У Магілёве на гадавіну наданьня гораду магдэбурскага права адбылася цырымонія ўганараваньня пераможцаў у намінацыях «Падзея году» і «Чалавек году». Традыцыйна іх вызначае грамадзкасьць. Трэці год запар імпрэзу праводзяць актывісты ініцыятывы «Грамадзкі магістрат», ён жа і заснаваў гэтую прэмію.
Падзеяй 2014 году стаў фэстываль «Дранік-фэст». 18 кастрычніка яго правяла магілёўская суполка «Цэнтар гарадзкіх ініцыятыў». Фэстываль сабраў у этнаграфічнам комплексе народных промыслаў багата магілёўцаў і гасьцей гораду.
«Мэта ўсіх нашых ініцыятываў — аб’яднаць гараджанаў, каб выціснуць з іх спажывецкія звычкі, што, маўляў, нехта за нас павінен нешта рабіць. А вось мы сабраліся разам, і атрымалася цудоўнае сьвята, — выказалася адразу пасьля ўганараваньня адна з арганізатарак фэстывалю магілёўская журналістка Алена Барысава. — Нават дзіўна, што раней да такога ніхто не дадумаўся».
«Чалавекам 2014 году» стаў грамадзкі актывіст, адзін з арганізатараў «Дранік-фэсту», лідэр Цэнтру гарадзкіх ініцыятыў Юры Стукалаў. Паводле «Грамадзкага магістрату» Стукалаў спрычыніўся да арганізацыі шэрагу ініцыятыў у горадзе, якія вылучаліся арыгінальнасьцю і сьмеласьцю. Актывіст заўважыў, што без паплечнікаў яго перамога ў намінацыі была б немагчымай:
«Мы імкнёмся, каб нашы праекты рабілі Магілёў больш заўважым у Беларусі горадам, каб як мага больш людзей удзельнічалі ў ажыцьцяўленьні праектаў. Мы іх робім на карысьць гораду, і каб яго жыхары ганарыліся ім», — сказаў Свабодзе Юры Стукалаў.
Пераможцаў вызначалі, аналізуючы публікацыі ў сродках масавай інфармацыі, а таксама праз галасаваньне ў сацыяльных сетках. У ім узялі ўдзел больш за 2,5 тысячы чалавек. Свой унёсак у вызначэньне пераможцаў зрабілі і экспэрты «Грамадзкага магістрату».
«Магілёў меў магдэбурскае права — гэта сьведчыць пра гатоўнасьць тагачасных месьцічаў да мясцовага самакіраваньня. І мы, цяперашнія магілёўцы, таксама заяўляем, што маем права вызначаць людзей, якія зрабілі годны ўнёсак у разьвіцьцё магілёўскай культуры сёньня. Для нас галоўнае — вылучыць тых, хто зрабіў Магілёў больш адметным», — выказаўся пра імпрэзу адзін зь лідэраў «Грамадзкага магістрату» Аляксандар Сілкоў.
Арганізаваць імпрэзу дапамаглі кампанія «Будзьма беларусамі» і Асамблея няўрадавых арганізацыяў.
Чалавекам 2013 году быў названы гісторык Ігар Пушкін, 2012 — дырэктар музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.