Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі набіраць студэнтаў, будуць вырашаць не ВНУ, а Мінпрацы і Мінэканомікі


Ілюстрацыйнае фота Сэлфі на «дыване для рэктара» пад уваходам у галоўны корпус БДУ. Студэнцкі марш «Каханьне і салідарнасьць» 2 сьнежня 2015 году.
Ілюстрацыйнае фота Сэлфі на «дыване для рэктара» пад уваходам у галоўны корпус БДУ. Студэнцкі марш «Каханьне і салідарнасьць» 2 сьнежня 2015 году.

Лічбы прыёму студэнтаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі цяпер будуць вызначаць ня самі навучальныя ўстановы і не Міністэрства адукацыі, а супольна Міністэрства працы і Міністэрства эканомікі, заявіў дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1» віцэ-прэм’ер Васіль Жарко.

Паводле Жарко, рэктарам, якія да сёньняшняга дня вызначалі, колькі браць студэнтаў, «было выгадна, чым больш у яго студэнтаў, чым больш у яго платнікаў», а гэтыя лічбы «павінна вызначаць эканоміка».

«Калі мы падвысім прахадныя балы ў ВНУ, то паступяць тыя, хто павінен вучыцца, — дадаў Жарко. — Няма штучнай задачы скараціць вышэйшую адукацыю, але яна павінна быць для падрыхтаванага чалавека».

Наборы ў ВНУ ўжо зьмяншаюцца, кажа Жарко: у 2017 годзе ў ВНУ паступіла на 7% меней, чым летась, але больш людзей паступіла ў прафэсійна-тэхнічныя вучэльні і сярэднія спэцыяльныя ўстановы адукацыі. Зьніжаць наборы ў ВНУ Жарко прапаноўваў 15 жніўня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Васіль Жарко, архіўнае фота
Васіль Жарко, архіўнае фота

Таксама Жарко працявае даводзіць, што ў Беларусі варта вярнуцца да 5-бальнай сыстэмы адзнак. На сустрэчы з Лукашэнкам ён казаў, што ў цяперашняй 10-бальнай цяжка вызначыць розьніцу між «суседнімі» адзнакамі. Але тлумачэньні значэньня адзнак зацьверджаныя Міністэрствам адукацыі, а праблема з адзнакамі можа быць ня ў колькасьці балаў у сыстэме, а ў «плянах росту пасьпяховасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG