць дэмаграфічная напруга, дзе нараджаюць шмат. А зь іншага боку — дэмаграфічны спад у заможных краінах. І гэта абавязкова прывядзе да вялікага перасяленьня народаў. Што будзе рабіць Эўропа з гэтым вялізарным наплывам мігрантаў? — пакуль ніхто ня ведае.

Але ніякая сьцяна паміж ЗША і Мэксыкай не вырашае гэтай праблемы, Трамп тут прапануе папулісцкі крок, які не вырашае праблему. Трэба павялічваць узровень жыцьця людзей там, у Афрыцы, Азіі, Лацінскай Амэрыцы.

Цыганкоў: Але ж на пабудову дабрабыту ў Афрыцы пойдуць дзесяцігодзьдзі, а праблема міграцыі паўстала ўжо зараз..

Мацкевіч: Аднак гэта і прапанавалася ня сёньня, проста эўрапейскія палітыкі ня вельмі прыслухоўваліся.

Праграма «правоў чалавека» ўжо сапраўды амаль выканана, яна сябе вычарпала.

Але я назаву і трэцюю праблему — ідэалягічны крызіс. Праграма «правоў чалавека» ўжо сапраўды амаль выканана, яна сябе вычарпала. А нешта новае нам не прапанавалі. І замест гэтай вычарпанай праграмы «трэці сьвет» прапануе фундамэнталізм. І што эўрапейцы са сваёй засяроджанасьцю на мультыкультуралізме і правах меншасьці будуць рабіць ужо ня з меншасьцю, а з большасьцю, якая стаіць на супрацьлеглых пазыцыях?

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG