Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура занялася справай аб сьмерці Пцічкіна


Ігар Пцічкін
Ігар Пцічкін

Генэральная пракуратура прыняла да разгляду крымінальную справу па факце сьмерці ў менскім СІЗА на Валадарскага Ігара Пцічкіна.

Са зваротам у пракуратуру зьвярнулася маці загінулага Жанна Пцічкіна, якая не пагадзілася з пастановай Сьледчага камітэту аб спыненьні папярэдняга расьсьледаваньня па крымінальнай справе.

Маці просіць правесьці расьсьледаваньне і пакараць вінаватых у сьмерці сына.

«Па выніках гэтага разгляду апошняе рашэньне Сьледчага камітэту было адмененае, а крымінальная справа прынятая да разгляду Генэральнай пракуратурай, што здараецца, дарэчы, вельмі рэдка і сьведчыць пра некампэтэнтнасьць сьледчых органаў, якія праводзілі расьсьледаваньне», — паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Жанна Пцічкіна спадзяецца, што пасьля ўмяшаньня Генпракуратуры справа зрушыцца зь мёртвай кропкі і дойдзе да суду:

«Калі ня мог разабрацца Сьледчы камітэт, дык, можа, атрымаецца ў Генэральнай пракуратуры? Сына забілі за чатыры дні, а цяпер прайшло 3 гады, тры экспэртызы правялі, і нічога ад сьледчых нельга дабіцца. Вось Аляксандар Лукашэнка, напрыклад, на паседжаньні Сьледчага камітэту ў лютым казаў, што для сьледчых галоўным павінен быць чалавек і ні ў якім разе ад яго нельга адмахвацца, што сьледчыя павінны быць проста народнымі людзьмі, казаў ён. Дык чаму мы павінны здраджваць людзям, якія на нас сёньня працуюць і прыходзяць да нас з заявай аб дапамозе?»

21-гадовы мянчук Ігар Пцічкін памёр у СІЗА 4 жніўня 2013 году пасьля некалькіх дзён адседкі. У СІЗА ён адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы правоў. Адміністрацыя ізалятара заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, аднак сваякі знайшлі на целе сінякі і сьляды пашкоджаньняў. Яны дамагліся ўзбуджэньня крымінальнай справы, якая некалькі разоў прыпынялася.

Сьледчы камітэт, які вёў крымінальную справу, прыйшоў да высновы, што Ігар Пцічкін ужываў наркотыкі і быў датычны да іх распаўсюджваньня. У сярэдзіне сьнежня 2015 году Сьледчы камітэт закрыў справу.

Сваякі Ігара Пцічкіна мяркуюць, што ён памёр ад зьбіцьця ў СІЗА і неаказаньня яму мэдычнай дапамогі, і спасылаюцца на шматлікія сьляды зьбіцьця на ягоным целе. І дамагаюцца, каб фэльчары і лекары СІЗА панесьлі адказнасьць за сьмерць хлопца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG