Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычнае пагадненьне па Іране можа стаць пераломным і мець далёкасяжныя наступствы


Міністар замежных спраў Ірана Махамад Джавад Зарыф падчас перамоваў па ядзернай праграме ў Вене
Міністар замежных спраў Ірана Махамад Джавад Зарыф падчас перамоваў па ядзернай праграме ў Вене

Знакавае пагадненьне па ядзернай праграме Ірану можа мець далёкасяжныя наступствы — ад зьяўленьня велізарнай крыніцы паставак нафты і газу да патэнцыйнага распальваньня гонкі ўзбраеньняў на Блізкім Усходзе і падрыву геапалітычнага ўплыву Расеі.

Гістарычная дамова паміж Іранам і сусьветнымі дзяржавамі, заключаная 14 ліпеня, адкрыла шлях да адмены міжнародных санкцыяў супраць Тэгерана ўзамен на абмежаваньне ягонай дзейнасьці ў ядзернай сфэры. У той час як шэсьць дзяржаў сьцьвярджаюць, што дамова будзе стрымліваць магчымасьці Тэгерана займець ядзерную зброю, пагадненьне можа таксама мець іншыя далёкасяжныя наступствы, зьвязаныя з магчымай рэінтэграцыяй Ірана ў сусьветную супольнасьць. Пагадненьне можа прывесьці да патэнцыйнага распальваньня гонкі ўзбраеньняў на Блізкім Усходзе, паспрыяць палітычнай рэформе ў Іране, падарваць расейскую энэргетычную моц праз вызваленьне велізарных запасаў нафты і газу.

Фактар «дэстабілізацыі»?

Пэрспэктыва квітнеючага Ірана выклікала сярод тых, хто скептычна глядзіць на ядзерную дамову, і нават сярод некаторых амэрыканскіх чыноўнікаў, якія стаяць за яе, неспакой, што Тэгеран зможа скарыстаць гэты неспадзяваны залаты дождж, каб дэстабілізаваць і без таго хісткі Блізкі Ўсход. Адмена санкцыяў дазволіла б Ірану вярнуць больш як 100 мільярдаў даляраў нафтавых даходаў, замарожаных цяпер за мяжой. Некаторыя экспэрты лічаць, што праз гэта іранская 420-мільярдная эканоміка зможа расьці на 5–8 працэнтаў у год.

«Мы, вядома, ведаем і занепакоеныя тым, што Іран, нягледзячы на вялікія патрэбы ва ўнутраных выдатках, можа пусьціць некаторыя сродкі, якія прыйдуць пасьля адмены санкцыяў, на фінансаваньне дэстабілізуючых дзеяньняў», — цытуе даклад афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША ад 8 ліпеня вэбсайт Daily Beast.

Мохсен Мілані, выканаўчы дырэктар Цэнтру стратэгічных і дыпляматычных дасьледаваньняў пры Ўнівэрсытэце Паўднёвай Фларыды, паведаміў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што дамова можа стаць «пераўтваральнай падзеяй» на Блізкім Усходзе, таму што яна адчыняе дзьверы да больш цесных сувязяў паміж Іранам і Захадам, што магло б зьменшыць напружаньне ў рэгіёне.

Рычард Нэф’ю, які служыў у Дзярждэпартамэнце першым намесьнікам каардынатара па палітыцы санкцыяў, а ў Радзе нацыянальнай бясьпекі адказваў за пытаньні Ірана, сьцьвярджае, што боязь, каб Іран не пусьціў грошы ад адмены санкцыяў на свае рэгіянальныя амбіцыі, — перабольшаныя.

«Унутраныя эканамічныя патрэбы Ірану рэальныя, бо прэзыдэнт Хасан Рахані мусіць выканаць абяцаньні, якія атрымалі яго выбаршчыкі, — пісаў Нэф’ю раней у гэтым месяцы. — Каб забясьпечыць стабільнасьць сваёй улады, іранскія лідэры мусяць разьбірацца з унутранымі праблемамі і ўкладаць сродкі ў падтрыманьне сваёй будучыні. Падтрымка прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада і іншых рэгіянальных суб’ектаў — мэта важная, але другасная».

Зрух альянсаў

Сьцягі ЗША і Ірана
Сьцягі ЗША і Ірана

Ціск з боку ЗША, каб ядзернае пагадненьне з Іранам было заключана, таксама выклікае ў суніцкіх арабскіх дзяржаў асьцярогі — што Вашынгтон, іхні традыцыйны гарант, па сутнасьці, адступаецца ўбок і дае шыіцкаму Ірану свабоду дзеяньняў у рэгіёне. У сьвятле гэтых заклапочанасьцяў арабскія дзяржавы Пэрсыдзкага заліва ўсё часьцей гавораць пра дывэрсыфікацыю сваіх міжнародных альянсаў.

«[Прэзыдэнт ЗША Барак] Абама запомніцца як прэзыдэнт ЗША, які аднавіў адносіны з Іранам. Але ён таксама можа запомніцца як прэзыдэнт ЗША, які страціў традыцыйных саюзьнікаў у рэгіёне», — сказаў Reuters у чэрвені Самі аль-Фарадж, кувэйцкі радца па пытаньнях бясьпекі ў Радзе супрацоўніцтва краін Пэрсыдзкага Заліва (РСКПЗ).

Рада супрацоўніцтва краін Заліва (РСКПЗ) — якая складаецца з Саудаўскай Арабіі, Кувэйта, Бахрэйна, Катара, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Амана — ужо «шукала іншыя варыянты — гэта магла б быць Расея ці Францыя, або рэгіянальныя дзяржавы, такія, як Турцыя і Пакістан, — якія б дапамаглі нам аднавіць палітычную раўнавагу», — сказаў Фарадж Reuters.

Фонд нацыянальнага дабрабыту Саудаўскай Арабіі абвясьціў раней у гэтым месяцы, што пагадзіўся інвэставаць $ 10 млрд у Расеі, нягледзячы на абуральную для Эр-Рыяда падтрымку Масквою ў Сырыі Асада.

Саудаўская Арабія таксама наладжвае больш цесныя сувязі з Францыяй. Эр-Рыяд і Парыж у канцы чэрвеня абвясьцілі, што яны вывучалі магчымасьць збудаваць у Саудаўскай Арабіі два ядзерныя рэактары. Гэтыя рэактары будуць выкарыстоўвацца дзеля цывільных патрэбаў, а прадстаўнік Саудаўскай Арабіі паведаміў AFP, што дзяржава «ня будзе браць на сябе рызыку» распрацоўкі ядзернай зброі.

Гонка ўзбраеньняў у рэгіёне

Заява прадстаўніка Саудаўскай Арабіі AFP пра мірны характар ядзерных плянаў ягонай краіны прагучала сьледам за шматлікімі ў апошнія месяцы намёкамі Саудаўскай Арабіі, што пагадненьне з Іранам можа прымусіць Эр-Рыяд імкнуцца да такіх жа магчымасьцяў па ўзбагачэньні ядзернага паліва, якімі валодае Іран. З такіх выказваньняў паўстае здань гонкі ядзерных узбраеньняў — і гэта ў рэгіёне, які і без таго мае рэпутацыю «парахавой бочкі».

«Мы ня можам сядзець склаўшы рукі, як быццам нічога ніякага, калі Ірану дазволена захаваць большую частку сваіх магчымасьцяў і працягваць дасьледаваньні», — цытуе The New York Times аднаго арабскага лідэра.

Калі Іран мае магчымасьць узбагачаць уран да любога ўзроўню, то не адна толькі Саудаўская Арабія будзе патрабаваць гэтага

Прынц Туркі аль-Фэйсал, член каралеўскай сям’і Саудаўскай Аравіі і былы начальнік выведкі краіны, намякнуў у інтэрвію BBC на пачатку гэтага году, што ўрады іншых краін на Блізкім Усходзе будзе імкнуцца да таго самага. «Калі Іран мае магчымасьць узбагачаць уран да любога ўзроўню, то не адна толькі Саудаўская Арабія будзе патрабаваць гэтага», — сказаў ён.

Мілані, прафэсар паліталёгіі ў Унівэрсытэце Паўднёвай Фларыды, ставіць пад сумнеў пагрозы наконт нарошчваньня ядзернага патэнцыялу з боку Саудаўскай Арабіі і іншых краін Блізкага Ўсходу, называючы іх спосабамі ціску на Захад, каб дамагчыся максымальных саступак.

«Гэта значна лягчэй сказаць, чым зрабіць. Ці гатовая Саудаўская Арабія заплаціць гэткую ж высокую цану, якую заплаціў Іран, каб давесьці сваю ядзерную праграму да сёньняшняга ўзроўню? Жыхары Саудаўскай Арабіі павінны разумець, што тыя самыя краіны, якія падтрымлівалі іх, пакуль шэсьць сусьветных дзяржаў вялі перамовы з Іранам, у тым ліку Ізраіль, — стануць іх найбольшымі ворагамі, калі яны вырашаць купіць бомбу ці нават разьвіць мясцовы патэнцыял дзеля стварэньня ядзернай бомбы», — сказаў Мілані RFE/RL.

Новая энэргетычная гульня

Iran Oil
Iran Oil

Міжнародная ізаляцыя Ірана перашкодзіла яму напоўніцу скарыстаць свае велізарныя запасы энэргіі. З магчымай адменай міжнародных санкцыяў гэта можа зьмяніцца, што дасьць Тэгерану новых пакупнікоў энэрганосьбітаў і доступ да замежных інвэстыцыяў дзеля распрацоўкі сваіх нафтавых і газавых радовішчаў. Іран мае чацьвёртыя па велічыні разьведаныя запасы нафты ў сьвеце — 157 млрд барэляў, і 34 трыльёны кубічных мэтраў разьведаных запасаў прыроднага газу. Гэта ставіць яго ў абедзьвюх катэгорыях паперадзе Расеі, згодна з апошняй справаздачай BP аб сусьветнай энэргетыцы (BP Statistical Review of World Energy).

Зьяўленьне гэтых запасаў на сусьветных рынках ня толькі папоўніць казну Тэгерана, але і дасьць эўрапейскім краінам магчымую альтэрнатыву расейскаму газу. ЭЗ атрымлівае 27 адсоткаў свайго газу ад дзяржаўнага энэргетычнага гіганта Расіі «Газпром». Большая частка гэтага газу транспартуецца праз Украіну, дзе, як сьцьвярджаюць Кіеў і заходнія ўрады, Расея наўпрост аказала вайсковую падтрымку сэпаратыстам у крывавым канфлікце, які разгарэўся ў красавіку 2014 году пасьля анэксіі Масквою Крыму. Нафтавыя даходы вельмі важныя для Расеі, каб падтрымліваць актыўнасьць ейнай эканомікі, якая ўжо пацярпела ад рэзкага падзеньня коштаў на нафту ў мінулым годзе. І яна можа пацярпець яшчэ больш, калі на рынку зьявяцца іранскія пастаўкі.

Злучаныя Штаты і ЭЗ імкнуліся аслабіць рашучасьць Масквы ва ўкраінскім канфлікце, пакараўшы Крэмль эканамічнымі санкцыямі.

Шлях да дэмакратызацыі

Хасан Рахані
Хасан Рахані

Ядзернае пагадненьне можа даць адносна ўмеранаму Рахані і ягоным саюзьнікам рычагі ўзьдзеяньня на прыхільнікаў жорсткай лініі ў кіраўнічым істэблішменце, якім не даспадобы спробы даць іранцам больш свабоды. Але ён можа сутыкнуцца і з ростам ціску з боку сваіх унутраных праціўнікаў, лічыць Алірэза Надэр, старшы аналітык Rand Corporation па Ірану.

«Ядзернае пагадненьне, несумненна, будзе ўзьдзейнічаць на прэзыдэнта Рахані і прынясе яму вялікі палітычны капітал. чаго кансэрватары баяцца — гэта таго, што Рахані скарыстае сваю папулярнасьць, каб правесьці ў Іране сур’ёзныя зьмены» — сказаў Надэр RFE/RL.

«Дагэтуль Рахані быў вельмі асьцярожны», — дадаў Надэр.

«Але ці зьменяцца ягоныя разьлікі пасьля ядзернага пагадненьня? Тым часам як ён можа атрымаць вялікую падтрымку празь ядзернае пагадненьне, ён па-ранейшаму мае справу з палітычнай сыстэмай, якую ў значнай ступені кантралююць кансэрватары. Яны, хутчэй за ўсё, будуць выступаць супраць любых рэформаў, нават найдрабнейшых», — сказаў ён.

Тым ня менш некаторыя назіральнікі лічаць, што заключанае пагадненьне паляпшае пэрспэктывы дэмакратычных рэформаў унутры краіны: адмяняючы санкцыі і пагрозу вайны, яно дае вальней дыхаць умераным і прарэфармісцкім іранцам.

Сярод іх — прафэсар Унівэрсытэту Дэнвэра Надзір Хашэмі, які выступаў як вядучы экспэрт па санкцыях у дэлегацыі ЗША на перамовах з Іранам. У нядаўнім эсэ Хашэмі заявіў, што ядзернае пагадненьне «можа дапамагчы Ірану вярнуцца на шлях да дэмакратызацыі».

Аўтары артыкула —
Карл Шрэк і Гольназ Эсфандыяры,
Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG