Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дылема ўкладчыкаў: купіць даляры з нацэнкай ці даверыцца «гарантыям» дзяржавы?


Упершыню за апошнія дні ў многіх абменных пунктах зьявілася замежная валюта. Праўда, яе колькасьць па-ранейшаму абмежаваная аб’ёмам «прыходу», хоць здаваць пачалі нават больш, чым набываць. Зрэшты, калі тыдзень таму даляр можна было купіць па 11 тысяч рублёў, то цяпер даводзіцца плаціць пад 15 тысяч — ажыятажу па такім цэньніку няма. Ці можна казаць пра стабілізацыю фінансавага рынку? Ці зьбіраюцца ўлады, як і абяцалі, скасаваць 30-працэнты збор на куплю валюты ад 1 лютага 2015 году? І што будзе зь лічбамі на банкаўскіх таблё, дзе, насуперак лёгіцы, курс куплі даляру цяпер радыкальна перавышае курс продажу?

Праз тыдзень пасьля таго, як на валютным рынку ўзьніклі відавочныя прыкметы панікі, а народ кінуўся штурмаваць абменьнікі, бальшыня банкаў канстатуюць дынаміку перавагі прыёму валюты ад насельніцтва над продажам. Прагназуецца, што да Новага году разрыў будзе павялічвацца — спусьціўшы рублёвыя запасы на даляры ды эўра, людзі цяпер вымушаныя здаваць яе назад.

Ці азначае станоўчая дынаміка перамогу дзяржавы над «часовымі валютнымі цяжкасьцямі»? Колішні работнік аднаго зь дзяржаўных банкаў Віталь Клінцэвіч у гэтым моцна сумняецца. Па яго словах, у адсутнасьць сыстэмнага падыходу да курсаўтварэньня па сутнасьці нічога не зьмянілася — урад і Нацбанк арыентаваныя перадусім на тое, каб «адабраць», а ня «даць»:

Дзяржава ў асобах ураду і Нацбанку прыняла рашэньне: а давайце забяром у насельніцтва пару мільярдаў рублёў

«Дзяржава ў асобах ураду і Нацбанку прыняла рашэньне: а давайце забяром у насельніцтва пару мільярдаў рублёў. І забіраюць. А хто такое права даў? Так, у кожнага беларуса ляжыць дома нейкая сума — ці мала што заўтра здарыцца? Гэта ж праблема! Практычна кожны трымае, бо інакш нельга. Атрымаў заробак — пайшоў хуценька частку мяняць на даляры. Такім чынам людзі перастрахоўваюцца. Нават пэнсіянэры. Суседка мая кожны раз кажа: пайду з пэнсіі куплю хоць 20 даляраў.

Звычайныя людзі разумеюць, на якім мы сьвеце. А вось урад не разумее і шукае шляхі, каб забраць гэтыя грошы. Ясна, што пэнсіянэрка не паедзе траціць гэтыя баксы, але сын пэнсіянэркі хоча паехаць, таму што сала, кава і штаны ў Польшчы значна таньней, чым тут. У Чарнігаве, у параўнаньні з Гомелем, удвая таньнейшае адзеньне — людзі едуць у Чарнігаў. Але, каб паехаць у Чарнігаў, трэба памяняць рублі на замежную валюту. Грыўні, даляры — неістотна, проста на іншую валюту. Бо беларускія рублі нікому не патрэбныя, ні ў адной краіне сьвету», — кажа Віталь Клінцэвіч.

Пры гэтым дзейныя банкіры не хаваюць, што істотна прайгралі ў выніку рашэньня Нацыянальнага банку мінімізаваць разрыў паміж курсамі куплі і продажу да 5%. Ад учорашняга дня даляр стаў куды больш прывабным для тых, хто яго прадае, але банкі вымушаныя пакрываць новыя выдаткі самастойна. Паводле папярэдніх падлікаў, 30-працэнтны збор нясе за сабой падатковую нагрузку ў 50 тысяч рублёў на кожныя 100 даляраў.

Экспэрты салідарныя, што пралікі ў фінансавай палітыцы дзяржава намагаецца перакласьці на двух актыўных гульцоў — банкі і насельніцтва. Пры гэтым настойліва пэдалюецца меркаваньне, што банкіры жывуць не па сродках, «жыруюць», і нічога страшнага, калі крыху падзеляцца зь бюджэтам. Ну, а народ, як неаднаразова падкрэсьлівалася, вінаваты ўжо тым, што ня слухаецца ні прэзыдэнта, ні прэм’ера, а носіцца па абменных пунктах. Кіраўнік клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін вымушаны стаць «адвакатам» банкіраў, нагадваючы, што ні адна галіна не прыцягнула ў эканоміку столькі інвэстыцыяў, колькі банкаўская:

«І мінулы год, і гэты год самае вялікае прыцягненьне рэсурсаў у нас ідзе па банкаўскім сэктары. Я маю на ўвазе замежныя крэдыты і пазыкі. Рост акцыянэрнага капіталу, зноў жа, адбываецца менавіта ў банкаўскім сэгмэнце. То бок, ніхто іншы ў прамысловасьці, у сельскай гаспадарцы, у гандлі, у іншых сфэрах не прыцягвае столькі замежных інвэстыцыяў, колькі здолеў банкаўскі сэктар. Таму казаць пра тое, што яны нешта дрэнна зрабілі, альбо яны дрэнна зрабілі ўсё — проста нельга. А потым, у банкіраў, што б там ні было, ёсьць абавязковыя выдаткі. Тыя ж самыя заробкі з падаткамі (а яны ўсе плацяць „па-беламу“), тая ж арэнда офісаў, тыя ж камунальныя плацяжы. Я ўжо не кажу пра мадэрнізацыю абсталяваньня: ні для каго не сакрэт, што банкіры ў дадзеным выпадку наперадзе ўсёй нашай эканомікі ў пляне мадэрнізацыі. Таму выдаткаў на новае абсталяваньне і на праграмнае забесьпячэньне яны нясуць больш, чым уся астатняя эканоміка разам узятая. Таму тут я вымушаны стаць своеасаблівым адвакатам банкаўскай сыстэмы», — кажа Андрэй Карпунін.

А што рабіць людзям, якія апынуліся перад дылемай? Усё ж перастрахавацца ды перавесьці рублёвыя ўклады ў валюту з 30-працэнтнай нацэнкай, альбо паверыць уладным абяцаньням пра індэксацыю зьберажэньняў? Фінансавы аналітык Аляксандар Муха кажа, што ў дадзеным выпадку вырашаць давядзецца кожнаму самастойна:

Кожны ўкладчык павінен вырашаць самастойна, што будзе пераважваць: купля валюты з 30-працэнтным зборам ці дэпазыт, які гарантуе кампэнсацыю стратаў

«Што датычыцца ўкладчыкаў, у якіх цяпер на руках засталіся сур’ёзныя сумы грошай, — канечне, узровень „сур’ёзнасьці“ вымяраецца ў кожным выпадку індывідуальна — то для іх, зразумелая справа, цяпер узьнікае пэўны пошук балянсу. Дакладней нават сказаць, зьяўляецца выбар. То бок, кожны для сябе мусіць вырашыць, што будзе пераважваць: альбо набыць замежную валюту і даплаціць 30-працэнтны збор у бюджэт, альбо пакінуць рублёвы ўклад, перааформіўшы яго на новых умовах з улікам гарантыяў валютных рызыкаў і кампэнсацыі курсавых стратаў у выпадку далейшай дэвальвацыі беларускага рубля.

Кожны ўкладчык павінен вырашаць самастойна, што будзе пераважваць: купля валюты з 30-працэнтным зборам ці дэпазыт, які гарантуе кампэнсацыю стратаў і які, па-сутнасьці, страхуе дэвальвацыйныя рызыкі. А пры гэтым яшчэ, магчыма, банкі зараз таксама пачнуць пераглядаць у бок далейшага падвышэньня працэнтныя стаўкі».

Тым часам афіцыйны курс, вызначаны Нацбанкам, перакрочыў адзнаку ў 11 тысяч за даляр (адметна, што даляр падрос адразу на 80 рублёў) і аж да 29 сьнежня паказьнік у 11 030 рублёў будзе фармальнай кропкай адліку. Зрэшты, гэта амаль на 3 тысячы рублёў меней, чым прапануюць камэрцыйныя банкі. Такім чынам, на фінансавы рынак зноў вярнулася множнасьць курсаў, а пра шэраг нюансаў недасьведчаным трэба будзе здагадвацца — як прыкладам, на адсутны ў інфармацыйных таблё 30-працэнтны збор на куплю валюты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG