Івіца Дачыч і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей правялі сумесную прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў пасьля сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам.
Дачыч сказаў, што прыехаў у Менск дзеля таго, каб падтрымаць працу кантактнай групы па пытаньні Ўкраіны.
«Вельмі б хацелася, каб невялічкія крокі ўрэшце ператварыліся ў адзін вялікі крок па пераходзе сытуацыі ва Ўкраіне ад небясьпечнай да мірнай», — сказаў ён.
Уладзімер Макей выказаў пазыцыю беларускага боку ва ўкраінскім канфлікце, якая, паводле яго, палягае ў наступным:
Мы зацікаўленыя ў тым, каб як мага хутчэй ва Ўкраіне ўсталяваўся мір і спакой.
«Мы зацікаўленыя ў тым, каб як мага хутчэй ва Ўкраіне ўсталяваўся мір і спакой. Менскія дамоўленасьці — гэта адзіная аснова для мірнага працэсу, а трохбаковая кантактная група, якая працуе ў Менску, і ёсьць інструмэнт гэтага працэсу».
Прэсавая канфэрэнцыя была кароткая. Дзейны старшыня АБСЭ сказаў, што яшчэ раз зьявіцца перад журналістамі, але ўжо ўвечары, пасьля заканчэньня паседжаньня трохбаковай кантактнай групы.