Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфановіч будзе абскарджваць дыскрымінацыю беларускамоўных у ААН


Гэнік Лойка і Валянцін Стэфановіч
Гэнік Лойка і Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч сьцьвярджае, што ў Беларусі маюць месца выпадкі, калі беларускамоўныя зазнаюць дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце, а выпадак Генадзя Лойкі ў справе «Лойка супраць Белінвэстбанку» мае добрыя пэрспэктывы для разгляду ў Камітэце па правах чалавека ў ААН.

11 красавіка Валянцін Стэфановіч як сябра Таварыства беларускай мовы ўдзельнічаў у працэсе «Генадзь Лойка супраць Белінвэстбанку».

Суд Цэнтральнага раёну разглядаў скаргу Генадзя Лойкі на дзеяньні банку, які адмовіўся прадстаўляць яму дамовы на беларускай мове. Судзьдзя Алена Сямак скаргу не задаволіла, спаслаўшыся на тое, што ніводная норма заканадаўства не абавязвае банк складаць дакумэнты па-беларуску. Паводле судзьдзі, банк не адмаўляў Лойку ў абслугоўваньні і не забараняў яму карыстацца беларускай мовай.

Падчас суду Генадзь Лойка ня раз заяўляў, што не валодае расейскай мовай, не разумее выступаў удзельнікаў працэсу па-расейску, у тым ліку словаў судзьдзі і прадстаўніка «Белінвэстбанку» Яўгена Япішкіна. Даць яму перакладчыка за дзяржаўны кошт судзьдзя таксама адмовілася, аргумэнтуючы тым, што перакладчык з расейскай на беларускую мову можа быць дадзены толькі за кошт самога Генадзя Лойкі.

У той жа час прадстаўнік Белінвэстбанку Яўген Япішкін у судзе заявіў, што патрабаваньне Лойкі выдаць яму блянк на беларускай мове абмяжоўвае правы банку:

«У нас такога блянка на дадзены момант няма».

Паводле Япішкіна, «прымушэньне банку да заключэньня заявы на беларускай мове будзе зьяўляцца парушэньнем правоў і законных інтарэсаў банку, гарантаваных артыкулам 17 Канстытуцыі».
Гэнік Лойка ў судзе з прадстаўніком Белінвэстбанка
Гэнік Лойка ў судзе з прадстаўніком Белінвэстбанка


Валянцін Стэфановіч: «У дадзеным выпадку грамадзяніну адмаўляюць у заключэньні дамовы на беларускай мове, у абслугоўваньні па моўнай прыкмеце, гэта і ёсьць дыскрымінацыя. А дзе тады чалавек можа рэалізаваць сваё права на беларускую мову ва ўсіх сфэрах жыцьця, як гэта піша Закон аб мовах? Куды б вы ні прыйшлі, вы бачыце адну і тую ж карціну — вам ніхто нічога не абавязаны, усё будзе па-расейску.

Калі Беларусь дэкляруе, што яна білінгвістычная краіна, яна сапраўды мусіць забясьпечыць правы грамадзяніна ў гэтай сфэры. Я лічу, што гэтая справа мае добрыя пэрспэктывы для звароту ў Камітэт па правах чалавека ААН. Паводле міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах дыскрымінацыя забароненая, у тым ліку і па моўнай прыкмеце. І там я ня буду спасылацца на нацыянальнае заканадаўства, а буду маляваць карціну ў цэлым. Пачынаючы з Канстытуцыі — да фактычнай сытуацыі са спадаром Лойкам. А сутнасьць сытуацыі такая: чалавеку адмовілі ў выдачы дамовы на беларускай мове».

Камэнтуючы рашэньне судзьдзі Сямак, Стэфановіч адзначыў недасканаласьць беларускага заканадаўства:

Валянцін Стэфановіч: «Мэханізмаў, якія б гарантавалі роўны статус дзьвюх дзяржаўных моваў, як гэта зафіксавана ў Канстытуцыі, няма. Апроч заканадаўча зафіксаванага абавязку службовых асобаў адказваць на зварот на мове звароту. І то гэта зьявілася некалькі год таму, а раней і гэтага не было. Толькі пасьля крытыкі, у тым ліку і на міжнародным узроўні, калі Беларусь праходзіла ўнівэрсальны пэрыядычны агляд у Радзе правоў чалавека ААН і мы рыхтавалі разам зь іншымі праваабарончымі арганізацыямі альтэрнатыўны даклад і адзначылі, што дыскрымінацыйныя нормы знаходзяцца ў Законе аб мовах, у тым ліку — няма абавязаньня адказваць грамадзянам на мове звароту. Я ня ведаю, ці гэта паўплывала на нашу дзяржаву, але норма такая зьявілася.

Калі ў комплексе разглядаць, то атрымліваецца, што ў нас на практыцы рэалізацыі нормаў Канстытуцыі няма. Заканадаўства само па сабе фактычна ўсё па-расейску. Хоць калі ў нас дзьве дзяржаўныя мовы, яны маюць роўны статус, то мне незразумела, чаму дзяржава не перакладае заканадаўчыя акты на беларускую мову. Напрыклад Грамадзянска-працэсуальны кодэкс, які я цытаваў сёньня ў судзе, — ён існуе толькі ў расейскамоўным варыянце. Але мы мусім зыходзіць з прынцыпаў Канстытуцыі, дзе гаворыцца, што мовы маюць роўны статус».

Генадзь Лойка будзе падаваць апэляцыю на рашэньне суду, а таксама абскардзіць дзеяньні судзьдзі Алены Сямак, якая вяла працэс і на беларускай, і на расейскай мовах. Паводле Генадзя Лойкі, гэта супярэчыць заканадаўству.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG