Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэнік Лойка судзіцца з КДБ і Белінвэстбанкам. За мову


Гэнік Лойка судзіцца з КДБ і Белінвэстбанкам. За мову
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:29 0:00

Скульптар і грамадзкі актывіст Гэнік Лойка патрабуе ад суду Цэнтральнага раёну Менску правядзеньня беларускамоўнага судовага працэсу паводле ягонага пазову да Камітэту дзяржбясьпекі і Белінвэстбанку.

З адпаведнай заявай Гэнік Лойка зьвярнуўся да старшыні суду Юрыя Лебедзя.

Як паведаміў Свабодзе Гэнік Лойка, напярэдадні ён атрымаў судовыя позвы, напісаныя на расейскай мове. Актывіст зьвярнуўся ў суд з прапановай выпісаць позвы па-беларуску, аднак сакратарка судзьдзі Алены Сямак адмовілася гэта рабіць, спаслаўшыся на няведаньне беларускай мовы.

«Гэткім чынам, судовы працэс аб парушэньні артыкула № 4 Закону аб мовах будзе весьціся з парушэньнем гэтага ж артыкула», — падкрэсьлівае Гэнік Лойка.

«Старшыня суду Цэнтральнага раёну Юры Лебедзь падчас асабістага прыёму ў гэтым пытаньні спрабаваў размаўляць са мной па-беларуску, але заявіў, што мову судовага працэсу будзе абіраць судзьдзя і ніхто ня зможа яе прымусіць зрабіць той ці іншы выбар, — паведаміў Гэнік Лойка. — Тым часам Канстытуцыя краіны і Закон аб мовах дазваляюць грамадзянам краіны карыстацца беларускай мовай бесьперашкодна».

10 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Менску адбудзецца судовы працэс паводле пазову Гэніка Лойкі да КДБ аб парушэньні артыкула № 4 Закону аб мовах, які абавязвае супрацоўнікаў дзяржаўных органаў валодаць дзьвюма дзяржаўнымі мовамі. 11 красавіка ў гэтым жа судзе адбудзецца яшчэ адзін працэс паводле аналягічнага пазову Гэніка Лойкі да Белінвэстбанку. Паводле Гэніка Лойкі, у дзяржаўных структурах працуе вельмі шмат службоўцаў, якія не карыстаюцца беларускай мовай, не валодаюць ёй і адкрыта гэта прызнаюць. Гэткім чынам, праз судовы працэс грамадзкі актывіст спрабуе прыцягнуць да адказнасьці чыноўнікаў і прымусіць іх выконваць Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG