Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікі Хана адмянілі акцыю пратэсту ў Ісламабадзе пасьля жорсткага разгону паліцыяй


Вулічныя баі ў Ісламабадзе
Вулічныя баі ў Ісламабадзе

Апазыцыя заклікала правесьці масавыя акцыі пратэсту ў Ісламабадзе з патрабаваньнем вызваліць зьняволенага былога прэм’ер-міністра пасьля таго, як сілы бясьпекі пачалі апэрацыю ў сталіцы, арыштаваўшы сотні людзей.

Пратэстоўцы, якія на працягу некалькіх дзён ішлі ў бок Ісламабаду з апорнага пункту Імрана Хана ў правінцыі Хайбэр Пахтунхва на паўночным захадзе, былі разагнаныя, а сталіца ачышчана ад пратэстоўцаў, заявіў міністар унутраных спраў Махсін Накві. Супрацоўнік службы бясьпекі паведаміў Радыё Свабода, што ў сталіцы арыштавана каля 500 чалавек.

Партыя Хана Пакістан Тэхрык-і Інсаф (PTI) выступіла з заявай 27 лістапада, што пратэст, падчас якога былі забітыя па меншай меры шэсьць чалавек — чатыры супрацоўнікі сіл бясьпекі і двое пратэстоўцаў, часова прыпыняецца. Апазыцыя абвінаваціла ўрадавыя сілы ў жорсткасьці.

Акрамя таго, кіраўнік PTI у горадзе Пэшавар у Хайбэр Пахтунхве пацьвердзіў, што партыя адмяніла акцыю пратэсту. Там абяцаюць прыдумаць «новую стратэгію».

Жонка Хана, Бушра Бібі, і галоўны міністар правінцыі Хайбэр Пахтунхва Алі Амін Гандапур, ключавы хаўрусьнік Хана, «бясьпечна» вярнуліся ў правінцыю з Ісламабаду пасьля разгону сіламі бясьпекі.

Пратэст пачаўся ў выходныя, калі больш за 10 000 чалавек парушылі ўрадавую забарону на публічныя сходы і блякаваньне Ісламабаду. Яны здолелі ўступіць у баі з каля 20 000 сілавікоў. У гэты момант у Пакістан прыляцеў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Пратэстоўцы, некаторыя зь якіх былі ўзброеныя палкамі і рагаткамі, былі пасьпяхова разагнаныя пасьля таго, як на месца прыбыло падмацаваньне вайскоўцаў.

72-гадовы Хан, былая супэрзорка крыкету — найпапулярнейшага спорту ў Пакістане, стаў вядомам у краіне палітыкам. Быў прэм’ер-міністрам краіны. Ён знаходзіцца ў турме больш за год і яму прад’явілі абвінавачваньні па больш як 150 крымінальных справах. PTI заявіла, што справы палітычна матываваныя.

PTI кінула выклік ураду з таго часу, як Хана не дапусьцілі да ўдзелу ў выбарах у лютым, з рэгулярнымі дэманстрацыямі з мэтай захопу грамадзкіх месцаў у Ісламабадзе і іншых буйных гарадах.

Перад рэйдамі сілы бясьпекі прымянілі сьлёзацечны газ і гумовыя кулі па прыхільніках Хана пасьля таго, як тысячы людзей пайшлі на прарыў блёкпостаў. Яны прайшлі каля 150 кілямэтраў з паўночнага захаду ў бок Ісламабада, нягледзячы на закрыцьцё і забарону на грамадзкія сходы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG