Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Дамова з Іранам ударыць і па Расеі, і па Беларусі


Іран і шэсьць сусьветных дзяржаў дасягнулі дамовы, працягам якой стане заключэньне гістарычнай ядзернай зьдзелкі: адмена міжнародных санкцыяў у абмен на абмежаваньне ядзернай праграмы Тэгерана.

Заходнія краіны вінавацілі Іран у спробах стварыць ядзерную зброю. Супрацьстаяньне з гэтай прычыны трывала больш за 12 гадоў.

У выніку падпісаньня зьдзелкі з Ірана будуць зьнятыя заходнія санкцыі. Іранская нафта выйдзе на міжнародны рынак. Якім чынам гэта паўплывае на глябальны рынак энэрганосьбітаў і як зьменіць эканамічны стан Беларусі, Радыё Свабода пагаварыла з дырэктарам Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсенам Сівіцкім.

Яшчэ на пачатку 2013 году экспэрты Цэнтру спрагназавалі вяртаньне Ірана да перамоўнага працэсу з ЗША па пытаньні іранскай ядзернай праграмы, а таксама ідэнтыфікавалі працэс амэрыканска-іранскай «разрадкі».

Арсен Сівіцкі, які чатыры гады вывучае ход амэрыканска-іранскіх перамоваў, кажа: гістарычнасьць заключанай дамовы ў тым, што зь яе пачынаецца новая гісторыя амэрыканска-іранскіх адносінаў.

Нафта будзе каштаваць 40–45 даляраў, а Іран стане новым донарам бясьпекі ў рэгіёне

— Спадар Арсен, што глябальна будзе значыць заключэньне ядзернай зьдзелкі з Іранам?

— Па-першае, улічваем тое, што Іран — гэта вытворца нафты. У выніку зьняцьця нафтавага эмбарга, паводле падлікаў экспэртаў, праз паўгода кошт нафты складзе 40–45 даляраў за барэль. Па-другое, Іран, хутчэй за ўсё, будзе выходзіць на міжнародны газавы рынак, што ў Эўропе створыць канкурэнцыю паміж Іранам і Расеяй. Зразумела, што праз гэта зьменяцца і кошты на газ.

— Ці адбудуцца зьмены ў рэгіянальнай геапалітыцы на Блізкім Усходзе?

— Ядзерная зьдзелка, пра якую дамовіліся Іран і шэсьць сусьветных дзяржаў, прадугледжвае адмену міжнародных санкцыяў у дачыненьні да Тэгерана ў абмен на абмежаваньне ягонай ядзернай праграмы. Гэта замацоўвае новы рэгіянальны статус Ірана. Іран паступова будзе выходзіць зь міжнароднай ізаляцыі, што дасьць яму магчымасьці прасоўваць сваю зьнешнюю палітыку ў рэгіёне. Практычна гэта адбываецца ўжо цяпер: напрыклад, у Емэне праіранскія паўстанцы атрымліваюць гуманітарную дапамогу з Ірану, таксама Іран спрычыніўся да стабілізацыі сытуацыі ў Сырыі і бярэ ўдзел у барацьбе з Ісламскай дзяржавай, накіроўваючы сваіх вайскоўцаў. Таму можна казаць пра Іран як пра новага донара рэгіянальнай бясьпекі і новы цэнтар сілаў. Але гэта, у сваю чаргу, будзе выклікаць новыя канфлікты і супярэчнасьці з геапалітычнымі супернікамі Ірана — найперш з Саудаўскай Арабіяй і Ізраілем.

У Беларусі адновяць вытворчасьць «Самандаў»

— Як будуць зьмяняцца дачыненьні паміж Іранам і Беларусьсю з улікам таго, што Іран выходзіць зь міжнароднай ізаляцыі, а Беларусь — застаецца пад санкцыямі?

— Стасункі паміж Беларусьсю і Іранам былі замарожаныя пасьля таго, як у 2010 годзе Рада Бясьпекі ААН увяла санкцыі супраць Ірану. Да гэтага часу супрацоўніцтва паміж краінамі разьвівалася вельмі хутка — і ў Іране, і ў Беларусі ствараліся сумесныя прадпрыемствы (тут можна прыгадаць вытворчасьць у Беларусі іранскіх аўтамабіляў «Саманд»), Беларусь атрымала некалькі нафтавых радовішчаў на тэрыторыі Ірана. Пасьля ўвядзеньня санкцыяў у 2010 годзе гэтыя праекты былі замарожаныя — каб ня трапіць пад санкцыі разам з Іранам, Беларусь вырашыла затармазіць супрацу з гэтай краінай.

Беларусь праз год стане набываць нафту і газ у Расеі па цане значна ніжэйшай, чым гэта робіцца цяпер

Цяпер, пасьля таго як санкцыі з Ірана будуць зьнятыя, Беларусь зможа разьлічваць на больш актыўную супрацу. Яшчэ адным наступствам для Беларусі можна лічыць тое, што пасьля таго, як зьнізяцца сусьветныя кошты на нафту, цана расейскай нафты для Беларусі таксама зьнізіцца. Эканамічны эфэкт будзе такі: Беларусь праз год стане набываць нафту і газ у Расеі па цане значна ніжэйшай, чым гэта робіцца цяпер. З аднаго боку, гэта добра, бо электраэнэргія стане таньнейшай, але нашу нафтахімічную прамысловасьць могуць чакаць сур’ёзныя страты: з-за спаду цэнаў на нафту стануць таньнейшымі і прадукты нафтаперапрацоўкі, што адаб’ецца на нашай экспартнай выручцы.

— Вы кажаце, што адносіны паміж Іранам і Беларусьсю могуць дасягнуць таго ўзроўню, які быў да санкцыяў. Відавочна, што Беларусь была б зацікаўленая ў аднаўленьні праекту з нафтавымі радовішчамі. А наколькі гэта цікава Ірану?

— Трэба разумець, што зараз увесь сьвет чакае адмены санкцыяў, каб увайсьці на іранскі рынак, а гэта даволі пэрспэктыўны рэгіянальны рынак. Іран — краіна з 80-мільённым насельніцтвам, таму канкурэнцыя за гэты рынак будзе высокая. Для Беларусі тут важна ня страціць свой шанец, каб замацавацца на гэтым рынку, скарыстоўваючы найперш высокія палітычныя стасункі, які існавалі паміж нашымі краінамі.

Расея і Беларусь павінны быць гатовыя да новага вітка крызісу

— У выніку зьняцьця санкцыяў з Ірана кошт нафты зьнізіцца да 40–45 даляраў за барэль. Ці можна казаць у гэтай сувязі пра наступны віток эканамічнага крызісу ў Расеі, які адаб’ецца і на беларускай эканоміцы?

— Так, Беларусь, хутчэй за ўсё, трапіць пад уплыў нэгатыўных для Расеі тэндэнцыяў з-за коштаў на энэрганосьбіты. Чым ніжэйшыя цэны на нафту, тым горш для расейскай эканомікі, а гэта значыць — і для беларускай таксама. З-за пагаршэньня зьнешнеэканамічнай каньюнктуры для Расеі фінансавая і эканамічная падтрымка Беларусі з боку Расеі будзе зьмяншацца. Гэта бачна ўжо на прыкладзе гэтага году. А што будзе, калі зьнешнеэканамічная каньюнктура для Расеі яшчэ больш пагоршыцца ў выніку зьняцьця санкцыяў з Ірана? На жаль, тут больш пытаньняў, чым адказаў. Але відавочна, што рыхтавацца да неспрыяльных сцэнараў Беларусь мусіць пачынаць ужо сёньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG