Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: Кожная беларуская сям’я ўжо вінная па $16.000


За 2014 год замежныя інвэстары ўклалі ў беларускую эканоміку 15 мільярдаў 100 мільёнаў даляраў. Менавіта такую лічбу называе Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі. Дзяржаўныя статыстыкі сьведчаць: 82,1% ад гэтай сумы — так званыя «даўгавыя інструмэнты».

«Гэта азначае, што болей за чатыры пятых ад атрыманых грошай — звычайныя пазыкі, — тлумачыць Свабодзе кіраўнік аналітычнага цэнтру „Стратэгія“ Леанід Заіка. — Цяпер мы маем дзесьці каля 28 мільярдаў даляраў пазык суб’ектамі гаспадараньня. Прадпрыемствы бралі крэдыты. І таму ў рэальнасьці гэта не замежныя інвэстыцыі, а звычайныя даўгі.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

А яшчэ ж грошы пазычае ўрад. І сумарна мы ўжо пазычылі 40 мільярдаў. То бок на кожную сям’ю — па 16 тысяч даляраў. Калі кажаш гэта людзям, яны разьюшваюцца і крычаць: я нічога нікому ня вінны. А я кажу: не, Вася, ты і твая сям’я вінныя 16 тысяч даляраў. Людзі проста не разумеюць, што прадпрыемствы набіраюць крэдыты для гандлю, для абароту.

У нас гэта называюць інвэстыцыямі. А насамрэч за гэтым нічога іншага не стаіць, акрамя дрэннай фінансавай сытуацыі».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, «асноўнымі інвэстарамі арганізацыяў рэспублікі былі суб’екты гаспадараньня Расеі (41,6% ад усіх інвэстыцыяў, якія паступілі ў краіну), Злучанага Каралеўства (18,6%), Нідэрляндаў (13%), Кіпра (6,2%)...».

«Гэта, найхутчэй, гандлёвыя крэдыты, якія выдаваліся летась, — кажа спадар Заіка. — Напрыклад, Саюз прадпрымальнікаў узяў крэдыт на Кіпры і будуе новы рынак. Зноў жа гэта грошы — як крэдыты. А мы іх вызначаем — як інвэстыцыі. Насамрэч гэта грошы, якія пазычылі мясцовыя суб’екты гаспадараньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG