Вынікі паседжаньня Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе 21 ліпеня ў Менску падвёў спэцпрадстаўнік АБСЭ ў групе Марцін Сайдык. Ён паведаміў, што ўрад Нямеччыны дапаможа ва ўзнаўленьні аб’ектаў водазабесьпячэньня на Данбасе.
Марцін Сайдык: «Працоўная група па бясьпецы — дасягнутае ўзгадненьне і плян адводу танкаў і некаторых відаў узбраеньняў калібрам менш за 100 мм паэтапна па вызначанаму графіку. У мінулы раз мы пра гэта казалі. На гэты раз мы змаглі дасягнуць дамоўленасьці.
Па Шырокіна працягвалася абмеркаваньне пляна па дээскаляцыі.
Працоўная група па палітычных пытаньнях абмяркоўвала далей пытаньні пра заканадаўства і правядзеньне мясцовых выбараў. У гэтай групе, і гэта можна насамрэч сказаць, вельмі інтэнсіўны графік працы. Вельмі важныя пытаньні.
Працоўная група па гуманітарных пытаньнях. Першае — адбудзецца візыт каардынатара групы амбасадара Фрыша ў зону канфлікту на працягу гэтага тыдня.
Па-другое, абмяркоўвалася магчымасьць арганізацыі дадатковага прапускнога пункта ў Луганскай вобласьці. Мы лічым, шо гэта важнае разьвіцьцё. Спадзяёмся, што зможам працягваць і знойдзем рашэньне, бо гэты пункт вельмі важны для насельніцтва, для людзей, каб палегчыць іх жыцьцё.
Працоўная група па эканамічных пытаньнях. Бакі гаварылі, па-першае, пра ўзнаўленьне аб’ектаў водазабесьпячэньня ў Данецкай і Луганскай абласьцях з дапамогай ураду Нямеччыны. І па-другое, пра ўзнаўленьне чыгуначнай інфраструктуры па перавозцы вугалю».
Раней дзейны старшыня АБСЭ Івіца Дачыч, які прыняў сёньня ўдзел у сустрэчы Трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне, паведаміў, што падпісаньне пагадненьня пра адвод узбраеньняў калібрам менш за 100 мм будзе падпісанае сёньня. Аднак падпісаньня не адбылося.
Дзяніс Пушылін, прадстаўнік т.зв. ДНР, паведаміў, што пагадненьне па адводзе цяжкіх узбраеньняў будзе падпісана з удзелам кіраўнікоў самаабвешчаных рэспублік «у бліжэйшым часе». Дакладная дата чарговай сустрэчы Трохбаковай кантактнай групы невядомая.
Уладзіслаў Дайнэга абвінаваціў Украіну ў тым, што яна паводзіць сябе «неканструктыўна» ў працы падгрупы па палітычных пытаньнях. Паводле Дайнэгі, размова ідзе пра праблемы адмысловага статусу раёнаў Данбасу і правядзеньне мясцовых выбараў