У панядзелак 16 лютага зь ініцыятывы аб’яднаньня «Перспэктыва» у сталічным гатэлі «Беларусь» адбудзецца эканамічны Форум прадпрымальнікаў.
Ключавой тэмай на сходзе стане абмеркаваньне наступстваў прэзыдэнцкага ўказу № 222, якім пасьля 1 сакавіка спыняецца тэрмін распродажу тавараў лёгкай прамысловасьці без сэртыфікацыі паводле тэхрэглямэнту Мытнага саюзу. Гандляры канстатуюць, што большая частка цэнтраў апусьцее, а гаспадары павільёнаў заявяць аб банкруцтве.
Указ «Аб рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі» прыняты ў падтрымку тэхрэгляменту «Аб бясьпецы прадукцыі лёгкай прамысловасьці» і дзейнічае ад 1 ліпеня 2014 году. Дакумэнт абавязаў мець сэртыфікаты на ўвесь імпартаваны асартымэнт, але рэшткі тавараў, увезеных да таго, як набыў моц указ, дазволена было прадаваць паводле старых правілаў да 1 сакавіка 2015 года. Прадпрымальнікі заяўляюць, што ня змогуць працаваць згодна з новымі правіламі, бо атрымаць усе неабходныя дакумэнты ў пастаўнікоў пераважна на расейскіх аптовых рынках практычна немагчыма.
Пры канцы тыдня старшыня аб’яднаньня «Перспэктыва» Анатоль Шумчанка сустрэўся з кіраўніцтвам дэпартамэнту прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі і намесьніцаў міністра эканомікі Ірынай Касьцевіч. У ведамстве прадстаўніку прадпрымальніцкай супольнасьці паведамілі, што органы ўлады вырашылі не працягваць тэрмін распродажу рэшты тавараў і ня ўносіць адпаведныя зьмены ў прэзыдэнцкі ўказ. Гэта значыць, ад 1 сакавіка на ўвесь тавар, які маецца ў продажы, павінны быць сэртыфікаты. «Прысуд, які абскарджваньню не падлягае», — канстатаваў спадар Шумчанка.
Пры гэтым прадпрымальнікі нагадваюць, што яшчэ напрыканцы студзеня кіраўніцтва Міністэрства гандлю заяўляла пра магчымасьць працягу тэрміну распродажу рэшткаў тавараў лёгкай прамысловасьці без сэртыфікатаў. Існавалі нават тры варыянты: да 31 сьнежня 2015 года, да 1 красавіка 2016-га і да поўнага распродажу запасаў. Аднак урэшце пайсьці насустрач гандлярам улады не захацелі.
Як кажа прадпрымальнік Сяргей Уласенка, які мае некалькі павільёнаў у буйных гандлёвых цэнтрах, тым самым чыноўнікі правакуюць сацыяльны выбух:
«Па-першае, уздымецца вялікая буча. У прынцыпе, ужо сёньня можна назіраць стыхійныя выступы — ня тое, каб нехта кагосьці заклікаў, падбухторваў, людзі ўжо самі ўздымаюцца супраць бязьмежжа! Я ўвогуле не разумею: наперадзе прэзыдэнцкія выбары і сэнсу ў гэтай канфрантацыі абсалютна ня бачу.
Прычым, мы гатовыя ісьці насустрач і шукаць разумныя кампрамісы, сядаць за стол перамоваў. Але нас ня чуюць! Ды не чапайце вы прадпрымальнікаў, бо ўрэшце зьнішчыце іх як клясу. Паглядзіце, як сёньня робіцца ў Расеі: адкрываеш бізнэс — два гады бязь верхняй стаўкі арэнды, тыя ж два гады без максымальнай сплаты падаткаў.
У іх на сёньня гэтаксама ня цукар, але чыноўнікі разумеюць сытуацыю і ўваходзяць у становішча дробнага бізнэсу. То бок, ты пачаў працаваць, і два гады прыглядаесься, што ў цябе можа атрымацца на выхадзе. А тут як? Толькі душаць, па ўсіх франтах. Ніхто ні капейкі ня даў, хоць пры гэтым расказваюць, што ў малы бізнэс „укідваюцца мільярды“. Дзе яны? Ніхто гэтых грошай ня бачыў і пра іх нават ня чуў. Запытайце любога, ён скажа, што гэта проста маразм, якія мільярды? Можа, даецца на нейкія набліжаныя структуры ці на „расьпіл“? Тады гэта справа іншая. Але ні я, ні мае сябры нічога з гэтай „агульнай долі“ не атрымалі».
Нягледзячы на незадаволенасьць прадпрымальнікаў, дзяржаўныя ведамствы працягваюць адстойваць уласную пазыцыю. Так, напярэдадні міністар гандлю Валянцін Чаканаў пацьвердзіў, што тэрміны рэалізацыі несэртыфікаваных рэшткаў прадукцыі працягвацца не будуць. Як лічыць з гэтай нагоды адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка, такія рашэньні могуць прывесьці да зьнішчэньня малога бізнэсу за лічаныя месяцы. Зрэшты, на блізкую разьвязку ўжо сьведчаць напаўпустыя цэнтры і рынкі, якія гандляры пачалі масава пакідаць.