Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэнік Лойка дамогся ад суду перакладчыка на беларускую мову


Гэнік Лойка, архіўнае фота
Гэнік Лойка, архіўнае фота
Калегія з трох судзьдзяў — Крапіўкі, Лазавіковай і Якутовіч — прыслухалася да заяваў Генадзя Лойкі пра тое, што ён не разумее расейскай мовы, і задаволіла ягонае хадайніцтва аб прадстаўленьні перакладчыка за сродкі бюджэту.

Гэнік Лойка судзіўся з КДБ Беларусі і Белінвэстбанкам за адмову выкарыстаньня дзяржаўнай беларускай мовы ў зносінах з грамадязнамі. У часе гэтых ды іншых судоў Гэнік Лойка неаднаразова патрабаваў весьці працэсы па-беларуску або прадставіць перакладчыка з расейскай на беларускую. Але ні разу не дамогся свайго.

І вось сёньня ўпершыню судзьдзі адгукнуліся на ягонае хадайніцтва і пастанавілі паклікаць у суд перакладчыка. Нягледзячы на тое, што гэтае рашэньне адкладзе на няпэўным тэрмін разгляд справы па-сутнасьці, Гэнік Лойка назваў такое рашэньне суду перамогай:

«Будзе беларуская мова! Сутнасьць гэтага працэсу якая: грамадзянін просіць, патрабуе ад дзяржавы — „Дайце мне дзяржаўную беларускую мову!“ А дзяржава не дае. А тут — „дасьць“! Я нарэшце мову беларускую ў судзе пачую!»

На жаль, — зазначае Генадзь Лойка, — гэтае рашэньне прынялі толькі таму, што я настойліва і некалькі разоў паўтарыў, што не разумею расейскай мовы, але хачу ўдзельнічаць у працэсе і разумець, што адбываецца ў судзе.

Сябра ТБМ Валянцін Стэфановіч, які прымаў у паседжаньні ўдзел як прадстаўнік грамадзкасьці, зьвярнуў увагу на той факт, што пракуратура раней падавала пратэст на рашэньні судзьдзі Сямак у справе пазову Лойкі да Белінвэстбанку. Аднак падчас разгляду касацыйнай скаргі высьветлілася, што пракуратура свой пратэст адклікала:

«Паводле заканадаўства, канечне, яна можа гэта рабіць. Іншая справа, што зь нейкай прычыны яны гэты пратэст выносілі. Я з такім сутыкаўся ў сваёй практыцы падчас грамадзка гучных спраў. Думаю, што тое, што пракуратура адклікала пратэст, невыпадкова, і гэта не зусім добры сыгнал».

Што тычыцца рашэньня пра прадстаўленьне Генадзю Лойку перакладчыка, то Стэфановіч лічыць, што яно абсалютна законнае.

«Грамадзянін карыстаўся сваім правам размаўляць на дзяржаўнай мове. Суд мусіць прадставіць яму перакладчыка. І шукаць перакладчыка, і аплочваць ягоныя паслугі — гэта не пытаньне і не праблема грамадзяніна ў гэтым выпадку».

Генадзь Лойка падаваў пазоў супраць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, супрацоўнік якога адмовіўся размаўляць зь ім па-беларуску. А таксама супраць Белінвэстбанку, які не прадставіў Лойку дамовы абслугоўваньня на беларускай мове.

У абодвух выпадках судзьдзя Цэнтральнага раёну Алена Сямак вынесла рашэньні не на карысьць Генадзя Лойкі.

Падчас працэсаў Лойка неаднаразова хадайнічаў пра тое, каб працэс вёўся на беларускай мове, заяўляў, што не разумее расейскай мовы, і патрабаваў перакладчыка. Судзьдзя Алена Сямак патрабаваньняў Генадзя Лойкі не задавальняла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG