Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым запомнілася рэкордна кароткае пасланьне Лукашэнкі?


Выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Авальнай залі працягваўся 2 гадзіны 40 хвілін: само пасланьне да народу і Нацыянальнага сходу заняло рэкордна кароткія 1,5 гадзіны, яшчэ 1 гадзіну 10 хвілін прэзыдэнт адказваў на пытаньні дэпутатаў.

Адказы на пытаньні дэпутатаў упершыню не трансьляваліся. Жывую трансьляцыю з Авальнай залі Дому ўраду тэлеканал «Беларусь 1» і Першы нацыянальны канал Беларускага радыё спынілі адразу пасьля сканчэньня самога звароту да народа і Нацыянальнага сходу.

Большая частка сёньняшняга пасланьня была традыцыйна прысьвечаная эканоміцы і сацыяльнай палітыцы ў Беларусі.

Паводле словаў Лукашэнкі, гэты год павінен стаць пераломным у пераадоленьні нэгатыўных тэндэнцыяў эканамічнага разьвіцьця. «У апошнія 2-3 гады мы тэмпы разьвіцьця ў эканоміцы замарудзілі. І хоць асноўную ролю тут адыгралі зьнешнія фактары, трэба прызнаць і свае недапрацоўкі», — сказаў ён.

Лукашэнка не акцэнтаваў увагу на эканамічных праблемах краіны, хоць і прызнаў, што ў цяперашніх умовах «давядзецца абмежаваць сябе ўсім». У цэлым, зь яго пункту гледжаньня, пераадолець «нэгатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы» можна празь зьніжэньне сабекошту прадукцыі (на 25%), аптымізацыю работнікаў (ствараць 50 тысяч новых працоўных месцаў кожны год), прыцягненьне замежных інвэстыцыяў, а таксама рост і дывэрсыфікацыю экспарту.

Лукашэнка заклікаў прыбраць усе бюракратычныя бар’еры для прыцягненьня ў Беларусь замежных інвэстыцыяў. Аднак ён ня згодны з нэгатыўнымі ацэнкамі бізнэс-клімату ў Беларусі і не разумее незадаволенасьці часткі бізнэсоўцаў.

«Што ў нашай краіне перашкаджае займацца бізнэсам? Але калі хто-небудзь хоча займацца бізнэсам ва ўласных інтарэсах і так, як ён лічыць патрэбным, ня ўлічваючы наша заканадаўства, тады вам ня месца працы ў Беларусі. Трэба спыніць гэтую спрэчку, нікому яна не патрэбная. Маса бізнэсмэнаў ні на што ня крыўдзіцца.

Галоўнае — выплата падаткаў. І можаш спакойна спаць, можаш ня спаць — гэта тваё права. Але аддай тое, што ты павінен аддаць дзяржаве.

Вось кажуць, прыйшлі і арыштавалі, а заўтра прыйдуць па іншых. Ну вядома, прыйдуць, калі вы будзеце так працаваць. Калі вы будзеце абдзіраць дзяржаву і не плаціць падаткі. Вось што я патрабую: пакажыце яшчэ адзін факт за выключэньнем выплаты падаткаў, па прычыне якога затрыманы хоць адзін прадпрымальнік або бізнэсмэн. Пакладзіце на стол такія факты — іх няма».

Лукашэнка выступіў з крытыкай беларускай адукацыі, аднак прэтэнзіі былі накіраваныя ня столькі на саму сыстэму, колькі пэрсанальна на настаўнікаў і выкладчыкаў.

«Калі настаўнік ня зробіць у бліжэйшы час некалькі крокаў да гэтай вяршыні (Лукашэнка не ўдакладніў, да якой. — РС), мы будзем мець праблему ўжо не заробкаў настаўнікаў, не даходаў і жыльля, мы будзем мець праблему з самім настаўнікам.

Таму трэба выхаваць, нарадзіць новага настаўніка. Нарадзіць новых — гэта доўга. Таму нараджаць будзем, перарабляючы старое настаўніцтва.

Трэба ўскалыхнуць нашага настаўніка. Трэба прымусіць настаўніка працаваць зь сям’ёй, як гэта было ў наш час, калі настаўнік такі ж час, як у школе, быў у сям’і свайго вучня. Давайце паглядзім: ці так гэта сёньня? Ці жыве настаўнік праблемамі вучня? Не».

Выказаў ён сваю незадаволенасьць і дзейнасьцю дзяржаўных мэдыяў:

«Паклёпу, розным інсынуацыям трэба даваць рашучы адпор.

Калісьці ў нас існаваў добры выраз: да штыка прыраўняць пяро. І, дарэчы, усе кіраўнікі найбуйнейшых СМІ ў нас калісьці гэты штык насілі пры сабе.

Але ці то штык падзатупіўся, ці то пяро згубілася. Вось гэтую баявітую здольнасьць актыўна і прафэсійна весьці дыскусію, адстойваць канструктыўную пазыцыю сёньня як ніколі важна ўзяць на ўзбраеньне нашым газэтам, часопісам і тэлеканалам. Дарэчы, калі патрэбен штык — у нас гэтага дабра хапае, гэта да міністра абароны».

Шмат увагі была ададзена дзейнасьці беларускага парлямэнту і маючых адбыцца выбараў у Палату прадстаўнікоў. Лукашэнка адразу заявіў, што гэтая выбарчая кампанія «будзе экзамэнам палітычнай культуры нашага грамадзтва». «І спадзявацца, што ў нас людзі да гэтага гатовыя і палітычна культурныя — нельга. Людзей і грамадзтва да гэтага трэба рыхтаваць», — сказаў ён.

Лукашэнка заявіў, што ў новым складзе Палаты прадстаўнікоў ён бы хацеў бачыць 30% дэпутатаў з папярэдняга скліканьня.

«Я ня буду хаваць, што асобныя дэпутаты мяне ўжо просяць аб падтрымцы на новы тэрмін. Гэта нармальна, і вы гэтага не саромейцеся.

Вы ў гэтай залі павінны вызначыцца, зыходзячы з нашага крытэру пераемнасьці новага парлямэнту, хто з вас хоча і ў стане працаваць у новым парлямэнце. Трэба будзе падтрымка — вы ж ведаеце, што ў мяне тут ні ворагаў, ні праціўнікаў няма — вы ўсе мае людзі, мае дзеці, і я буду вас падтрымліваць усяляк так, як вы вызначыцеся», — сказаў ён.

Значная частка прамовы Лукашэнкі была прысьвечана адносінам Расеі і Беларусі. Ён падкрэсьліў, што ніякай беларусізацыі ў Беларусі не адбываецца, краіна нікуды не разьвернецца, дый наагул расейцы і беларусы — адзін народ. Тут ён зноў узгадаў пра часы, калі нібыта «пасадзілі палову краіны на чамаданы з-за таго, што яны расейцы» і падкрэсьліў, што гэта менавіта ён павярнуў гэты працэс назад.

«Але я хачу, каб расейцы разумелі, што мы ня будзем хлопчыкамі на пабягушках.

Мы самастойная, сувэрэнная дзяржава, якая жыве з вамі ў адным доме, але мае сваю кватэру. Хай маленькую, невялікую, і сваю. Дарэчы, гэта словы і цяперашняга прэзыдэнта Расеі. Прэзыдэнт Расеі гатовы на гэтым будаваць нашы адносіны. Чаму некаторыя, у тым ліку праўладныя рупары, зацыкліваюцца на адным і да паклёпу пераходзяць на Беларусь? Трэба з гэтым заканчваць. Гэта да дабра не прыводзіць, тым больш гэта хлусьня», — сказаў ён.

Працягваючы тэму адносінаў з Расеяй, Лукашэнка закрануў і больш канкрэтныя пытаньні — напрыклад, пытаньне продажу расейцам Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ). Ён падкрэсьліў, што Беларусь не адмаўляецца прадаваць МЗКЦ, а проста хоча, каб былі ўлічаны і беларускія інтарэсы ў Расеі. У прыватнасьці, Лукашэнка расказаў, што Беларусь хацела б атрымаць у Расеі нафтавае радовішча.

«Напрыклад, мы 22 мільёны тон нафты купляем у вас, 25 мільёнаў кубоў газу. Добра. А вы нам наўзамен перадайце, прадайце радовішча, каб мы маглі 10 мільёнаў тон нафты здабываць у вас. Давайце дамовімся: вы нам дапамагаеце ў гэтым пляне, мы вам ідзем насустрач у гэтым. Чаму няма адказу? Здагадайцеся самі», — сказаў ён.

Лукашэнка дадаў, што адмаўляцца ад супрацоўніцтва з ЭЗ і ЗША не зьбіраецца, і «з задавальненьнем» адзначыў «сур’ёзны пералом у нашых адносінах з Захадам».

«У нас надышоў нейкі новы этап у адносінах з Захадам. Я б гэты этап назваў нейкай гаварыльняй...

Вось не загаварыць бы гэты працэс. І Захад гэта павінен разумець, і мы», — сказаў ён.

Лукашэнка таксама выказаўся наконт новай ваеннай дактрыны Беларусі: паводле ягоных слоў, яна скіраваная на ўжываньне вайсковай сілы як супраць зьнешняй агрэсіі, так і дзеля нэўтралізацыі ўнутранага збройнага канфлікту.

«Для процідзеяньня пагрозе гібрыдных войнаў і каляровых рэвалюцыяў створаныя сілы спэцыяльных апэрацыяў, распрацаваная сыстэма тэрытарыяльнай абароны — самыя дасканалыя сыстэмы ў сьвеце і ўзброеныя самай сучаснай зброяй. І калі мы гаворым пра нэўтралізацыю як зьнешняй ваеннай сілы, так і ўнутранага збройнага канфлікту, мы ж маем на ўвазе ня тое, што тут беларускі народ выйдзе супраць беларускай улады. Не. Унутраны канфлікт, асабліва ў Беларусі, магчымы толькі пры падтрымцы зьнешніх сіл. Таму мы арыентуем Узброеныя сілы на супрацьдзеяньне падобным «унутраным канфліктам», — заявіў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG