У сярэдзіне сьнежня 2015 году Сьледчы камітэт закрыў справу Ігара Пцічкіна, які памёр у СІЗА на Валадарскага ў жніўні 2013 году. І маці памерлага Жаньне Пцічкінай дазволілі ў кабінэце сьледчага Івана Панцеляймона азнаёміцца са справай, у якой больш за 20 тамоў.
За месяц чытаць матэрыялы сьледзтва спадарыню Пцічкіну пусьцілі толькі 4 разы на пару гадзін: то ў сьледчых няма часу, то няма памяшканьня. Фатаграфаваць матэрыялы справы нельга, можна толькі рабіць выпіскі, распавяла Жанна Пцічкіна:
«Мяне не задавальняе, што з майго сына зрабілі наркамана і алькаголіка. Трэцяя экспэртыза прызнала, што ў яго было хворае сэрца, павышаўся ціск, але ён нікуды не зьвяртаўся, а фэльчар пра гэта ня ведаў. Ён памёр ад „болезненных процессов“. А пра сінякі наагул нічога не напісала, маўляў, іх не было. І таго, што ў першай экспэртызе было напісана, што памёр ён ад „тупой траўмы грудной клеткі“, то бок сэрца, ужо няма.
Таксама першая экспэртыза, якую рабіла Натальля Яўгенаўна Глінская (яна, дарэчы, і рабіла ўскрыцьцё цела), вызначыла, што было „кровазьліцьцё ў галаўны мозг і хрыбетнік“ — гэтага таксама цяпер няма. І што „памёр ён у вісячым становішчы“, таксама няма. Другі ўрач з 40-гадовым стажам, Аляксандар Іванавіч Герасімовіч, таксама пісаў, што Ігар „памёр ад тупой траўмы грудной клеткі“. А цяпер я чытаю, што фэльчар Аляксей Крылоў даў майму сыну таблеткі, прывязаў на 17 гадзін, але кожныя паўгадзіны паглядаў у вакенца. Маўляў, фэльчар ня ведаў, што Ігар хворы. А пасільную дапамогу мэдык майму сыну аказаў.
Але Ігар стаяў на ўліку ў ваенкамаце, і ніколі ў яго ніякіх праблемаў з сэрцам не было!
Я хачу, каб расьсьледаваньне было адноўлена і справа дайшла да суду. Бо яе ўжо шмат разоў перапісвалі, там столькі нестыковак, супярэчнасьцяў!»
Жанна Пцічкіна ўжо двойчы хадзіла ў прыёмную прэзыдэнта, але там казалі, што гэта ня ў іх кампэтэнцыі, трэба зьвяртацца ў пракуратуру. Цяпер, калі справу закрылі, яна зноў мае намер зьвярнуцца ў Генэральную пракуратуру і да Аляксандра Лукашэнкі.
21-гадовы Ігар Пцічкін памёр на «Валадарцы» ў жніўні 2013 году. Паводле афіцыйных дакумэнтаў першай экспэртызы, сьмерць адбылася з-за болевага шоку і сардэчнай недастатковасьці. Сьледчы камітэт, які вёў крымінальную справу, прыйшоў да высновы, што Ігар Пцічкін ужываў наркотыкі, а таксама быў датычны да іх распаўсюджваньня. Справу некалькі разоў закрывалі, а потым, пасьля скаргаў маці Пцічкіна ў Генпракуратуру, аднаўлялі. Сваякі Ігара Пцічкіна мяркуюць, што ён памёр ад зьбіцьця ў СІЗА і неаказаньня яму мэдычнай дапамогі, і спасылаюцца на шматлікія сьляды зьбіцьця на ягоным целе. І дамагаюцца, каб фэльчары і лекары СІЗА панесьлі адказнасьць за сьмерць 21-гадовага хлопца.