Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка забыўся, што выносілася на рэфэрэндум


Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Аглядальнік Радыё Свабода Сяргей Навумчык патлумачыў, што меў на ўвазе Аляксандар Лукашэнка, калі казаў пра адносіны з Расеяй.

Падчас штогадовага звароту Аляксандар Лукашэнка сказаў: «Быць ці ня быць з Расеяй — мы вырашылі гэтае пытаньне на рэфэрэндуме ў свой час».

Сяргей Навумчык: Лукашэнка не ўдакладніў, пра які рэфэрэндум гаворка, але відавочна, што маецца на ўвазе так званы рэфэрэндум 1995 году, калі пытаньне пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй было адным з чатырох, нароўні са зьменай дзяржаўнай сымболікі, ліквідацыяй статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і правам прэзыдэнта распускаць парлямэнт.

Нагадаю, ужо тады гаварылася, што рэфэрэндум быў прызначаны з парушэньнямі Канстытуцыі і заканадаўства, Вярхоўны Савет прагаласаваў за яго пасьля зьбіцьця дэпутатаў апазыцыі БНФ, і гэта дало падставы ставіць пад сумнеў легітымнасьць ягоных вынікаў.

Афіцыйна, на гэтае пытаньне — за эканамічную інтэграцыю з Расеяй — 83% адказалі «Так». Але тут ёсьць істотны прававы нюанс — нават калі разглядаць яго вынікі без уліку праблемы легітымнасьці. Пытаньне было сфармулявана наступным чынам: «Ці падтрымліваеце вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?».

Па-першае — гаворка ідзе пра эканамічную, а не палітычную інтэграцыю. Па-другое, пытаньне фактычна мае часавае абмежаваньне: падтрымка такіх дзеяньняў на травень 1995 году зусім не азначае карт-блянш на дзеяньні, якія могуць быць далей. У кожным разе, нават калі ня ставіць пад сумнеў легітымнасьць рэфэрэндуму 1995 году, пра які ўзгадаў сёньня Лукашэнка — на яго было вынесенае пытаньне толькі пра эканамічныя стасункі з Расеяй. А эканамічнае супрацоўніцтва, натуральна, зусім не азначае «быць разам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG